род кветкавых раслін сям. лебядовых. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Як харч. расліны вырошчваюць (у т. л. на Беларусі) Ш. агародны (S. oleraceae) і туркестанскі (S. turkestanica); часам дзічэюць і трапляюцца каля жылля.
Адна- і двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 70 см. Лісце чаргаванае, трохвугольна-коп’епадобнае, суцэльнакрайняе, на доўгіх чаранках. Мужчынскія кветкі сабраны ў мяцёлку, жаночыя размешчаны ў пазухах лісця. Плод — арэшак. Лісце Ш. мае бялкі (34%, саступае толькі мясу), вугляводы, вітаміны C, групы B, карацін, солі жалеза і фосфару. Спажываецца свежым і кансерваваным.