падклас бруханогіх малюскаў. 12 атр., па інш. сістэме 5. Каля 13 тыс. відаў. Пашыраны на розных глыбінях Сусветнага ак., некат. ў прэсных водах. Большасць жыве на марскім дне, на пясчаным або глеістым грунце. Найб. вядомыя З.: актэон (Actaeon tornatilis), марскі заяц (Aplysia depilans), куклянка-парасон (UmbreÚa mediterranea) і інш.
Цела выцягнутае, пляскатае. Нага часта відазмененая, яе бакі могуць разрастацца ў крылападобныя лопасці (параподыі) для плавання. Па баках спіны часта скурныя нарасці (другасныя шчэлепы). Мантыйны комплекс ссунуты назад на правым баку цела (адсюль назва). Гермафрадыты. У большасці развіццё праз планктонную лічынку (велігер). Драпежнікі і расліннаедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙСЕ́НЫ (Dreissena),
род двухстворкавых малюскаў. Каля 10 відаў. Пашыраны ў саланаватых і прэсных водах узбярэжжаў трапічнай часткі Атлантычнага ак., Еўропы, М. Азіі, у Чорным, Каспійскім і Аральскім морах. Жывуць калоніямі на падводных прадметах, збудаваннях, пясчаным грунце. Найб. вядомая Д. рачная (D. polymorpha). У Беларусі пашыраны на Пн, у рэках Прыпяць і Нёман.
Ракавіна (даўж. 0,8—5 см) клінападобная, зеленаватая або карычневая з папярочнымі цёмнымі палосамі. Маюць бісусавую залозу, сакрэт якой у вадзе становіцца цвёрдым у выглядзе нітак, якімі Д. прымацоўваюцца да субстрату. Раздзельнаполыя. Лічынка (велігер) свабодна плавае, хутка засяляе новыя вадаёмы. Кормяцца рэшткамі раслін і жывёл. Біяфільтратары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФО́З (ад грэч. metamorphōsis ператварэнне),
метабалія ў жывёл, глыбокае пераўтварэнне будовы арганізма, у выніку якога лічынка ператвараецца ў дарослую асобіну. Характэрны для большасці груп беспазваночных і некаторых пазваночных — міног, шэрагу рыб (напр., дваякадыхальных), земнаводных. Звычайна М. звязаны з рэзкай пераменай спосабу жыцця жывёлы ў антагенезе (напр., з пераходам ад свабоднаплаваючага да прымацаванага спосабу жыцця, ад воднага да наземнага, ад скрытага ў субстраце да адкрытага паветранага і інш.). У жыццёвым цыкле жывёл, якія развіваюцца з М., бывае адна і больш лічыначныя стадыі. Пры развіцці з М. жывёлы на розных стадыях антагенезу выконваюць розныя функцыі, якія спрыяюць захаванню і працвітанню віду. Часам М. ускладняецца чаргаваннем пакаленняў (фаз развіцця), якія размнажаюцца бясполым або палавым шляхам. Выпадкі М., калі лічыначная стадыя нагадвае велігер марскіх форм і адбываецца ў яйцы, наз.крыптаметабаліяй (напр., у вінаграднага смаўжа). Змены, звязаныя з павелічэннем колькасці сегментаў цела і членікаў вусікаў, наз.анамарфозам (напр., у мнаганожак і бязвусікавых насякомых). Развіццё без істотных змен, характэрнае для большасці прымітыўных насякомых, наз.протаметабалія (эпімарфоз). Развіццё крылаў у насякомых прывяло да змен у антагенезе. Няпоўнае ператварэнне, або геміметабалія, адбываецца, калі лад жыцця ранніх стадый і імага падобныя, а лічынка (німфа) падобная на дарослую асобіну, і змены арганізацыі суправаджаюцца ў асн. паступовым ростам зачаткаў крылаў (характэрна для аўсянікаў, багамолавых, паўцвердакрылых, прамакрылых, раўнакрылых, стракоз, тараканавых, тэрмітаў). Поўнае ператварэнне, або голаметабалія, настае, калі ў антагенезе адбываецца рэзкі падзел асн. функцый (напр., харчаванне ў стадыі лічынкі, а рассяленне і размнажэнне на дарослай стадыі); характэрна для двухкрылых, лускакрылых, перапончатакрылых, цвердакрылых і інш.атр. насякомых. У гэтым выпадку чэрвепадобная лічынка не падобна на дарослае насякомае, і пераход адбываецца на стадыі кукалкі. Сярод пазваночных М. рэзка праяўляецца ў міног, лічынкі якіх (пескарыйкі) жывуць у грунце, а дарослыя — паўпаразіты рыб; у земнаводных з яйца выходзіць лічынка — апалонік, які пазней страчвае лічынкавыя органы (шчэлепы, хвост і інш.) і замест іх з’яўляюцца органы дарослай жывёлы. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца гармонамі.