ВАСІЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 9.1.1952, Мінск),
бел. фалькларыст і этнограф. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1974). У 1974—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Бел. пед. ун-це імя М.Танка. Даследуе пытанні бел. фалькларыстыкі і этнаграфіі. Аўтар манаграфіі «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979), кн. «Збіральнікі» (1991, пра бел. фалькларыстаў), «Беларускі народны каляндар» (1993). Укладальнік тома «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986, яго ўступ і каментарыі), зб-каў «Хто з’еў прасвірку» (1979, з А.Фядосікам), «Дай Божа знаць, з кім век векаваць: Беларуская народная варажба» (1993), «Міфы Бацькаўшчыны» (1994), «Беларускі народны соннік» (1996) і інш. На бел. мову з польскай пераклаў аповесць Я.Корчака «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве» (1982).
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАНІ́ЦЬБА ЦЯРЭ́ШКІ»,
традыцыйнае гульнявое прадстаўленне «вяселля для ўсіх», прымеркаванае да Каляд. Паводле характару адпавядае карнавалізавана-гульнявым звычаям (з абрадавым травесці), уласцівым культуры многіх еўрап. народаў. Пашырана на Бел. Паазер’і. Адлюстроўвае настрой калядных святкаванняў як «крывых вечароў» (з амбівалентнасцю дзеянняў «шыварат-навыварат»). Уключае некалькі этапаў: выбар са старэйшых удзельнікаў «бацькі» і «маці», якія потым «дабіраюць» і «жэняць» пары, «прыпяваюць» іх адзін да аднаго («Ай, роўная парачка — ім гарэлкі чарачка») і «скручваюць» у танцы (часцей «Лявоніха»); пачарговае «пералоўліванне» «маладых», агульнае застолле з песнямі і танцамі. Скразным элементам, які цэментуе ўсю гульню, з’яўляюцца рытуальныя «цярэшкінскія песні» з адметнай тыповай рытмаформулай. Разнастайныя тэксты «Ж.Ц.» амбівалентна пераафарбоўваюць драматызм сапраўднага вяселля ў гумарыстычным (часам гратэскавым) плане («Дзед бабу — чабок на дно, а мне, дзед, і тут ладно»). Умоўнасць «несапраўднага» гульнявога вяселля адзначана і ў «цярэшкінскіх песнях» («Мне з табой не век векаваць — адну ночаньку пагуляць»).
Літ.:
Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993.
З.Я.Мажэйка.
т. 6, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)