ВЕЙЛЬ ((Weyl) Герман) (9.11.1885, г. Эльмсгорн, Германія — 8.12.1955),
нямецкі матэматык. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1908). Праф. Цюрыхскага політэхн. ін-та (1913—30), Гётынгенскага ун-та (1930—33). З 1933 у Прынстанскім ін-це перспектыўных даследаванняў (ЗША). Навук. працы па трыганаметрычных шэрагах і шэрагах па артаганальных функцыях, тэорыі функцый комплекснага пераменнага, дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях, па тэорыі неперарыўных груп і іх выкарыстанні ў геаметрыі і фізіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙЛЬ, Вайль (Weill) Курт (2.3.1900, г. Дэсаў, Германія — 3.4.1950), нямецкі кампазітар. Вучыўся ў Вышэйшай муз. школе ў Берліне (1918), у 1921—24 у Ф.Бузоні. У 1919—20 у т-рах Дэсаў і Людэншайда. З канца 1920-х г. супрацоўнічаў з Б.Брэхтам. З 1933 у Вялікабрытаніі, з 1935 у ЗША. Вядомасць яму прынесла «Трохграшовая опера» з вершамі Брэхта (1928). Пісаў музыку для «брадвейскіх т-раў», надаў сацыяльнае гучанне жанру мюзікла. Стварыў новы тып сатыр. драмы з музыкай, выкарыстаўшы падкрэслена банальныя формы сучаснай лёгкай музыкі, элементы джаза і інш. Аўтар 19 муз.-сцэн. твораў, у т. л. опер «Шчаслівы канец» (1929), «Узнясенне і падзенне горада Махагоні» (1930), «Згублены ў зорках» (1949), мюзіклаў («Вулічнае здарэнне», 1947, і інш.), балета са спевамі «Сем смяротных грахоў» (1933), кантаты «Новы Арфей» (1925), Берлінскага рэквіема (1928), 2 сімфоній (1921, 1933), музыкі да кінафільмаў і інш. Зрабіў уплыў на творчасць П.Хіндэміта, Дж.Гершвіна, Б.Брытэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вейль Г. 5/121, 386; 9/518
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Вейль К. 3/7, 444; 10/202
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Вайль К., гл.Вейль К.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТУІЦЫЯНІ́ЗМ,
кірунак у асновах матэматыкі і логікі, які лічыць інтуіцыюгал. і адзіным крытэрыем правамернасці метадаў і вынікаў гэтых навук. Узнік у пач. 20 ст. (Л.Браўэр, Г.Вейль, А.Гейтынг і інш.). Адмаўляе выкарыстанне ў матэматыцы і логіцы ідэі актуальнай бясконцасці і выключанага трэцяга прынцыпу. Паводле І., прадметам даследаванняў матэматыкі выступаюць разумовыя пабудовы матэм. аб’ектаў, што разглядаюцца па-за залежнасцю ад свету рэчаў. У адрозненне ад інтуітывізму не проціпастаўляе інтуіцыю логіцы, якую разглядае толькі як частку матэматыкі, а лагічныя тэарэмы — як матэм. тэарэмы найвышэйшай ступені агульнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЗЕР ((Moser) Лукас) (каля 1390, г.Вейль-дэр-Штат, Германія — пасля 1434),
нямецкі жывапісец. Працаваў у Швабіі. Аўтар алтара св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне каля г. Бадэн (жывапісныя кампазіцыі «Падарожжа па моры», «Сон святых, якія прыбылі ў Марсель», «Яўленне св. Магдаліны жонцы князя», «Апошняе прычашчэнне св. Магдаліны ў саборы Экса», «Св. Марта», «Св. Лазар», «Магдаліна выцірае ногі Хрысту ў час балю ў Сімона», «Хрыстос з дзевамі разумнымі і неразумнымі», усе 1432). Вял. дакладнасцю і назіральнасцю вызначаецца перадача тыпажу персанажаў, арх. і пейзажнага фону, светлавых эфектаў, што сведчыць пра блізкасць мастака да жывапісных прыёмаў ранняга нідэрл. Адраджэння.
Я.Ф.Шунейка.
Л.Мозер. Алтар св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне. 1432.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁТЭР ((Noether) Амалі Эмі) (23.3.1882, г. Эрланген, Германія — 14.4.1935),
нямецкі матэматык, адна з заснавальнікаў абстрактнай алгебры. Скончыла Эрлангенскі ун-т (1902), дзе першай з жанчын Германіі атрымала ступень д-ра навук (1907). У 1922—33 праф. Гётынгенскага ун-та, у 1928—29 выкладала ў Маскоўскім ун-це. З 1933 праф. жаночага каледжа ў г. Брын-Мор (ЗША). Навук. працы па алгебры (тэорыі ідэалаў, гіперкамплексных сістэм, дыферэнцыяльных інварыянтаў і інш.). Увяла паняцце групы з аператарамі, даказала тэарэму аб гомеамарфізмах і ізамарфізмах, развіла агульную тэорыю выключэння і тэорыю алгебраічных мнагастайнасцей. Сфармулявала адну з фундаментальных тэарэм тэарэт. фізікі (гл.Нётэр тэарэма).
Літ.:
Вейль Г. Математическое мышление: Сб.: Пер. с англ. и нем. М., 1989. С. 274—292.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРБАКІ́ (Нікала) (Bourbaki Nicolas),
псеўданім групы франц. матэматыкаў. У групу, створаную ў 1937, аб’ядналіся выпускнікі Вышэйшай нармальнай школы (А.Картан, А.Вейль, Ж.Дзьеданэ і інш.), аднак колькасць удзельнікаў і поўны склад групы не абвешчаны. Выступаюць у друку, на кангрэсах і з’ездах ад імя адной асобы. Бурбакі паставілі перад сабой мэту стварыць трактат «Элементы матэматыкі», які ахапіў бы гал. раздзелы сучаснай матэматыкі на аснове фармальнага аксіяматычнага метаду.
За 1939—77 Бурбакі ў Францыі выдадзена больш за 40 твораў, значная частка якіх перакладзена на інш. мовы. Выкладанне матэм. тэорыі мае абстрактны і фармалізаваны характар, даецца толькі іх лагічны каркас. Аснова выкладання — т.зв. структуры, вызначаныя паводле аксіём. Спосаб разважання — ад агульнага да асобнага. Самыя істотныя вынікі атрыманы ў тапалогіі, тапалагічнай алгебры, алг. геаметрыі, тэорыі функцый многіх камплексных пераменных, тэорыі алг. лікаў і функцыянальным аналізе.
Тв.:
Рус.пер. — Очерки по истории математики. М., 1963;
Начала математики. Ч. 1, кн. 1. Теория множеств. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел матэматыкі, які вывучае геаметрычныя аб’екты, звязаныя алг. ўраўненнямі, — алг. мнагастайнасці. Узнікла ў 17 ст. з увядзеннем у геаметрыю паняцця каардынат. У сярэдзіне 19 ст. алгебраічная геаметрыя выдзелілася з матэм. аналізу як тэорыя алг. крывых. У канцы 19 ст.італьян. вучоныя К.Сегрэ, Л.Крэмона і інш. стварылі тэорыю алг. паверхняў. У 1930-я г. матэматыкі галандскі Б.Л.Ван-дэр-Вардэн, ням. Г.Гасе і франц. А.Вейль стварылі асновы алгебраічнай геаметрыі над адвольным полем К. Падабенства тэорыі алг. крывых і тэорыі алг. лікаў стымулявала пошукі агульнай алг. асновы (амер. вучоны О.Зарыскі, франц. матэматыкі К.Шэвале і Ж.Сер). Асновай стала тэорыя схем (франц. матэматык А.Гратэндзік), дзе, напр., на геам. мове разглядаліся сістэмы алг. ураўненняў над адвольным камутатыўным кольцам, апісваліся ўласцівасці праектыўных мнагастайнасцяў. Алгебраічная геаметрыя звязана з тэорыяй функцый камплексных пераменных, лікаў тэорыяй, ураўненнямі матэматычнай фізікі і інш.
Літ.:
Шафаревич И.Р. Основы алгебраической геометрии. 2 изд. Т. 1—2. М., 1988;
Гриффитс Ф., Харрис Дж. Принципы алгебраической геометрии: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1982.