Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЗУ́ВІЙ (Vesuvio),
дзеючы вулкан на Пд Італіі, паблізу г. Неапаль. Выш. 1277 м. Утварае 3 конусы, якія нібы ўваходзяць адзін у адзін (сома). Асн. конус складзены з перапластаваных лаваў і вулканічных туфаў. Пры вывяржэнні выкідвае попел. Выхады газаў і пары. У час вывяржэння ў 79 загінулі гарады Пампеі, Геркуланум, Стабіі. Апошняе вывяржэнне 1957—59. На ніжніх ч. схілаў — сады, вінаграднікі, да выш. 800 м — хвойныя гаі. Вулканалагічная абсерваторыя. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАБЕ́ЛІЦКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «Везувій». Дзейнічала з 1879 у мяст. Новая Беліца (цяпер у межах г. Гомель). З 1906 мела паравыя рухавікі; у 1913 працавала 420 чал., выраблена больш за 800 скрынак запалак (па 1 тыс. карабкоў у скрынцы). У 1920 рэканструявана і расшырана, з 1944 — Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКО́СМІЯ, мантбрэцыя (Crocosmia),
род кветкавых раслін сям. касачовых. 7 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны садовы гібрыд К. звычайная (C. crocosmiiflora) у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Мае шмат сартоў (напр., Везувій, Ледзі Аксфорд).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 60—100 см. Сцябло прамое, разгалінаванае. Лісце мечападобнае, у густых пучках. Кветкі аранжава-чырванаватыя, дыяметрам 3—5 см у верхавінкавым мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЗУВІЯ́Н (ад месца знаходкі на г.Везувій),
ідакраз, мінерал класа астраўных сілікатаў, водны алюмасілікат кальцыю, магнію і жалеза, Ca10(MgFe)2Al4[SiO4]5 [Si2O7]2(OH,F)4.
Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя або дыпірамідальныя, шчыльныя і зярністыя масы. Колер зялёны або карычневы, радзей жоўты, блакітны ці чырвоны. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Шчыльн. каля 3,4 г/см³. Характэрны мінерал кантактна-метамарфічных парод і скарнаў. Празрыстыя разнавіднасці — вырабныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ФАНЕ́РНА-ЗАПА́ЛКАВЫ КАМБІНА́Т.
Засн. ў 1879 у Навабеліцы як запалкавая ф-ка «Везувій», у 1929 яе вытв-сць механізавана. У 1937 ф-ка аб’яднана з фанерным з-дам у Навабеліцкі фанерна-запалкавы камбінат. У 1941 эвакуіраваны ў г. Томск. У 1944 адноўлены ў Навабеліцы. З 1971 у складзе Гомельскага вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання «Гомельдрэў». Мае цэхі: запалкавы, фанерны, мэблевы, механічны, тавараў шырокага ўжытку. Асн. прадукцыя: фанера клееная, запалкі, мэбля (крэслы, табурэткі кухонныя), тавары нар. ўжытку. Прадукцыю пастаўляе ў 20 краін свету, у т. л. Канаду, Італію, Германію, Фінляндыю, Галандыю, Польшчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРЭ́ВІЧ (Васіль Сцяпанавіч) (н. 15.7.1939, в. Купленка Крупскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1964). Працаваў у газ. «Чырвоная змена». З 1979 на Бел. радыё. Друкуецца з 1956. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Вогненная камета» (1963), «Мерыдыяны і паралелі» (1966), «Ліставей» (1971), «Вечнае дрэва» (1974), «Радоўка» (1977), «Праталіна» (1983), «Відушчы посах» (1987), «Сумежжа» (1989) і інш., кніг нарысаў «Палын і медуніца» (1976), «Зямное сузор’е» (1980), «Старт у будучыню» (1982), вершаванай казкі «Лясныя вандраванні» (1967). Яго творы раскрываюць складаныя пошукі сучасніка, свет яго думак і пачуццяў, спалучаюць рэаліст. дакладнасць з рамант. узнёсласцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ ((Marquet) Альбер) (27.3.1875, г. Бардо, Францыя — 14.6.1947),
французскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1895—98) у Г.Маро. У ранні перыяд зазнаў уплыў мадэрну (афармленне Сусв. выстаўкі ў Парыжы, 1900). У 1905—07 прымыкаў да фавізму («Кірмаш у Гаўры», «Пляж у Сент-Адрэс», «14 ліпеня ў Гаўры», «Сяржант каланіяльных войск»). Пазней пісаў пейзажы, адметныя лаканізмам малюнка, спакойнай яснасцю кампазіцыі, зладжанай гамай лёгкіх валёрных тонаў з выразнымі колеравымі акцэнтамі: «Гамбургскі порт», «Везувій», «Марына (Неапаль)» (усе 1909), «Нотр-Дам зімой», «Дажджлівы дзень у Парыжы» (абодва 1910), «Мост Сен-Мішэль» (1912), «Бужы» (1925), «Порт Гаўр» (1934), «Парыж уначы» (1938), «Набярэжная Канці ў снезе» (1947) і інш. Ствараў таксама партрэты, літаграфіі, малюнкі, кніжныя ілюстрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПА́НІЯ (Campania),
вобласць на Пд Італіі. Пл. 13,6 тыс.км². Нас. каля 6 млн.чал. (1993). Уключае правінцыі: Авеліна, Беневента, Казерта, Неапаль, Салерна. Адм. ц. і гал. порт — г. Неапаль. Праз усю тэрыторыю цягнецца горная сістэма Апенінаў з вышэйшымі пунктамі 1800—2000 м. На ўзбярэжжы — вулкан Везувій, участкі раўнін. Бываюць землетрасенні. Клімат на ўзбярэжжы міжземнаморскі, у гарах больш халодны, са снежнымі зімамі. Сярэдняя т-ра паветра ў чэрв. каля 26 °C, у студз. каля 8 °C, ападкаў каля 650 мм за год, пераважна зімой. На схілах гор расліннасць тыпу маквіс, перадгорныя раўніны апрацаваныя. На раўнінах вырошчваюць раннюю агародніну, цытрусавыя і інш. фрукты, на астатняй тэрыторыі — пшаніцу і кукурузу, на схілах гор — вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Асн. галіны прам-сці: суднабуд., вытв-сцьчыг. абсталявання, электратэхн., радыёэлектронная, нафтаперапр., цэм., ваенная. Буйныя млыны, макаронныя і кансервавыя ф-кі. ЦЭС. Прам-сць сканцэнтравана на ўзбярэжжы Неапалітанскага зал. (Неапаль з прыгарадамі). Турызм. Прыморскія курорты. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНІ́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
паўвостраў на Пд Еўропы. Пл. 149 тыс.км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 1100 км, шыр. 130—300 км. На Пн абмежаваны Паданскай нізінай, на У абмываецца Адрыятычным, на Пд — Іанічным, на З — Тырэнскім і Лігурыйскім морамі. Берагі парэзаны слаба, больш расчлянёныя ў паўд.ч. (п-вы Калабрыя, Саленціна, Гаргана). Большая ч. Апенінскага паўвострава занята сярэдневышыннымі маладымі складкавымі гарамі Апенінамі. Уздоўж усх. і зах. ўзбярэжжаў невял. палосы хвалістых раўнін. На ПдЗ раён стараж. і сучаснага вулканізму і землетрасенняў (Везувій, Флегрэйскія палі і інш.). Паўд.ч. Апенінскага паўвострава займаюць Калабрыйскія горы. Карысныя выкапні: буры вугаль, ртуць, пірыты, баксіты, мармур, тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, з гарачым летам і дажджлівай зімой, у гарах — рысы ўмеранага і халоднага. Рэкі (асн. Тыбр, Арна) кароткія, летам моцна мялеюць. Для расліннасці гор характэрна вышынная пояснасць, лісцевыя лясы і міжземнаморскія вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); на нізінах — культ. ландшафты: палі пшаніцы, вінаграднікі, алейныя і фруктовыя плантацыі (апельсіны, лімоны, міндаль, масліны і інш.). Жывёльны свет: воўк, серна, казуля, куніца, ласка, вавёрка; шмат паўзуноў і птушак. На Апенінскім паўвостраве дзяржавы: большая ч. Італіі, Сан-Марына і Ватыкан.