ВІНДЫКА́ЦЫЯ (ад лац. vindicatio абарона, ахова),

у цывільным праве іск уласніка або асобы, якая валодае маёмасцю на законных падставах, аб выпатрабаванні яго з чужога незаконнага валодання. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, патрабуючы маёмасць па віндыкацыі, уласнік мае права таксама патрабаваць ад асобы, якая ведала або павінна была ведаць, што яе валоданне не заснавана на законе, вяртання або выплаты ўсіх даходаў, што гэтая асоба атрымала або павінна была атрымаць за ўвесь час валодання; ад уладальніка, які не ведаў і не павінен быў гэта ведаць, — усіх даходаў, атрыманых ім з таго часу, калі яму стала вядома пра неправамернасць яго валодання.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРОК (Косць) (Канстанцін Леанідавіч; 22.4.1919, г. Луганск, Украіна — 22.5.1996),

украінскі паэт. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1941). Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Насустрач сонцу» (1953), «Дняпроўскія мелодыі» (1956), «Мелодыі жыцця» (1972), «Пад ветразямі гадоў» (1978), «Сцвярджэнне» (1990) і інш. роздум пра чалавечы лёс у складаных умовах рэчаіснасці 20 ст. Пісаў творы для дзяцей (зб. «Хочаш ведаць пра Карпаты», 1954). Пераклаў на ўкр. мову паасобныя вершы Я.​Купалы, К.​Кірэенкі.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛІ́ЧНАЯ РАШО́ТКА рэгулярнае размяшчэнне часціц (атамаў, іонаў, малекул) у крышталях, якое характарызуецца перыядычнай паўтаральнасцю ў трох вымярэннях. Для апісання К.р. дастаткова ведаць размяшчэнне часціц у элементарнай ячэйцы, паўтарэннем якой шляхам паралельных пераносаў (трансляцый) утвараецца ўся структура крышталя.

У адпаведнасці з сіметрыяй крышталя элементарная ячэйка мае форму паралелепіпеда ці прызмы; памеры рэбраў наз. пастаяннымі або перыядамі К.р. ці (у вектарнай форме) вектарамі трансляцый. Матэм. схемай К.р. з’яўляецца прасторавая рашотка (Бравэ рашоткі). Існаваннем К.р. тлумачыцца анізатрапія ўласцівасцей крышталёў, плоская форма іх граней, пастаянства вуглоў і інш. законы крышталяграфіі. Памеры ячэек і размяшчэнне ў іх часціц вызначаюць пры дапамозе дыфрактаметрычных метадаў аналізу (рэнтгенаграфія, нейтронаграфія, электронаграфія). Структура рэальнага крышталя адрозніваецца ад ідэалізаванай схемы, якая апісваецца паняццем К.р.: у рэальных крышталях маюць месца ваганні крышталічнай рашоткі, дэфекты ў крышталях. Гл. таксама Сіметрыя крышталёў, Крышталяхімія.

Р.​М.​Шахлевіч.

Крышталічныя рашоткі: 1 — кухоннай солі NaCl; 2 — сфалерыту ZnS; 3 — алмазу C; 4 — графіту C.

т. 8, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВО́Е ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма медыцынскіх і педагагічных мер, накіраваных на выхаванне ў дзяцей, падлеткаў і моладзі разумных, здаровых адносін да пытанняў полу. Накіравана на фарміраванне цэласнай асобы хлопчыка (мужчыны) і дзяўчынкі (жанчыны), здольных разумець псіхал. і фізіял. асаблівасці палоў у сувязі з сац. і маральнымі нормамі, устанаўліваць, падтрымліваць і ўдасканальваць партнёрскія і сац. адносіны, падрыхтоўвацца да шлюбу і бацькоўства. П.в. пажадана пачынаць на раннім дзіцячым узросце. Да 7 гадоў дзеці павінны ведаць пра асн. адрозненні полаў, ролю маці і бацькі ў паходжанні дзяцей, развіцці дзіцяці ў арганізме маці, пра яго паяўленне на свет, харчаванне пасля нараджэння. Далей складваюцца спрыяльныя ўмовы для асэнсавання адносін паміж поламі і выпрацоўцы ўстановак супрацоўніцтва хлопчыкаў і дзяўчынак як раўнапраўных, але не аднолькавых партнёраў. Дысгармонія ў жыцці падлеткаў найб. выяўляецца паміж працэсам палавой спеласці, праяўленнем палавой цягі і ўзроўнем спеласці. Таму важна, каб правільнае ўяўленне пра палавое развіццё і гігіенічныя навыкі яны атрымлівалі ад бацькоў. Пэўную ролю ў гэтым адыгрываюць умовы жыцця ў сям’і, школе, на вуліцы, пазашкольная выхаваўчая работа. П.в. падлеткаў старэйшага школьнага ўзросту і юнакоў уключае раскрыццё маральных, сац. і гігіенічных аспектаў узаемаадносін полаў, азнаямленне з асновамі гігіены і фізіялогіі палавога жыцця, гігіены шлюбу.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНА́МІКА (ад грэч. dynamikos моцны),

раздзел механікі, які вывучае рух матэрыяльных цел пад дзеяннем прыкладзеных да іх сіл. Грунтуецца на 3 асн. законах (гл. Ньютана законы механікі). У Д. рашаюцца задачы 2 тыпаў: вызначэнне сіл, што дзейнічаюць на цела (ці мех. сістэму) па вядомым законе руху, і вызначэнне закону руху па вядомых сілах (асн. тып задач). У выніку вывучэння руху асобных аб’ектаў метадамі Д. ўзнік шэраг спец. дысцыплін — балітыка, нябесная механіка, дынаміка збудаванняў, дынаміка механізмаў і машын і інш.

Задачы Д. рашаюцца з дапамогай дыферэнцыяльных ураўненняў руху, якія паказваюць залежнасць паміж сіламі, што дзейнічаюць на сістэму, масай сістэмы і параметрамі, што вызначаюць яе становішча ў прасторы. Для руху матэрыяльнага пункта і вярчальнага руху цвёрдага цела гэта ўраўненні тыпу 2-га закону Ньютана. Для дэфармаваных цел, вадкасцей і газаў ураўненні руху — дыферэнцыяльныя ўраўненні ў частковых вытворных. Да іх далучаюцца ўраўненні, якія характарызуюць некат. ўласцівасці асяроддзя (напр., залежнасць шчыльнасці ад ціску ці мех. напружанняў, дэфармацыі і інш.). Каб знайсці закон руху мех. сістэмы, трэба ведаць сілы і т. зв. пачатковыя ўмовы, г. зн. каардынаты і скорасці пунктаў сістэмы ў пачатковы момант часу. Для дэфармаваных цел, вадкасцей і газаў трэба дадаць і гранічныя ўмовы (гл. Краявая задача). Дыферэнцыяльныя ўраўненні руху мех. сістэмы можна атрымаць і з варыяцыйных прынцыпаў механікі.

А.​І.​Болсун.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),

мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.

Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл. Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл. Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.​Чорны) і інш. (гл. Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).

Літ.:

Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;

Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;

Старычонак В.​Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.

А.​І.​Наркевіч.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ВА,

сродак абмену (перадачы і прыёму) інфармацыяй у працэсе зносін паміж людзьмі; сістэма знакаў, якія з’яўляюцца намінацыямі (абазначэннямі) элементаў інфармацыі, што замацоўваюць вынікі пазнання. Змест інфармацыі, што заключаны ў моўным знаку, — яго значэнне, план зместу; знешняя форма моўнага знака — яго план выражэння (гл. Семіётыка). У М. захоўваюцца, назапашваюцца, сістэматызуюцца здабытыя калектывам яе носьбітаў веды. М. ўзнікае і існуе ў грамадстве для забеспячэння патрэб сувязі паміж яго членамі. Грамадства не існуе без М., а М. непатрэбна без грамадства; М. з’яўляецца адной з форм грамадскай свядомасці і яе найб. універсальнай абалонкай. Чалавек ад нараджэння валодае моўнай кампетэнцыяй (дарам маўлення), здольнасцю авалодаць і карыстацца М. у працэсе маўлення, якое суадносіцца з мысленнем. Валодаць М. — гэта значыць ведаць план зместу і план выражэння знакаў, якія з’яўляюцца моўнымі адзінкамі, а таксама адвольна ўстаноўленую і замацаваную ў М. сувязь паміж планам зместу і планам выражэння, правілы спалучэння знакаў і іх выкарыстання. Носьбіт М., што перадае інфармацыю (адрасант), кадзіруе яе сэнс у форме моўных знакаў, а носьбіт М., які прымае інфармацыю (адрасат), дэкадзіруе план выражэння моўных знакаў, узнаўляючы перададзены яму змест. Паміж удзельнікамі моўных зносін пры перадачы інфармацыі мусіць падтрымлівацца непасрэдны ці апасродкаваны тэхн. сродкамі (напр., тэлефонам, радыё) кантакт, які дазваляе перадачу паведамлення. Адрасант і адрасат павінны мець пэўны агульны код — ведаць адну і тую М. Першасным планам выражэння моўных знакаў з’яўляюцца дыскрэтныя членараздзельныя гукі. Гукі, што адрозніваюць значэнне аднаго моўнага знака ад значэння іншага, наз. фанемамі. З адной або некалькіх фанем будуецца найменшая адзінка М., якая валодае ўласным значэннем, марфема. Адна або некалькі марфем утвараюць слова, што можа адносна самастойна ўжывацца ў маўленні. Словы складваюцца па пэўных правілах у выказванні, з якіх утвараюцца паведамленні. Структура (мадэль) выказвання разглядаецца як сказ; маўленчая форма паведамлення — тэкст. Першасная гукавая форма М. можа быць пераўтворана ў некаторыя іншыя. Найб. пашыраная і універсальная форма такога пераўтварэння з пэўнага часу развіцця грамадства — пісьмовая М. (гл. Пісьмо). Інш. аптычныя формы М. (напр., жэставая сістэма знакаў глуханямых, флажковая азбука маракоў і г.д.) пашыраныя абмежавана. Для сляпых распрацавана Брайля пісьмо, заснаванае на дотыку. Зрэдку выкарыстоўваюцца акустычныя сістэмы — заменнікі М. (напр., М. свісту, якая ўжывалася на Канарскіх а-вах). Асн. функцыі М.: камунікатыўная (абмен інфармацыяй), кагнітыўная (пазнанне), рэгулятыўная (уздзеянне адрасанта на інш. людзей), намінатыўная (абазначэнне), эматыўная (выражэнне эмоцый), фатычная (устанаўленне і падтрыманне кантактаў паміж людзьмі), паэтычная (выражэнне ў маўленні эстэт. каштоўнасцей), метамоўная (тлумачэнне незразумелых слоў і выказванняў), магічная (зварот адрасанта да вышэйшых сіл, напр., у малітвах ці праклёнах). Яна стыхійна ўзнікае разам з грамадствам, адпавядаючы яго патрэбам, а ў працэсе свайго функцыянавання дастасоўваецца да гэтых зменлівых патрэб. Пры гэтым адбываюцца адпаведныя змены ў М.: з’яўляюцца новыя словы, удасканальваюцца правілы іх спалучэння і ўтварэння выказванняў, тэкстаў, пераўтвараецца сістэма гукаў. Стан М. і яе функцыянаванне на кожным дадзеным этапе разглядаюцца як сінхранія, а дынаміка яе, працэс моўных змен, якія апісваюцца ў гісторыі М., бясконцая колькасць сінхраній складае дыяхранію. Паколькі сувязь паміж планам зместу і планам выражэння адвольная, у розных групах носьбітаў М. ўзнікаюць варыянты знакаў, што вядзе да ўзнікнення адрозненняў у М., да фарміравання розных дыялектаў і М. У сучасным свеце функцыянуе ад 3 да 5 тыс. натуральных М. (гл. Мовы свету), якія стыхійна ўзніклі. Значны ўплыў на стварэнне і замацаванне пісьмовых, літ. М. могуць зрабіць асобы (напр., у стварэнні стараславянскай мовы выдатную ролю адыгралі Кірыла і Мяфодзій). Некаторыя М., распрацаваныя пэўнымі асобамі і пашыраныя дзякуючы іх намаганням, лічацца штучнымі мовамі. Найвышэйшай ступенню штучнасці валодаюць алгарытмічныя мовы праграмавання, створаныя для зносін паміж людзьмі і электроннымі выліч. ўстройствамі. Некаторыя натуральныя М. маюць агульнае паходжанне, яны паўсталі ў выніку разгалінавання групы дыялектаў прамовы. Такія роднасныя мовы ўтвараюць сем’і: індаеўрап., семіцкую, сіна-тыбецкую і інш. Паводле грамат. адрозненняў М. будуецца тыпалагічная класіфікацыя моў. Значныя адрозненні паміж М. звязаны з іх пашыранасцю: ад гаворкі адной невял. вёскі да нацыянальнай мовы, ад беспісьмовай гаворкі да літаратурнай мовы; вылучаюцца М. сусв. распаўсюджання (напр., англ., ісп., франц., рус., кіт., нямецкая). Некаторыя М., якія былі пашыранымі ў старажытнасці, зніклі або значна абмежавалі свае функцыі, сталі мёртвымі мовамі. Моўная кампетэнцыя дазваляе чалавеку валодаць некалькімі М., што вядзе да асабістага ці пашыранага ў грамадстве двухмоўя. Нягледзячы на значныя адрозненні паміж натуральнымі М., яны заўсёды дапускаюць магчымасць перакладу з адной М. на іншую; адэкватнасць перакладу залежыць ад функцыянальнага развіцця М., з якой і на якую ажыццяўляецца пераклад і ад ступені ведання М. перакладчыкам. М. як сродак зносін, пазнання і назапашвання інфармацыі, а таксама канкрэтныя М. вывучае мовазнаўства.

М. — найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі; спецыфічная функцыя чалавека, непарыўна звязаная з мысленнем; сацыяльны сродак захавання і перадачы інфармацыі.

М. характарызуе разумовыя здольнасці чалавека. Вымаўленне слоў забяспечвае ўзгодненую дзейнасць мышцаў языка, губ, мяккага паднябення, глоткі, гартані, дыхальнай мускулатуры (складаюць у сукупнасці моўнарухальны апарат, якім кіруе кара галаўнога мозга). Органы, якія ажыццяўляюць функцыю М., забяспечваюць вымаўленне членараздзельных гукаў — артыкуляцыю. У працэсе ўспрымання М. ўдзельнічаюць слыхавы аналізатар і нерв. сістэма. Расстройствы М. найчасцей узнікаюць у дзіцячым узросце ў выніку тугавухасці і поўнай страты слыху (гл. Глухата, Глуханемата), дэфектаў і пашкоджанняў моўнага апарату, інфекцый і інш. Асн. віды расстройстваў М.: афазія, заіканне, коснаязыкасць, немата і інш.

Літ.:

Маслов Ю.С. Введение в языкознание. 2 изд. М., 1987;

Рагаўцоў В.І., Юрэвіч А.Л. Уводзіны ў мовазнаўства. Мн., 1987;

Михневич А.Е. Язык, которого нет... Мн., 1988;

Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Мечковская Н.Б., Норман Б.Ю., Плотников Б.А., Супрун А.Е. Общее языкознание. [Ч. 1—2], 2 изд. Мн., 1993—95;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 5 изд. М., 1996.

А.​Я.​Супрун.

т. 10, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЦАРСТВА (ад рыцар),

прывілеяваны сац. слой у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы ў сярэднія вякі; у шырокім сэнсе ўсе свецкія феадалы, у вузкім — толькі дробныя. Пачало складвацца ў 8 ст. ў працэсе фарміравання феадальна-іерархічных адносін. Унутры Р. адносіны будаваліся на аснове васалітэту. Рыцары атрымлівалі ад свайго сеньёра маёнтак — феод (лен) і былі абавязаны несці ваен. службу з поўным рыцарскім узбраеннем і рыштункам (баявы конь, меч, панцыр, шлем, шчыт і інш.). Ваен. справа была гал. сац. функцыяй Р., яна давала яму правы і прывілеі. Р. было вызвалена ад большасці падаткаў, падсудна толькі роўным па сац. статусе судам, карысталася перавагай на заняцце дзярж. і ваен. пасад. Доступ у рады Р. быў абмежаваны. Падрыхтоўцы будучага воіна служыла сістэма рыцарскага выхавання і навучання. Узведзены ў Р. даваў клятву вернасці і абавязваўся абараняць гонар і годнасць сюзерэна, яго зямлю ад дамаганняў інш. феадалаў, удзельнічаць у міжусобных і міждзяржаўных войнах. Традыцыя патрабавала ад рыцара быць смелым і адважным у баі, высакародным у адносінах да жанчыны, дасведчаным у пытаннях рэлігіі, ведаць правілы прыдворнага этыкету і інш. Важнай формай распаўсюджання сац.-этычных ідэалаў Р. былі турніры, у час якіх праводзіліся спаборніцтвы ў ваен. майстэрстве. Як служылае ваен.-феад. саслоўе найб. росквіту дасягнула ў 11—13 ст. у час крыжовых паходаў, калі яго ўзбраенне і тактыка бою адпавядалі тагачасным маштабам ваен. аперацый і тэхн. ўзроўню. У шэрагу краін Р. мела свае карпаратыўныя арг-цыі — ордэны. Найстарэйшы з іх — Ордэн св. Марыі ў каралеўстве Навара і Ордэн льва ў Францыі (вядомы з 11 ст.). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р. як асн. ўдарная сіла ў баі заняпала, але захавалася як саслоўе. Частка Р. ў 16—17 ст. увайшла ў склад дваранства, другая, збяднелая, ператварылася ў ваен. наёмнікаў. Як адно з ганаровых рыцарскае званне захавалася ў сучаснай Вялікабрытаніі. У ВКЛ рыцарамі наз. коннікаў-феадалаў. У Прывілеі 1387 вял. кн. Ягайлы гаворыцца аб «рыцарах або баярах». У Прывілеі 1447 вял. кн. Казіміра пералічваюцца розныя катэгорыі феадалаў і сярод іх Р. (княжаты, рыцары, шляхціцы, баяры). Пачынаючы са Статута ВКЛ 1529 у тэкстах прававых актаў наз. «высакародныя рыцары». У Віленскім прывілеі 1563 Жыгімонта II Аўгуста гаворыцца пра «стан рыцарскі шляхецкі». Гэтыя прыклады сведчаць, што тэрмін Р. быў ідэнтычны тэрміну шляхта. У Японіі блізкія па становішчы да рыцараў былі самураі, у Асманскай імперыі — сіпахі.

Літ.:

Ястребицкая А.Л. Запаяная Европа XI—XIII в. М., 1978;

Кардини Ф. Историки средневекового рыцарства: Пер. с итал. М., 1987;

Оссовская М. Рыцарь и буржуа: Исслед. по истории морали: Пер. с пол. М., 1987;

Иванов К.А. Многоликое средневековье. М., 1996;

Руа Ж.Ж. История рыцарства: [Пер.] М., 1996;

Кин М. Рыцарство: Пер. с англ. М., 2000.

Да арт. Рыцарства. Нямецкі дваранін Генрых Ангальцкі (1170—1252) з іншымі знатнымі людзьмі на турніры. Мініяцюра 13 ст.

т. 13, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУЖЫ́ЦКАЯ ПРА́ЎДА»

(«Mużyckaia praūda»),

нелегальная рэв.-дэмакр., першая беларускамоўная газета (друкавалася лацінкаю). Выдавалася ў 1862—63 на Гродзеншчыне (апошні нумар, відаць, надрукаваны ў Вільні) К.Каліноўскім з Ф.Ражанскім, С.Сангіным (Сонгіным), В.Урублеўскім. Мела невял. фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Выйшла 7 нумароў: № 1—6 (ліп.—снеж. 1862), № 7 (чэрв. 1863); кожны нумар падпісваўся псеўданімам «Яська—гаспадар з-пад Вільні». Захаваліся асобныя нумары-перадрукі (№ 5 і 7), пра што сведчаць пэўныя адрозненні ў тэксце і шрыфце. Распаўсюджвалася па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў паўн.-зах. рэгіёнах Расіі. Вызначалася вострай сац. прапагандысцка-агітацыйнай накіраванасцю. Артыкулы пабудаваны ў форме гутаркі, сваім зместам нагадвалі творы тагачаснай рус. л-ры рэв.-дэмакр. кірунку. Разглядала пераважна пытанні зямлі і волі, паліт. і сац.-эканам. няроўнасці, нац. самастойнасці. Праводзіла ідэю ўсеагульнай узбр. барацьбы за лепшае жыццё, вызначала яе шляхі, сцвярджала, што «...мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымся разам!» (№ 1). Паслядоўна выступала з крытыкай антынар. царскага маніфеста 1861, адзначала, што «ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці» (№ 1). Выкрываючы грабежніцкі характар сял. рэформы 1861, адзначала, што народу патрэбны не маніфест, а рэальная воля, і не тая, «якую цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо» (№ 3). Адстойвала права бел. народа самастойна вырашаць свой лёс, атрымліваць адукацыю, выдаваць падручнікі на роднай мове. Закранала пытанні існавання розных канфесій, больш прыхільна ставілася да уніяцтва, з асуджэннем — да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад (№ 6). Выказвала негатыўныя адносіны да тагачаснай сістэмы рэкруцкіх павіннасцей тэрмінам у 25 гадоў. Асобныя пытанні (паходжанне прыгоннага права, існаванне канфесій) трактаваліся ў газеце спрошчана, аднабакова. Мова «М.п.» глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фалькл. сімволікай, маст. тропамі (эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі), узбагачаная новымі лексемамі і паняццямі; у ёй вытокі публіцыстычнага жанру, што пачынаў развівацца ў новай бел. л-ры.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага. Мн., 1996;

Каліноўскі К.: За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.

Літ.:

Лушчыцкі І.Н. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст. Мн., 1958;

Смирнов А.Ф. «Мужицкая правда» // Восстание 1863 г. и русско-польские революционные связи 60-х гг. М., 1960;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Баршчэўскі А. Агляд публіцыстычна-літаратурнай спадчыны Кастуся Каліноўскага // Навукова-літаратурны зборнік і беларускі каляндар 1961. Беласток, 1960;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Маляўка М.А. Аб ідэйна-тэматычным і структурным адзінстве «Мужыцкай праўды» // Беларуская літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Стр. биогр. Мн., 1988;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. Мн., 1989;

Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі. Вільня, 1933.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,

тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.

Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл. Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.

К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл. Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл. Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл. Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл. Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл. Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння ( L^ M^ Ψ ≠ M^ L^ Ψ ) , то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл. Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.

Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл. Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл. Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл. Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл. Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.

На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.​І.​Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ. Вып. 8—9. М., 1966—67;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989;

Борисоглебский Л.А. Квантовая механика. 2 изд. Мн., 1988.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)