ВА́ТЫ (ням. Watten ад галанд. wadden прыбярэжныя водмелі),
асушкі, шырокая паласа нізіннага берага мора, якая штодзённа затапляецца пры прылівах і асушаецца пры адлівах. Утвараюцца з наносаў дробнага пяску і глею. Маюць разгалінаваную зменлівую сетку жалабоў сцёку марскіх і рачных вод. Пашыраны на паўд. узбярэжжы Паўн.м., а таксама на берагах Белага, Баранцава, Ахоцкага мораў, Мексіканскага зал. і інш. Месцамі адгароджаны дамбамі ад мора і выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЦІ́Н,
палатно (таўшчынёй 3—12 мм) з аднабаковым ці двухбаковым начосам. Вырабляюць баваўняны, шарсцяны, паўшарсцяны. Выкарыстоўваюць для ўцяплення вопраткі (заменнік ваты). У Беларусі вацін выпускае Віцебскі дывановы камбінат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МЕЦ,
тоўсты, шчыльны тэкст. матэрыял, які атрымліваюць валяннем шарсцяных валокнаў. Акрамя шарсцянога і паўшарсцянога вырабляюць Л. мінеральны (з мінер.ваты на бітумным сувязным) і Л. з хім. валокнаў. Выкарыстоўваюць пераважна як пракладачны, цепла- і гукаізаляцыйны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЧАСКАЯ ГУ́БКА (Spongia officinalis),
беспазваночная жывёла атр. крэменерагавых губак. Пашырана на невял. глыбінях у цёплых морах.
Шкілет складаецца з густой сеткі рагавых валокнаў бялковага рэчыва спангіну, эластычны, гіграскапічны, порысты. Належаць да групы туалетных губак, аб’ект промыслу; выкарыстоўваецца ў хірургіі (замест ваты), як туалетная рэч, у прам-сці. Промысел найб. развіты ў Міжземным м. Разводзяць штучна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПРЭ́С (франц. compresse ад лац. compressus сціснуты),
спецыяльная лячэбная мнагаслойная павязка. Бывае К. сухі (ватна-марлевы), накладаецца на балючую ці пашкоджаную ч. цела (рана, апёк) для аховы ад вонкавых раздражненняў ці адсмоктвання вадкасці з раны; вільготна-халодны (прымочка), гарачы (прыпарка), сагравальны (вільготная матэрыя, пакрытая воданепранікальнай паперай ці цыратай і слоем ваты), ужываецца пры запаленчых працэсах. У лек. К. да вады дабаўляюць лекі (мазь, пасту, навакаін і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
эластычныя ці порыстыя пракладачныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца для гашэння шумаў і вібрацый (гукаізаляцыі); разнавіднасць акустычных матэрыялаў. Класіфікуюцца аналагічна гукапаглынальным матэрыялам. Да гукаізаляцыйных матэрыялаў адносяць драўняна-валакністыя пліты, маты, пліты на аснове шкляной і мінер.ваты, валокнаў азбесту, эластычных парапластаў, пракладкі з гумы, а таксама прыродныя і штучныя сыпкія матэрыялы (пясок, шлак і інш.). Выкарыстоўваюцца ў міжпаверхавых перакрыццях, унутр. сценах (паміж панэлямі), фундаментах машын, гукаізаляцыйных кажухах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАПАГЛЫНА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы (вырабы, канструкцыі), якія паглынаюць гукавыя хвалі і тым самым зніжаюць узровень шумаў; разнавіднасць акустычных матэрыялаў. Уласцівасці гукапаглынальных матэрыялаў характарызуюцца рэверберацыйным каэф. гукапаглынання — адносінамі паглынутай гукавой энергіі да ўсёй энергіі гукавой хвалі, што падае на матэрыял. Бываюць штучныя (блокі, пліты), рулонныя (маты, паласавыя пракладкі, палотны), рыхлыя і сыпкія (мінер. і шкляная вата, керамзіт); порыста-валакністыя, -ячэістыя і -трубчастыя (з мінер. і шклаваты, ячэістага бетону, керамзіту і перліту, пенапластаў, гумы); мяккія (маты і рулоны на аснове шкловалакна і мінер.ваты), паўшорсткія (драўнянавалакністыя пліты, мінерала- і шклаватныя пліты, пліты з базальтавага валакна, парапласты) і шорсткія (пліты з грануляванай або суспензіраванай мінер.ваты, з газабетону, гіпсавыя, а таксама пліты і тынкавальныя растворы на аснове пемзы, успучаных вермікуліту і перліту). Гукапаглынальныя матэрыялы выкарыстоўваюць для гукаізаляцыі памяшканняў, ва ўстаноўках вентыляцыі і кандыцыяніравання паветра, гукавымяральных камерах і інш. З гукапаглынальных канструкцый найб. пашыраны спец. абліцоўкі ўнутр. паверхняў (сцен, шахтаў, кажухоў і інш.), канструкцыі ў выглядзе шчытоў, конусаў, прызмаў для зніжэння шумаў ад тэхнал. абсталявання, элементы актыўных глушыцеляў шуму (устанаўліваюцца пераважна ў паветраводах аэрадынамічных установак). Гл. таксама Гукаізаляцыйныя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПСАВАЯ ПАВЯ́ЗКА.
Выкарыстоўваецца пры лячэнні пашкоджанняў і хвароб апорна-рухальнага апарату. Для накладвання гіпсавай павязкі выкарыстоўваюць гіпсавыя бінты (марлевыя бінты з насыпаным гіпсавым парашком), якія апускаюць у ваду, адціскаюць і накладваюць непасрэдна на цела хворага (беспадкладачная) ці на падкладку з марлі і ваты (падкладачная). Накладваюць раўнамерна 6—12 слаёў, у месцах пералому — таўсцей. Віды гіпсавай павязкі: цыркулярная, мостападобная, аконная, этапная, шынная, лангетная, камбінаваная (з закруткай, шарнірная), карсеты, у выглядзе ложачка і інш. Пры парушэннях кровазвароту на канечнасцях (занадта сціснуты крывяносныя сасуды) гіпсавую павязку разразаюць ці выразаюць на іх адтуліну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́СІВА, красала,
металічная прылада для высякання агню з крэменю. Бытавала з эпохі жал. веку. Найб. старажытнае К. на тэр. Беларусі датуецца 2—5 ст. Паводле формы вылучаюць абаранкападобнае, 2-лязовае авальнае, 2-лязовае прамавугольнае, санкападобнае, у выглядзе прамавугольнай пласцінкі з адагнутымі ўгару канцамі і інш. Высечаная з крэменю іскра падпальвала цэру (маса з вываранага і высушанага дрэвавага грыба накшталт ваты). Крэмень, К. і цэру насілі звычайна ў магалайцы — скураным мяшэчку каля пояса з левага боку. Са з’яўленнем у 19 ст. запалак бытаванне К. заняпала спачатку ў горадзе, а потым і ў вёсцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЯНА́Я ТЛЯ (Eriosoma lanigerum),
насякомае падатр. (сям.) тлей. Пашырана ў Амерыцы, Паўд. Афрыцы, на а-вах Н. Зеландыя і Тасманія. Завезена ў Еўропу. Трапляецца ў Закаўказзі, Крыме, Малдавіі. Шкоднік яблыні.
Даўж. да 3 мм. Цела бурае, укрыта белым пушком з васковых нітак. Лапкі двухчленістыя, з кіпцюркамі. Калі тлю расціснуць, застаецца чырв. пляма (адсюль назва). Корміцца сокамі дрэва, у месцах смактання на ствалах і каранях утвараюцца жаўлакі, нарасты, шчыліны. Калоніі К.т. (накшталт снежных камякоў ці камякоў ваты) на парастках, ствалах і каранях дрэва; небяспечная для сеянцаў. Размнажаецца ў Еўропе без апладнення (партэнагенез), за лета дае да 19 пакаленняў. Зімуе на ствалах і каранях яблыні.