сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. 1 сучасны род, 24 віды. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераным паясах Усх. паўшар’я (акрамя Мадагаскара). Жывуць у парослых кустамі мясцінах, многія — каля прэснаводных вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. Найб. вядомы варан шэры (Varanus griseus), пашыраны ў Паўн. Афрыцы, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі.
Даўж. выкапнёвых продкаў з плейстацэну да 10 м, сучасных — ад 0,8 да 3,7 м (варан камодскі — Varanus komodoensis — самая вял. яшчарка свету масай да 150 кг). Цела падоўжанае, ногі добра развітыя, хвост у многіх відаў прыплясканы з бакоў. Галава ўкрыта дробнымі рагавымі шчыткамі. Язык доўгі, глыбока рассечаны на канцы. Драпежнікі, кормяцца яшчаркамі, змеямі, дробнымі млекакормячымі, воднымі жывёламі. Мяса варана ядомае, скура ідзе на выраб абутку. Варан камодскі ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́Л-ПАЙГАМБА́Р,
запаведнік ва Узбекістане. Размешчаны на аднайм. пясчаным востраве (даўж. каля 8 км, шыр. каля 5 км) у рэчышчы Амудар’і каля г. Тэрмез у Сурхандар’інскай вобл.Пл. больш за 3 тыс.га, у т. л. 964 га пад лесам, 6 га — вадаёмы. Засн. ў 1960 з мэтай аховы і вывучэння прыродных комплексаў тугайных лясоў (туранга, лох, тамарыск) і чарацяных зараснікаў, а таксама для аднаўлення папуляцыі бухарскага аленя. Пашыраны індыйскі пласціністазубы пацук, заяц-пясчанік, дзік, шакал, у паўд. пустыннай частцы в-ва — сярэднеазіяцкая чарапаха, шэры варан, туранская гюрза, стэпавая агама, з птушак — чаплі, крыжанка, шэрая гусь, змеяед, чорны грыф, валасянкі, звычайны ляляк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНА́СІ, Бенарэс,
горад на Пн Індыі, на р. Ганг, паміж яго прытокамі Варан і Асі (адсюль назва), у штаце Утар-Прадэш. Узнік каля 7 ст. да н.э. 932,4 тыс.ж. (1991). Важны трансп. вузел (чыгункі, аўтадарогі, водныя шляхі). Баваўняная, шаўкаткацкая, шкляная, харч., хім.прам-сць. 3-д цеплавозаў. Саматужная вытв-сцьмаст. вырабаў (парча, дываны, ювелірныя вырабы і інш.). Цэнтр кнігадрукавання на мове хіндзі. 2 ун-ты. Найбуйнейшая б-ка кніг на мове хіндзі. Гіст., культ. і рэліг. цэнтр краіны. Месца паломніцтва (каля 1 млн.чал. штогод) індусаў і будыстаў. Шматлікія палацы і індуісцкія храмы (пераважна 16—18 ст.). «Залаты храм Шывы» (каля 1750), комплекс палацаў 16—19 ст., іншыя арх. помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДХЫ́ЗСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Марыйскай вобласці Туркменістана, у міжрэччы Тэджэна і Мургаба. Большая ч. на схіле ўзвышша Бадхыз — узгоркавым плато, якое з Пд абмежавана лагчынай Ерайландуз (20 км) з астанцавымі «сопкамі», саланчакамі, салёнымі азёрамі і інш.Засн. ў 1941 для аховы і вывучэння прыродных комплексаў пустыні Каракум і аднаўлення колькасці кулана. Пл. 88 тыс.га.
Расліннасць субтрапічная паўсаванная, разам з фісташнікамі стварае своеасаблівы ландшафт (з больш як 500 відаў вышэйшых раслін 10% эндэмікаў: цюльпан кушкінскі, кузінія бадхызская і інш.). Эфемеры і эфемероіды. У фауне 37 відаў паўзуноў, каля 250 птушак і 40 млекакормячых, у т. л. кулан звычайны, джэйран, ліс, карсак, варан і інш. Выяўлены раней невядомы навуцы від гекона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКУ́МЫ Туркменскія, пясчаная пустыня на Пд Сярэдняй Азіі, у Туркменістане. На Пн і ПнУ абмежавана Сарыкамышскай упадзінай і далінай Амудар’і, на ПдУ — узвышшамі Карабіль і Бадхыз, на Пд — падгорнай раўнінай Капетдага, на З — сухім рэчышчам Зах. Узбоя. Пл. каля 350 тыс.км². К. ўтвораны пераважна з пясчаных адкладаў пра-Амудар’і, на Пд — з асадкаў рэк Тэджэн і Мургаб. Пераважаюць пяскі, у асноўным замацаваныя градавыя, на Пд — бугрыстыя; пашыраны таксама сыпучыя барханавыя пяскі, пераважна вакол такыраў, што ўтварыліся на гліністых адкладах стараж. рачных разліваў. Характэрны саланчаковыя катлавіны — шоры. Радовішчы карысных выкапняў: сера (Дарваза), газ (Дарваза—Зеаглі, Ачак, Байрам-Алі), нафта. У рэльефе К. вылучаюцца: паўн. Заунгузскія К., або Заунгузскае плато (выш. пясчаных град да 40—60 м); паўд. Нізінныя, або Цэнтральныя, і Паўд.-Усходнія К. (выш. град ад 3—5 м да 30 м). Па мяжы Нізінных і Заунгузскіх К. размешчаны Унгуз. У Паўд.-Усх. К. знаходзіцца сухое рэчышча Узбоя Келіфскага. Клімат рэзка кантынентальны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад -5 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 28 °C да 34 °C. Сутачныя амплітуды т-ры паветра да 50 °C. Ападкаў ад 60 да 150 мм (на Пд) за год. Па паўн.-ўсх. мяжы К. цячэ р. Амудар’я; Тэджэн і Мургаб губляюцца ў пясках. К. багатыя грунтавымі водамі. Глебы на зарослых пясках шэра-бурага тыпу, у паніжэннях — саланчакі і такыры. Пераважае рэдкая травяністая расліннасць (пясчаная асака) з зараснікамі хмызнякоў (белы і чорны саксаул, пясчаная акацыя, эфедра, астрагалы), на барханавых пясках — кандым, чэркез, злак селін. Жывёльны свет: пясчаная рысь—каракал, джэйран, ліс, дзікабраз, заяц, грызуны, стэпавая чарапаха, яшчаркі—агама, геконы, варан, змеі; птушкі — саксаульная сойка, пустынны груган, павукападобныя — фалангі, скарпіёны. Большая ч. пустыні ўвесь год выкарыстоўваецца як паша. Уздоўж Амудар’і, Мургаба, Тэджэна, арашальнага Каракумскага канала аазіснае земляробства. У Паўд.-Усх. К. — Рэпетэкскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУНЫ́, рэптыліі (Reptilia),
клас вышэйшых пазваночных (амніёт). Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн.г. назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў; мелі 2 гал.эвалюц. ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найб. разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн.г. назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы. 4 сучасныя атр.: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некат. ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. Каля 150 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчаркі жывародная і порсткая. Мядзянка і чарапаха балотная занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх сантыметраў (некат. яшчаркі) да 10 м (некат. змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некат. кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некат. відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некат. яшчаркі). П. — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод змей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некат. чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некат. змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Вывучае П. герпеталогія.