Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́СІЙ (Parrasios) з Эфеса, старажытнагрэчаскі жывапісец 2-й пал. 5 ст. да н.э. Сын і вучань жывапісца Евенора. Працаваў у Афінах. У творах, якія вызначаліся пластычнасцю контурнай лініі, па-майстэрску перадаваў фіз. пакуты і ўнутр. перажыванні людзей: «Праметэй», «Філактэт», «Адысей сімулюе вар’яцтва», «Дэмас» (не захаваліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НІЯ (ад грэч. mania вар’яцтва, шаленства, захопленасць), маніякальны сіндром,
псіхапаталагічны стан, пры якім хворы чалавек нематывавана ўзрушаны, увага няўстойлівая, назіраецца моварухальнае ўзбуджэнне, зменлівы настрой. Найчасцей развіваецца пры эндагенных захворваннях (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія), бывае вынікам хвароб галаўнога мозга і інш. У цяжкіх выпадках М. ўзнікаюць галюцынацыі, зацямненне свядомасці. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́СТ,
у грэчаскай міфалогіі сын Агамемнана і Клітэмнестры. Помсцячы за вераломнае забойства бацькі, Арэст забіў маці і яе каханка Эгісфа. За гэта багіні помсты Эрыніі наслалі на Арэста вар’яцтва і праследавалі яго, але ён атрымаў ад Апалона ачышчэнне ад пралітай крыві. Міф пра Арэста адлюстроўвае ўспаміны пра матрыярхат і кроўную помсту, ён стаў сюжэтам трагедый Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЧЭГАРА́Й-І-ЭЙСАГІ́РЭ (Echegaray y Eizaguirre) Хасэ (19.4.1832, Мадрыд — 16.9.1916),
іспанскі драматург.Праф. матэматыкі і фізікі (1854—68). У ранніх п’есах «У ручцы шпагі» (1875), «Ва ўлонні смерці» (1879) своеасаблівая рэстаўрацыя рамантызму. У п’есах «Вар’яцтва і святасць» (1877), «Вялікі Галеота» (1881) сутыкненне ўзвышаных ідэалаў з «мараллю натоўпу». Псіхал. драмы з элементамі натуралізму «Сын дон Жуана» (1892), «Вар’яцкі бог» (1910) напісаны ў рэчышчы «тэатра ідэй» Г.Ібсена. Нобелеўская прэмія 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЙРА (Wiera) Аўгуст Петэравіч (28.3.1853, Яама, каля Тарту, Эстонія — 30.3.1919),
эстонскі тэатр. дзеяч, рэжысёр, дырыжор; заснавальнік эст.муз.т-ра. У 1878—1903 кіраўнік эст.тэатр. трупы «Ванемуйне». Пад яго кіраўніцтвам пастаўлены першы муз. спектакль на эст. мове — опера «Прэцыёза» К.М.Вебера (1883). Сярод інш. пастановак: аперэты «Карневільскія званы» Р.Планкета (1885), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1889), опера «Іосіф у Егіпце» Э.Мегюля (1899); творы эст. драматургіі — «Вар’яцтва Муру Міку» (1880) і «Адстаўны салдат» (1886) Ю.Кундзера, «Гэтакі мульк» Л.Койдулы (1884), п’есы класікаў, у т. л. Вальтэра, Мальера, У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРМС (сапр.Ювачоў) Данііл Іванавіч
(12.1.1906, С.-Пецярбург — 2.2.1942),
рускі пісьменнік. Скончыў ням. гімназію «Петэршуле» ў Пецярбургу. У 1927—30 у літ. групе «Аб’яднанне рэальнага мастацтва». У 1931 разам з інш.чл. аб’яднання арыштаваны, у чэрв. 1932 вызвалены і высланы ў Курск; у жн. 1941 зноў арыштаваны; сімуляваў вар’яцтва, памёр у псіхіятрычнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1922. У паэзіі, п’есах «Камедыя горада Пецярбурга» (нап. 1927, апубл. пасмяротна), «Лізавета Бам» (паст. 1928), аповесці «Старая» (1939, апубл. 1991), гратэскавых апавяданнях (цыкл «Выпадкі», 1933—39; апубл. пасмяротна) абсурднасць быцця, абязлічванне чалавека, адчуванне трагічнай разарванасці свету, прадчуванне катастрофы. Яго творам уласцівы спалучэнне парадоксаў, алагізмаў і наўмыснай наіўнасці, фантасмагарычнасць, рытмічнае вылучэнне слоў, гукавыя паўторы і варыяцыі. Пісаў вершы для дзяцей, пабудаваныя на камічных эфектах і прынцыпах гульні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й Мікалай Аляксеевіч (3.7.1796, г. Іркуцк, Расія — 6.3.1846),
рускі пісьменнік, крытык, журналіст, гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1831). Выдаваў час. «Московский телеграф» (1825—34, забаронены), у якім выступаў у абарону правоў купецтва, асуджаў дваранскую арыстакратыю за адсутнасць нац. пачуцця, асн. умовай прагрэсу краіны лічыў пашырэнне асветы. Аповесць «Сімяон Кірдзяпа. Руская быль XIV ст.» (1828, апубл. 1832), раман «Клятва каля труны Гасподняй» (1832), п’есы «Дзядуля рускага флоту» (1838), «Кастрамскія лясы» (1841, пра Івана Сусаніна) і інш. на гіст. тэматыку. У аснове аповесцей «Жывапісец», «Асалода вар’яцтва» (абедзве 1833), «Эма» (1834) і інш. канфлікт «мары» і «рэальнага жыцця» ў духу рамантызму. «Гісторыя рускага народа» (т. 1—6, 1829—33, незавершана) палемічна скіравана супраць «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна. Аўтар вершаў, рамана «Абаддона» (1834), празаічнага перакладу «Гамлета» У.Шэкспіра (1837), артыкулаў пра рус. і замежную л-ру, на сац.-эканам. тэмы і інш.
Тв.:
Избр. произв. и письма. Л., 1986;
Избр. историческая проза. М., 1990;
Клятва при Гробе Господнем. М., 1994;
История русского народа. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Шикло А.Е. Исторические взгляды Н.А.Полевого. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРГІНЕ́Ц Мікалай Іванавіч (н. 17.10.1937, Мінск),
бел. пісьменнік, дзярж. дзеяч Беларусі. Ген.-лейтэнант унутр. службы (1993). Канд.юрыд.н. (1977). Праф. (2000). Засл. работнік МУССССР (1977). Скончыў БДУ (1967). З 1964 у органах унутр. спраў, у 1981—84 нач. Упраўлення крымін. вышуку МУС Беларусі, з 1987 — Бел. ўпраўлення ўнутр. спраў па транспарце МУС Беларусі. З 1993 старшыня К-та па сац. абароне ваеннаслужачых, ветэранаў вайны і памяці загінуўшых пры Савеце Міністраў Беларусі, з 1997 — Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь па міжнар. справах і нац. бяспецы, з 1998 — Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па знешняй палітыцы. З 2002 старшыня Беллітфонду. Друкуецца з 1973. Піша на рус. мове. У дакумент. аповесцях «Чацвёрты след» (1973), «Следства працягваецца» (1977), аповесцях «Трывожная служба» (1975), «Фінал Краба» (1979), «Служба — дні і ночы» (1981), рамане «Вам — заданне» (1982) характары, побыт, складаная і небяспечная служба работнікаў міліцыі ў Вял.Айч. вайну і ў мірны час. Раманы «Тайна Чорных Гор» (1987), «Сыны» (1989) пра вайну ў Афганістане, аповесць «Загад №1» (1985) — гісторыка-паліт. дэтэктыў пра станаўленне сав. улады на Беларусі. Раман-прадбачанне «Ілоты вар’яцтва» (1995) пра барацьбу з міжнар. тэрарызмам. Дэтэктыўна-паліт. раман «Тайна Авальнага кабінета» (2001) пра традыц. ўклад амерыканцаў, жыццё ў Белым доме. Аўтар навук. прац у галіне правазнаўства, кінасцэнарыяў і спектакляў паводле ўласных раманаў.