Вапнаўка (род раслін) 2/593

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ПНАЎКА

(Gypsophila),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Аўстраліі (1 від). На Беларусі 7 відаў: 2 дзікарослыя — вапнаўка мяцёлчатая (G. paniculata), расце па дарогах і чыгунках, на ўзлесках хваёвых лясоў і дзюнах, вырошчваецца ў культуры, і вапнаўка пучкаватая (G. fastigiata), расце ў сухіх і светлых хваёвых барах, на ўзлесках, мелавых агаленнях і ўздоўж дарог; 2 занесеныя — вапнаўка пранізаналістая (G. perfoliata) і вапнаўка чорнакаранялістая (G. scorzonerifolia), растуць па чыгунках, на сметніках; 3 інтрадукаваныя — вапнаўка зграбная (G. elegans), вапнаўка найвышэйшая (G. altissima) і вапнаўка ціхаакіянская (G. pacifica), растуць у кветніках, садах, часам як здзічэлыя на газонах.

Шмат- і аднагаловыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойным, узыходным і распасцёртым, пераважна моцна разгалінаваным (ёсць шарападобныя, т.зв. «перакаці-поле», і падушкападобныя формы) сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, сядзячае, ад лінейна-ланцэтнага да ланцэтна-яйцападобнага. Кветкі дробныя, белыя, лілова-чырвоныя ці ружовыя, у складаных мяцёлчатых і шчыткападобных суквеццях. Плод — аднагнездавая каробачка. Дэкар., тэхн., лек. і меданосныя расліны.

М.П.Млынарчык.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ

(Caryophyllaceae),

сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.

Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)