Ванілін 8/353

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНІЛІ́Н, метаметоксі-парагідоксібензойны альдэгід,

CH3O(OH)C6H3CHO, араматычнае арган. рэчыва з пахам ванілі, вытворнае бензолу. Бясколерныя ігольчастыя крышталі, tпл 81—83 °C, tкіп 284—285 °C, шчыльн. 1056 кг/м³. Сублімуе без раскладання, раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, хлараформе і інш. У натуральным стане ў выглядзе гліказіду ёсць у пладах ванілі; сінтэтычны ванілін атрымліваюць з гваяколу, лігніну і эўгенолу. Шырока выкарыстоўваецца ў харч., парфумернай і фармацэўтычнай прам-сці. Сумесь ваніліну з цукр. пудрай (1 : 100) наз. ванільным цукрам.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗО́ЙНАЯ СМАЛА́, росны ладан,

смала стыраксавага дрэва (Styrax bensoin), што расце ў Паўд.-Усх. Азіі на Малайскім архіпелагу. Белае рэчыва, хутка цвярдзее і паступова цямнее на паветры, мае пах ванілі з вострым адценнем, т-ра размякчэння 75—90 °C, шчыльн. 1,10—1,17∙10​3 кг/м³. Асн. кампаненты: бензойная і карычная кіслоты (30%), іх эфіры (60%), ванілін (1,5%). Выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва, фіксатар паху ў парфумерыі, антысептык у касметыцы і медыцыне.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХУ́ЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, пахкія рэчывы,

арганічныя злучэнні, якія маюць прыемны пах і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці парфумерных і касметычных вырабаў, тавараў быт. хіміі, харч. прадуктаў. Пашыраны ў прыродзе: уваходзяць у састаў пахучых прадуктаў расліннага (эфірныя алеі, бальзамы, пахучыя смолы і інш.) і жывёльнага (амбра, мускус і інш.) паходжання. Паводле хім. прыроды большасць П.р. адносіцца да складаных эфіраў (напр., бутылацэтаты, бензіл- і ліпалілацэтат з кветкавым пахам), многія да альдэгідаў (напр., бензойны альдэгід, ванілін), спіртоў (напр., ліналаол).

Да 19 ст., калі былі атрыманы першыя сінт. аналагі прыродных П.р. (ванілін, 2-фенілэтанол з пахам ружы і інш.), адзінай крыніцай П.р. былі прыродныя прадукты. Распрацаваны метады сінтэзу амаль усіх П.р., што атрымлівалі з прыроднай сыравіны (напр., ментолу, цытралю), а таксама П.р., не знойдзеных у прыродзе (напр., фаліону э пахам фіялкі). Зроблена спроба вызначыць залежнасць паміж прыродай паху і будовай малекул П.р., аднак гэта не дае магчымасці прадказаць пах рэчыва.

Асн. колькасць П.р., што маюць прамысл. значэнне (больш за 500), атрымліваюць сінтэтычна, некаторыя вылучаюць з эфірных алеяў. Выкарыстоўваюць у выглядзе парфумерных кампазіцый. Гл. таксама Парфумерыя, Парфумерна-касметычная прамысловасць.

Літ.:

Братус И.Н. Химия душистых веществ. 2 изд. М., 1992.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДЭГІ́ДЫ,

клас арганічных злучэнняў, у састаў якіх уваходзіць альдэгідная група — C(O)H, звязаная з вуглевадародным радыкалам. Найпрасцейшы — фармальдэгід. Ніжэйшыя альдэгіды — рэчывы з рэзкім пахам, вышэйшыя C8—C14 — з прыемным. Рэакцыйназдольныя: акісляюцца да кіслот, аднаўляюцца да спіртоў, уступаюць у рэакцыі замяшчэння, далучэння, кандэнсацыі, утвараюць ненасычаныя злучэнні, цыклічныя трымеры (паральдэгід, трыаксан), лінейныя палімеры (парафармальдэгід), прадукты полікандэнсацыі. Атрымліваюць з любых класаў злучэнняў; некаторыя вылучаюць з расліннай сыравіны. Выкарыстоўваюць у сінтэзе палімераў (поліфармальдэгіду, полівінілацэталяў, аміна- і фенолальдэгідных смолаў), карбонавых кіслот, спіртоў і інш.; у вытв-сці пестыцыдаў, выбуховых, духмяных рэчываў, лекаў, фарбавальнікаў. Гл. таксама Ацэтальдэгід, Фурфурол, Ванілін, Цытраль.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНІ́ЛЬ (Vanilla),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 110 відаў. Пашыраны ў тропіках. Некалькі відаў, пераважна ваніль духмяная, або пляскаталістая (V. fragrans), помпавая (V. pompona) і таіцянская (V. tahitensis), культывуюцца ў трапічных краінах для атрымання пладоў, у якіх ёсць ванілін. На Беларусі як дэкар. расліны вырошчваюцца ў аранжарэі Цэнтр. бат. саду АН Беларусі і аматарамі.

Наземныя або эпіфітныя шматгадовыя травяністыя ліяны. Сцябло доўгае, лазячае з дапамогай шматлікіх паветр. каранёў. Лісце простае, сядзячае, бліскучае. Кветкі пераважна белавата-жоўтыя або белавата-зеленаватыя, сабраныя па 15—20 у суквецці. Плод — доўгая струкападобная каробачка з шматлікім вельмі дробным насеннем. Харч., дэкар. і лек. расліны.

Ваніль духмяная.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)