ВАЛЬС (франц. valse, ням. Walzer ад walzen кружыцца),

парны танец, засн. на плаўным кружэнні ў спалучэнні з паступальным рухам. Муз. памер 34, радзей ​3/8, ​6/8. Тэмп вар’іруецца ад павольнага да ўмерана хуткага. Паходзіць ад ням., аўстр., чэшскіх нар. танцаў тыпу лендлера. Узнік у 2-й пал. 18 ст., на пач. 19 ст. пашырыўся па ўсёй Еўропе, стаў адным з самых папулярных танцаў. Найб. вядомы т.зв. венскі вальс (І.​Ланер, І.​Штраус-бацька, І.​Штраус-сын). Разнавіднасць вальса — павольны вальс-бастон. Як сцэн. форма выкарыстоўваецца ў оперы, балеце, аперэце, музыцы да драм. спектакляў, стаў самаст. формай арк., фп. музыкі, асновай песень, рамансаў, цыклічных твораў (сюіты, сімфоніі). На Беларусі вядомы з 2-й пал. 19 ст. ў гарадскім і сял. побыце. У наш час — неад’емная частка нар. танц. і муз.-інстр. рэпертуару. У жанр вальса значны ўклад зрабілі бел. кампазітары М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Р.​Бутвілоўскі, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, І.​Лучанок, С.​Картэс, Р.​Пукст, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НДЛЕР (ням. Ländler ад Landl мясцовасць у Аўстрыі),

аўстрыйскі і нямецкі нар. парны танец. Паходзіць з альпійскіх рэгіёнаў Аўстрыі. Тэмп ажыўлены, але не хуткі. Муз. памер ​3/4 або ​3/8. Назву «Л.» да пач. 19 ст. мелі многія разнавіднасці аўстр. і ням. нар. танцаў, вядомых паводле харэаграфічных апісанняў з 16 ст. Тыповыя рухі: слізготны крок і павароты, вярчэнні партнёркі, прытупванні партнёра, адначасовае вярчэнне танцораў у розных напрамках. Рухі шырокія, свабодныя. Выконваўся пад спевы ці ў суправаджэнні сял. аркестра (скрыпка, кларнет, цытра). Прататып вальса. Як муз. жанр вядомы з 2-й пал. 18 ст. Характэрная форма — два 8-тактавыя перыяды з паўтарэннем кожнага. Яго выкарыстоўвалі венскія кампазітары (у Л.​Бетховена — «ням. танец»), І.​Брамс, А.​Брукнер, Ф.​Шуберт, Р.​Шуман, Г.​Малер і інш.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)