ГАНЧАРЭ́НКА (па мужу Яўдошанка) Надзея Мацвееўна

(н. 1.7.1929, г. Адэса, Украіна),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыла Адэскае тэатр. вучылішча (1950). У 1955—88 у Брэсцкім драм. т-ры імя ЛКСМБ. Выконвала драм. і характарныя ролі. Спалучэнне жаноцкасці з унутр. цвёрдасцю характару, эмацыянальнасць, глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет гераінь вызначальныя ў мастацтве Ганчарэнкі. Сярод лепшых роляў: Зорына, Марына («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К.​Губарэвіча), Інга («Чатыры крыжы на сонцы» А.​Дзялендзіка), Наталля Фадзееўна («І змоўклі птушкі...» І.​Шамякіна), Ганна Ісакаўна («Верачка» А.​Макаёнка), Маці («Парог» А.​Дударава), Яўгенія, Мамаева («На бойкім месцы», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Наташа («Тры сястры» А.​Чэхава), Валька («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Марсела («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Эліза («Пігмаліён» Б.​Шоу).

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДО́ВІЧ (Лілія Міхайлаўна) (н. 25.12.1936, г. Гродна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. У яе творчасці спалучаюцца быт. і рамантычнае мастацтва, вастрыня і яскравасць малюнка ролі з лірызмам і паэтычнасцю. Найб. поўна яе акцёрская індывідуальнасць раскрылася ў ролі Ганны Чарнушкі («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа; Дзярж. прэмія Беларусі 1966 за выкананне аднайм. ролі ў тэлеспектаклі). Сярод роляў: Рая, Соня, Галя («Пагарэльцы», «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал» А.​Макаёнка), Вера («Радавыя» А.​Дударава), Юлія Тугіна («Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Валька, Марыя Сяргееўна («У мяцеліцу», «Залатая карэта» Л.​Лявонава), Шафрак («У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма), Дзіяна («Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра), Аманда («Блакітная ружа» Т.​Уільямса). Здымаецца ў кіно («Вазьму твой боль», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і інш.), тэлеспектаклях («Крах», «Ткачы», «Федра»).

Л.М.Давідовіч.
Л.М.Давіловіч у ролях Юліі Тугінай (злева) і Ганны Чарнушкі.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)