Валынь (гістар.) 1/173; 2/583; 4/136; 6/375, 432, 459; 8/503, гл. Валынская зямля
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЬ, Валынская зямля,
гістарычная вобласць у бас. паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн. ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх. ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).
У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял. кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. ускраін).
т. 3, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫНЯ́НЕ,
усходнеславянская племянная групоўка 9—10 ст. на тэр. Валынскай зямлі. Назва ад г. Валынь. Двойчы ўпамінаюцца ва ўводнай недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў», якая сцвярджае, што папярэднікі валынян зваліся дулебамі і бужанамі. Верагодна, валыняне пад назвай «валінана» ўпамінаюцца ў араб. географа Масудзі (сярэдзіна 10 ст.), які паведамляе, што ў старажытнасці валыняне падначальвалі інш. славянскія плямёны, іх правіцеля звалі Маджак. У канцы 10 ст. кіеўскі кн. Уладзімір Святаславіч захапіў заселеныя валынянамі Чэрвеньскую і Перамышльскую землі. У 12 ст. на тэр. валынян ўтварылася Уладзіміра-Валынскае княства.
В.С.Пазднякоў.
т. 3, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́ЎСКІЯ,
шляхецкі род уласнага герба («Радван» зменены) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вядомы з канца 15 ст., жылі на Піншчыне, у 17 ст. перасяліліся на Валынь і ў Навагрудскае ваяв. Родапачынальнік — Даніла Іванавіч Ірцішчавіч, які ў 1506 атрымаў ад пінскага кн. Ф.І.Яраславіча некалькі двароў, у т. л. Дастоева (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Пётр, маршалак пінскі (1598—99); Яраш, падстароста оўруцкі (1604); Пётр, суддзя гродскі пінскі (1627—32); Бенядзікт, падчашы пінскі (1635); Андрэй, харужы валынскі (1649). Верагодна, з гэтага роду паходзіць рус. пісьменнік Ф.М.Дастаеўскі.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 6, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРЫГА́ЙЛЫ ПАЎСТА́ННЕ 1432—39,
прынятая ў гістарыяграфіі назва феад. вайны ў ВКЛ, у якую былі ўцягнуты ўсе пласты грамадства. Мела дынастычны характар барацьбы за дзярж. ўладу паміж 2 прадстаўнікамі дынастыі Гедзімінавічаў — Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Пасля абвяшчэння 1.9.1432 вял. князем Жыгімонта, якога падтрымала пераважна літ. арыстакратыя, скінуты з трона Свідрыгайла ўцёк у Полацк. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна з ёю звязаныя Брэсцкая і Мінская землі, прынёманскія воласці, Падляшша. Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле падтрымалі Свідрыгайлу. Жыгімонт, не маючы дастатковых сіл, аднавіў дзярж. унію з Польшчай (15.10.1432 у Гродне). Яе ўмовы былі змешчаны ў акце Жыгімонта ад 15.10.1432 і акце Ягайлы ад 3.1.1433. Свідрыгайла атрымаў падтрымку ад вял. князя цвярскога, Лівонскага ордэна. У ліст. 1432 Свідрыгайла пачаў ваен. дзеянні. У жн. 1433 ён захапіў Коўна. Вяртаючыся назад, загадаў спаліць Заслаўе і Мінск. Восенню 1433 Жыгімонт спрабаваў авалодаць Мсціславам і Віцебскам, якія належалі Свідрыгайлу. Каб перацягнуць на свой бок жыхароў бел. і ўкр. зямель, Жыгімонт выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. У жн. 1435 войскі Свідрыгайлы і лівонскага магістра Ф.Керскорфа ўварваліся ў Літву з Браслава. 1.9.1435 на р. Швянтойі каля Вількаміра гэта войска разбіта войскам Жыгімонта; лівонскае войска амаль цалкам знішчана, забіты магістр. Вял. страты мела і войска Свідрыгайлы, а сам ён вярнуўся ў Полацк. Летам 1436 Полацк і Віцебск перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям ранейшыя іх прывілеі. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць больш самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Таму польскія феадалы цяпер пачалі падтрымліваць Свідрыгайлу. Супраць Жыгімонта выступіла і апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У жн. 1437 Свідрыгайла прапанаваў свайму пляменніку Уладзіславу III перадаць свае землі ў падпарадкаванне польскай кароне. Гэта паўплывала на пазіцыю баяр Кіеўскай і Валынскай зямель, якія не мелі намеру далучацца да Польшчы. Першае наступленне войска Жыгімонта на Кіеў было адбіта Свідрыгайлавым ваяводам Юршою, але пасля 2-га паходу Кіеў быў падпарадкаваны Жыгімонтам. Пад уладаю Свідрыгайлы засталіся Валынь і Падолле. Пасля ад’езду Свідрыгайлы ў Малдову, а потым у Пакуцце Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта. Феадальная вайна скончылася.
А.П.Грыцкевіч.
т. 14, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́НСКІ (Крыштоф) (? — май 1593),
кіраўнік сял.-казацкага паўстання 1591—93 на Украіне. У 1580-я г. гетман рэестравых казакоў у Запарожскай Сечы. У снеж. 1591 узначаліў выступленне казакоў, якое перарасло ў нар. паўстанне (ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Валынь і ч. Падоліі). У 1592 паўстанцы захапілі гарады Белая Царква, Пераяслаў, Трыполле, але пасля паражэння каля мяст. Пяткі (Жытомірская вобл.) адступілі ў Запарожжа. К. ўступіў у перагаворы з рас. урадам, крымскімі татарамі і Турцыяй. У маі 1593 на чале двухтысячнага войска выступіў пад Чаркасы, дзе разбіты войскамі кн. А.Вішнявецкага. Загінуў у баі (па інш. звестках забіты паводле загаду Вішнявецкага).
т. 8, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Пётр Яцак) (10.9.1797, г. Варта, Польшча — 1.1874),
дзеяч польскага нац.-вызв. руху, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Скончыў школу падхаружых у Лазенках (пад Варшавай). У 1827 атрымаў чын падпаручніка. Заснаваў тайнае т-ва «Ваенны саюз» (1828), якое ставіла за мэту падрыхтоўку ваен. перавароту і сфарміраванне рэв. ўрада. 29.11.1830 пачаў паўстанне на чале атрада падхаружых, быў ад’ютантам галоўнакамандуючага польскімі войскамі М.Радзівіла, удзельнічаў у рэйдзе корпуса ген. Ю.Дзвярніцкага на Валынь і ў Галіцыю. Пры абароне Варшавы (вер. 1831) трапіў у палон. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена катаргай у Сібіры. У 1857 памілаваны, вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў пра паўстанне 1830—31.
В.В.Швед.
т. 4, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЮШКАЎ (Пампей Мікалаевіч) (26.6.1811, маёнтак Данілаўскае Валагодскай губ. — 1.4.1892),
рускі гісторык, дзярж. і грамадскі дзеяч, выдавец.
Брат паэта К.М.Бацюшкава. Скончыў афіцэрскае вучылішча ў Пецярбургу (1831), да 1840 служыў у арміі. З 1850 віцэ-губернатар у Коўне. У 1856—67 віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. У 1868—69 папячыцель Віленскай навуч. акругі. З 1869 член савета міністра нар. асветы. Паводле паліт. поглядаў славянафіл. Адзін з праваднікоў палітыкі русіфікацыі на Беларусі, Украіне і ў Літве. Выдаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), серыю альбомаў «Помнікі рускай даўніны ў заходніх губернях імперыі» (вып. 1—8, 1868—85), манаграфіі прафесараў Кіеўскай духоўнай акадэміі М.І.Пятрова, М.І.Гарадзецкага і І.І.Малышэўскага «Холмская Русь» (1887), «Валынь» (1888), «Беларусь і Літва» (1890).
т. 2, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЦКІ (Антон Антонавіч) (псеўд. А.Дамброўскі; 1734, Валынь, Украіна — 1798),
бел. і польскі жывапісец, прадстаўнік позняга барока. Жывапісу вучыўся ў Камянец-Падольску і Львове. Манах. У 1760 парваў з базыльянскім ордэнам і пераехаў у Кракаў, дзе атрымаў права цэхавага майстра. У гэты перыяд стварыў карціны «Самсон і Даліла», «Лот з дочкамі», партрэт рэктара Кракаўскага ун-та К.Ярмундовіча, аформіў алтар бернардзінскага касцёла ў Альверні (Польшча). У 1770 пераехаў у Супрасль, потым — у Гродна, дзе ўдзельнічаў у стварэнні (каля 1774) дэкар. кампазіцыі для інтэр’ераў палаца Тызенгаўза і касцёла бернардзінцаў (1788, з Ф.Міхалкевічам). Сярод работ 1770-х г.: «Святы Еранім», «Алегорыя вернасці», «Мужнасць святога Варфаламея», «Рознакаляровыя львы», «Забавы німфаў», абразы святых Антонія, Францыска і інш.
Я.Н.Мараш.
т. 5, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЬСКІЯ,
княжацкі род у ВКЛ уласнага герба (змененая «Касцеша»). Верагодна, паходзілі ад турава-пінскіх Рурыкавічаў. Вядомы з канца 15 ст. Прозвішча ад в. Дольск (Стары Дольск, Пінскі пав., цяпер Валынская вобл.
Украіны). Гал. галіна роду мела маёнткі ў Пінскім пав., згасла ў канцы 17 ст.; на Украіне пабочныя адгалінаванні Д., страціўшы княжацкі тытул, існавалі да 19 ст. Найб. вядомыя: Міхаіл Ніцыфар (7—1623), стольнік, падсудак земскі, паборца (1589), суддзя земскі (1606), пінскі, кашталян брэсцкі (1621), маршалак Трыбунала ВКЛ (1611); Ян Кароль (1637—29.4.1695), падстолі слонімскі (1656), маршалак пінскі (1666), маршалак вялікі (1691). У 1690 Ян Кароль атрымаў ад урада зямлю пад Пінскам, дзе збудаваў прадмесце Каралін (названа ў яго гонар) з Пінскім Каралінскім замкам і Пінскім касцёлам Карла Барамея, заснаваў Любяшоўскі піярскі калегіум і Дубровіцкі піярскі калегіум (Валынь).
В.С.Пазднякоў.
т. 6, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)