Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛ у тэхніцы,
дэталь машыны, прызначаная для перадачы вярчальнага намагання і падтрымання насаджаных на яе іншых дэталяў. Адрозніваюць валы прамыя (гладкія, ступеньчатыя, шліцавыя, кулачковыя), каленчатыя валы, гнуткія валы і інш. Паводле прызначэння бываюць валы перадач, нясучыя зубчастыя колы, шківы, зорачкі і карэнныя, на якіх акрамя дэталяў перадач замацоўваюць рабочыя органы машыны (колы турбін, крывашыпы і інш.). Валы разлічваюць на трываласць, жорсткасць і ваганне.
т. 3, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПРУ́ДСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. каля в. Запруды Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Яго абарончымі ўмацаваннямі былі земляныя валы з вастраколам наверсе і вадзяныя равы. У плане валы і равы нагадваюць упісаныя адзін у адзін прамавугольнікі, якія з У мелі бакі ў выглядзе паўдуг, што сыходзіліся ў месцы ўезду ў замак. У замку размяшчалася сядзіба феадала. Захаваліся валы выш. 1,5—2 м і шыр. у аснове да 4 м. Равы маюць глыбіню да 2,5 м і шыр. каля 5 м.
т. 6, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛ,
1) у геамарфалогіі адносна вузкая, выцягнутая і невысокая форма рэльефу. Адрозніваюць валы: створаныя дзейнасцю хваль (берагавыя), ракі (прырэчышчавыя), ледавіка (марэнныя, напорныя), вулканаў (кальцавыя), селю (селевыя) і інш. 2) У тэктоніцы выцягнутая дадатная структура ў межах платформаў. Аб’ядноўвае лакальныя падняцці — антыкліналі, брахіантыкліналі, купалы. Даўж. да соцень км, шырыня дзесяткі км, выш. да соцень метраў. Пл. 200—10 000 км². На плітах стараж. платформаў звычайна абмежаваны флексурамі. Валы, прымеркаваныя да разломных зон, называюцца шыўнымі. Сістэма валоў, аб’яднаных агульнай падэшвай, утварае складаныя валы. На Беларусі вылучаны дзесяткі валоў даўж. 24—150 км, шыр. 3—25 км, з амплітудай падняцця 50—600 м, радзей да 1 км. Вылучаюцца пераважна па паверхні верхняй саляноснай тоўшчы (фаменскай) або па паверхні крышт. фундамента. Найб. пашыраны ў Прыпяцкім прагіне. Да валоў часта прымеркаваны радовішчы нафты, газу, солі.
т. 3, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗАВО́Д ШАСЦЕ́РНЯЎ.
Засн. ў 1952 у Мінску. Першую прадукцыю даў у 1956. Асвоены выпуск больш як 1000 найменняў дэталей для гусенічных і колавых трактароў, аўтамашын, с.-г. машын, рухавікоў, помпаў, рэдуктараў і інш. Асн. прадукцыя (1999): цыліндрычныя і канічныя зубчастыя колы і валы (шасцерні і валы-шасцерні) з прамым, касым і спіральным зубам, зорачкі, шківы, чарвячныя перадачы; стальныя і штампаваныя пакоўкі, вырабы з метал. парашкоў, тавары нар. ўжытку, інструмент, спарт. інвентар. З 1994 наладжаны выпуск трактарных плугоў (20 мадэлей, ад 2- да 10-корпусных). Мае філіял у г. Смалявічы.
т. 10, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад мікра... + рэльеф),
дробныя формы рэльефу, памеры якіх не перавышаюць некалькіх метраў. Утвораны пераважна экзагеннымі працэсамі, часта служаць дэталямі больш буйных форм рэльефу (напр., западзіны, прырэчышчавыя валы, невял. варонкі, стэпавыя сподкі); зрэдку ўзнікаюць у выніку антрапагеннай дзейнасці.
т. 10, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д КАРДА́ННЫХ ВАЛО́Ў.
Дзейнічае з 1951 як рамонтна-падшыпнікавы з-д. У 1955 рэарганізаваны ў з-д «Аўтазапчастка». У 1961 перайменаваны ў з-д карданных валоў. З 1995 АТ «Белкард». Асн. прадукцыя (1996): карданныя валы для аўтамабіляў, аўтобусаў і трактароў, с.-г. машын, трамваяў, тралейбусаў, чыг. пасажырскіх вагонаў, аўтакранаў і аўтагрэйдэраў, рулявыя цягі да трактароў МТЗ і інш. Рэалізуецца ў Беларусі і Расіі.
т. 5, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЖАВЫ́ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту, у якім цяглавай сілай з’яўляюцца жывёлы (коні, валы, вярблюды, буйвалы, аслы, мулы, алені, сабакі і інш.). Падзяляецца на колавы і санны. У Беларусі да 19 ст. гужавы транспарт быў асн. відам сухап. перавозкі пасажыраў і грузаў на далёкія адлегласці. Развіццё чыгуначнага і аўтатранспарту выцесніла гужавы транспарт. Цяпер яго выкарыстоўваюць пераважна ў сельскай мясцовасці для перавозак людзей і грузаў на невял. адлегласці.
т. 5, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛ (ваен.),
насып (земляны, з камянёў, са снегу, палітага вадой, часта з ровам спераду), які служыў перашкодай для тых, хто атакаваў, і адначасова баявой пазіцыяй і ўкрыццём для тых, хто абараняўся. Валам называюць таксама сістэму ўмацаваных палос і пазіцый тыпу рымскіх валоў (Адрыянаў вал), «Атлантычнага вала», «Усходняга вала». Як элемент крэпасці валы выкарыстоўваліся ў спалучэнні з крапаснымі сценамі або замест іх. Звычайна мелі брустверы і валгангі (пляцоўкі з уступамі).
т. 3, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАТРЫВА́ЛАЯ СТАЛЬ,
сталь высокай (да 1500 МПа) трываласці. Адносіцца да легіраваных канструкцыйных сталей. Атрымліваюць камбінаваннем розных спосабаў умацавання (наклёпу, мартэнсітавага ператварэння, утварэння цвёрдых раствораў і інш.). Некаторыя высокатрывалыя сталі выплаўляюць з чыстай шыхты, падвяргаюць вакуумаванню і тэрмамеханічнай апрацоўцы. Мартэнсітастарэючыя сталі ўмацоўваюцца ў выніку мартэнсітавага ператварэння пры загартоўцы і асабліва дысперсійнага цвярдзення пры водпуску металу, пры гэтым захоўваюць і значную вязкасць. З высокатрывалай сталі робяць валы, шасцерні, муфты і да т.п.
т. 4, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)