РЫМАШЭ́ЎСКІ (Сяргей Віктаравіч) (н. 19.2.1964, г. Гродна),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1991). Вучыўся ў майстар-класе М.​Люперца ў Амстэрдаме (1996). Асн. творы: «Стол» (1994), «Калядная казка», «Востраў», «Верасковы вечар», «Канец гульні» (усе 1996), «Куток «S», «Пастараль», «Уцёкі ад самога сябе», «Непрачытаны ліст» (усе 1997), «Гісторыя чырвонага капелюша» (1998), «Мы цябе чакалі», «Начны дазор» (абодва 1999), «Валошкі», «Актрыса», «Карнавал для дваіх», «Вера, Надзея, Любоў» (усе 2000). Работам уласцівы арган. спалучэнне выяўл. матываў з абстрактнай прасторай, стрыманы каларыт, гарманічнае суіснаванне элементаў карціны.

Л.​Ф.​Салавей.

С.Рымашэўскі. Востраў. 1996.

т. 13, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАСАЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (1909, Смаленшчына — 25.11.1985),

бел. кампазітар. У 1920-я г. пакінуў Беларусь. Тэорыі кампазіцыі вучыўся на Украіне. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі, спачатку ў Германіі ў лагеры для перамешчаных асоб, потым пераехаў у ЗША. Удзельнічаў у рабоце бел. грамадскіх арг-цый, з 1952 кіраваў хорам пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. Аўтар 60 муз. твораў, сярод іх оперы «Вешчы Алег» паводле А.​Пушкіна, «На край святла» паводле М.​Сяднёва, «Прывіды» паводле І.​Тургенева, 5 сюіт для тэатра, 5 сімфоній, 8 царк. твораў, 2 санаты для раяля, канцэрт для трубы, каля 20 песень на словы М.​Кавыля, Сяднёва, А.​Змагара, П.​Глагольскага, А.​Валошкі, Н.​Арсенневай і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІЯ КУФРЫ́,

вырабы нар. майстроў г. Ліды Гродзенскай вобл. і навакольных вёсак. Промысел пашыраны ў 19—1-й пал. 20 ст. Вылучаюцца стрыманым графічна-выразным, рытмічна строгім паліхромным арнаментам аздобы, дэкар. прапілоўкай ножак. Найб. размалёўвалі века і пярэднюю сценку, бакавыя аздаблялі сціплымі паскамі-абводкамі вуглоў і ручак. Малюнак клеявымі і алейнымі (пераважна чырвонай, жоўтай, белай, чорнай) фарбамі наносілі штампам з сырой бульбіны, рэпы, радзей малявалі ад рукі ці выкарыстоўвалі папяровыя трафарэты. Арнаментальныя кампазіцыі складаліся з прамых ці хвалістых паскаў-ланцужкоў, кругоў розных памераў, якія ўтваралі маляўнічыя разеткі, кветак валошкі і рамонку, зорак, лістоў і інш. Узорыстыя ланцужкі арнаменту размяшчаліся каля паскаў акоўкі, якая абводзілася чорнай фарбай (калі акоўкі не было, яе імітавалі фарбамі). У наш час промысел заняпаў.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Лідскія куфры. Куфар. Шчучынскі раён. Канец 19 ст.

т. 9, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 14—17 ст. з г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 14 ст. выраблялі кафлю з цыліндрычным тулавам і круглым вусцем, у 15 ст. — гаршковую з крыжападобным, сэрцападобным і трохвугольным вусцем, у 15—16 ст. — невысокую гаршковую з прамавугольным вусцем і дном, аздобленым рэльефнымі кругамі. Кафля 16—17 ст. мела прамавугольную вонкавую пласціну з рамкай па краі і румпу выш. 7—9 см. Паводле прызначэння падзялялася на сценную, карнізную, фрызавую, вуглавую, а таксама «каронкі» і «гарадкі», якімі завяршалі печы. У яе дэкоры былі пашыраны геам. (квадраты, ламаныя лініі), расл. (званочкі, валошкі, ружы, рамонкі), геральдычныя (гербы і манаграмы ўладальнікаў) арнаменты, выявы анёлаў, грыфонаў і інш., на кафлі 17 ст. — «дывановы» арнамент са стылізаваным расл. узорам.

Літ.:

Панічава Л.Р. Навагрудская кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.

А.​А.​Трусаў.

Да арт. Навагрудская кафля. Паліваная кафля з малюнкам дывановага тыпу. 17 ст.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Змітрок Змітравіч) (н. 2.1. 1954, пас. Язбы Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1975). З 1979 на камсамольскай рабоце ў г.п. Бялынічы і ў Мінску, з 1986 у Дзяржаграпроме Беларусі. Друкуецца з 1977. Аўтар зб. вершаў «Пад небам бусліным» (1982), «Хлеб і памяць», «Хлебны верасень» (абодва 1988, за апошні прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988), «Ачышчэнне сяўбой» (1992), «Сын чалавечы» (1993), «Баліць душа па Беларусі» (1996) і інш. Піша вершы і апавяданні для дзяцей (зб-кі «Азбука агранома Валошкі», 1989; «Пра гарох і буракі, бульбу, жыта, агуркі», 1995; «Агародніна», 1996; «Гэта праўда ці мана...», 1997), публіцыст. нарысы («І скажуць унукі», 1994). Аўтар першага ў еўрап. паэзіі вянка вянкоў санетаў (зб. «Апакаліпсіс душы», 1991). У вершах — тэма кахання, чарнобыльскія праблемы, любоў да роднай зямлі, філас. роздум пра духоўную інертнасць сучасніка, шчырасць пачуццяў.

Тв.:

Прадчуванне. Мн., 1991;

Залатая кніга беднага. Мн., 1994;

«Святло рамонкаў палявых». Мн., 1997;

Гронкі зорных суквеццяў. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)