аўтаномная вобласць на ПнЗ Італіі, у Альпах. Пл. 3262 км². Нас. каля 200 тыс.чал. (1990); гавораць на італьян. і франц. мовах, у раёне Монтэ-Роза — на ням. дыялектах. Гал. горад — Аоста. Займае даліну Вале-д’Аоста, часткова Пенінскія Альпы на Пн, масіў Манблан на ПнЗ (выш. да 4807 м) і Грайскія Альпы на ПдЗ. Густая сетка горных рэк бас.р. По. Характэрны горна-лясныя і горна-лугавыя ландшафты, ёсць ледавікі. Развіта горназдабыўная (жал. руда, антрацыт, мармур) прам-сць, электраметалургія, вытв-сць штучных і сінт. тканін; мяса- і плодакансервавыя, піваварныя прадпрыемствы. ГЭС. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Пад лугамі і пашай каля палавіны тэрыторыі. Вытв-сць сыру і масла. Невял. плошча пад збожжавымі, бульбай, садамі (яблыкі, грушы), вінаграднікамі. Турызм і гарналыжны спорт. Праз перавалы праходзяць чыгункі і аўтадарогі ў Францыю і Швейцарыю (у т. л. праз тунэль пад Манбланам, даўж. 11,6 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХАВІ́К, махавое кола,
кола з масіўным вобадам, якое ўстанаўліваюць на вале машыны з нераўнамернай нагрузкай для выраўноўвання яе ходу. Дазваляе мець прывод меншай магутнасці. Выкарыстоўваецца як акумулятар мех. энергіі ў поршневых рухавіках, помпах і інш. машынах з нераўнамерным вярчальным момантам на гал.вале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
гідраўлічная перадача, якая складаецца з лопасцевых колаў з агульнай поласцю, дзе круцільны момант перадаецца за кошт змены моманту колькасці руху рабочай вадкасці. Служыць для перадачы і бесступеньчатай змены круцільнага моманту ад рухавіка (вядучага вала) да прыводнай машыны (вядзёнага кола).
Лопасцевыя колы гідрадынамічнай перадачы (помпавае, злучанае з рухавіком, і турбіннае, злучанае з прыводнай машынай) размешчаны сувосева і збліжаны так, што ўтвараюць торападобную поласць, запоўненую рабочай вадкасцю. Помпавае кола прыводзіць у рух вадкасць, энергія якой перадаецца турбіннаму колу. Гідрадынамічная перадача з двума гэтымі коламі наз.гідрамуфтай. У яе аднолькавыя круцільныя моманты на вядучым і вядзёным валах. Выкарыстоўваецца ў прыводах буравых установак, сілкавальных помпаў і дымасосаў ЦЭС і інш. для аховы рухавікоў ад перагрузак. Гідрадынамічная перадача з трыма і болей коламі (помпавым, накіравальнага апарата — рэактара і турбінным) наз.гідратрансфарматарам. У ім вадкасць дадаткова праходзіць праз рэактар, які мяняе напрамак патоку і дазваляе бесступеньчата рэгуляваць круцільны момант і частату вярчэння вядзёнага (турбіннага) вала. Гідратрансфарматары выкарыстоўваюць у сілавых перадачах аўтамабіляў, цеплавозаў і інш.
Да арт.Гідрадынамічная перадача. а — гідрамуфта (1 — помпавае кола на вядучым вале; 2 — турбіннае кола на вядзёным вале); б — гідратрансфарматар (1 — помпавае кола на вядучым вале, 2 — накіравальны апарат, або рэактар, 3 — турбіннае кола на вядзёным вале).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́ННАЯ ПЕРАДА́ЧА,
механізм для перадачы вярчальнага руху паміж валамі пры дапамозе прываднога рэменя. Ахоплівае вядучы шкіў (звычайна на вале рухавіка) і вядзёны (на вале рабочага органа). Вызначаецца здольнасцю да перагрузак, плаўнасцю ходу, бясшумнасцю, дазваляе перадаваць вярчэнне на адлегласць да некалькіх дзесяткаў метраў, магутнасць да 30—50 кВт, аднак мае невялікі ккдз, нераўнамернасць вярчэння (з-за праслізгвання), грувасткасць. Выкарыстоўваецца ў прыводах с.-г. машын, станкоў, тэкст. машын і інш.
Раменныя перадачы: 1 — прынцыповая схема; 2—6 — віды перадач паводле формы папярочнага сячэння (плоска-, кліна-, круглараменная, поліклінавая, зубчастая); 7—10 — тыпы паводле канструкцыі (перакрыжаваная, паўперакрыжаваная, з некалькімі вядзёнымі шківамі, з нацяжным ролікам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВОРАЗМЯША́ЛЬНІК,
стацыянарная або перасоўная ўстаноўка для прыгатавання будаўнічых раствораў, што выкарыстоўваюцца пры каменнай муроўцы, тынкавальных работах і інш. Мае барабан, у які загружаюцца кампаненты раствораў (цэмент, пясок, вада) і перамешваюцца вінтавымі лопасцямі, ўстаноўленымі на вале з электрапрыводам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭФІЦЫЕ́НТ КАРЫ́СНАГА ДЗЕ́ЯННЯ (ккдз),
характарыстыка эфектыўнасці сістэмы (устройства, машыны) у адносінах да працэсу пераўтварэння або перадачы энергіі, які адбываецца ў гэтай сістэме. Ккдз — безразмерная велічыня η, якая вызначаецца адносінамі карысна выкарыстанай энергіі (Wк), пераўтворанай у работу пры цыклічным працэсе, да сумарнай колькасці энергіі (W), перададзенай сістэме: η = Wк/W.
Для эл. рухавіка Wк — работа на вале рухавіка, якая выконваецца за кошт спажываемай ім эл. энергіі; для рухавіка ўнутр. згарання Wк — работа на вале рухавіка, а W — энергія, якая вылучылася пры поўным згаранні паліва. У выніку розных страт энергіі (з-за вылучэння джоўлевай цеплыні, з-за гістэрэзіса, трэння, непаўнаты згарання паліва і інш.), а для цеплавых рухавікоў таксама з-за другога закону тэрмадынамікіккдз любой рэальнай устаноўкі заўсёды меншы за 1. Ккдз цеплавых электрастанцый дасягае 0,4, рухавікоў унутр. згарання 0,4—0,5, эл. генератараў 0,95, трансфарматараў 0,98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГА́Н (ваен.),
шматствольная артыл. гармата 16—18 ст. ў Еўропе, у т. л. на Беларусі; прататып шматствольнай артылерыі. Меў ад 6 да 50 і больш ствалоў (ружжаў, марцірак, малакаліберных пушак), якія замацоўваліся ў некалькі радоў на асобным вале або рамах, звычайна на калёсным лафеце. Страляў адначасова з усіх ствалоў аднаго раду. Выраблялі арганы ў многіх гарадах Беларусі: Быхаве, Нясвіжы, Полацку, Слуцку і інш. У Расіі такія гарматы наз.сарокамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМЛЬСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. паміж вёскамі Радамля і Аляксандраўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.Археал. даследаванні даюць падставу меркаваць, што ў замку было не менш як 4 вежы: уязная вежа-брама, баявая вежа на грэбенепадобным вале з Пн, 2 вежы размяшчаліся па перыметры сцен. Праз невял. «брамку-фортку» ў тоўшчы абарончых сцен быў выхад з замка да ракі. У 14—17 ст. драўляныя абарончыя сцены ставіліся тут на вале ў выглядзе вастракола і традыц. гародняў, абмазаных глінай. У паўднёвай, найб. ахаванай частцы замка, быў стараж. калодзеж, неабходны на час аблогі. 12.9.1527 замак «з дворы и бояры, и их именьи, и з селы» былі падараваны вял. князем ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам I Старым кн. М.І.Жаслаўскаму. У 1535 у час аблогі Р.з. моцна пацярпеў, але быў адноўлены. На працягу 1552—65 для пастаяннага гарнізона ў замак прывозіліся гакаўніцы, ручніцы, розная амуніцыя. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 тут фарміраваўся бел. казацкі полк К.Паклонскага, пазней размяшчаліся часці казакоў Нежынскага палка. Важнай ролі ў вайне Р.з. не адыгрываў і пасля 17 ст. ў гіст. крыніцах не ўпамінаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕНІКІ́НА [Domenichino; сапр.Цамп’еры
(Zampieri) Даменіка; 21.10.1581, г. Балоння, Італія — 6.4.1641),
італьянскі жывапісец-акадэміст, прадстаўнік балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў Балонні ў Л.Карачы. З 1602 працаваў пераважна ў Рыме. Творам Д. (фрэскі ў рымскіх цэрквах Сан-Луіджы дэі Франчэзі, 1616—17, і Сант-Андрэа дэла Вале, 1624—28; карціны «Апошняе прычасце св. Іераніма», 1614, «Паляванне Дыяны», 1617—18) уласцівы цэльная кампазіцыя, выразны ідэалізаваны малюнак, стракаты лакальны каларыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НДЭРБУНД (ням. Sonderbung асобы саюз),
саюз 7 кансерватыўна-каталіцкіх кантонаў Швейцарскага саюза (Люцэрн, Фрыбур, Цуг, Уры, Швіц, Унтэрвальдэн, Вале) у 1845—48. Супрацьстаяў імкненню пратэстанцкіх кантонаў да цэнтралізацыі і правядзення ліберальных рэформ, дамагаўся вяртання ў Швейцарыю езуітаў і адкрыцця іх кляштараў, шукаў падтрымкі ў Аўстрыі. Рашэнне федэральнага парламента аб роспуску З. прывяло да грамадз. вайны (пачалася 4.11.1847), у выніку якой З. пацярпеў паражэнне. 12.9.1848 уведзена новая ліберальная канстытуцыя, паводле якой Швейцарыя ператварылася ў адзіную саюзную дзяржаву.