ВА́ЛАХ ((Wallach) Ота) (27.3.1847, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, — 26.2.1931),

нямецкі хімік-арганік. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1869). З 1870 у Бонскім ун-це (з 1876 праф.), з 1889 у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па хіміі тэрпенаў. Адкрыў ліманэн, феландрэн, фенхан, тэрпіпален і інш., указаў на іх генетычную сувязь з ізапрэнам (1891), рэакцыю аднаўляльнага амініравання альдэгідаў і кетонаў сумессю першасных і другасных амінаў з мурашынай кіслатой (1909). Нобелеўская прэмія 1910.

О.Валах.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Валах М. Я. 9/456

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗІНТЭГРА́ТАР (ад дэз... + лац. integer цэлы),

1) машына для грубага здрабнення крохкіх малаабразіўных матэрыялаў (вугалю, гіпсу, серы, торфу, драўніны і інш.). Складаецца з двух ротараў, якія зманціраваны на асобных сувосевых валах і верцяцца ў процілеглых напрамках. На дысках ротараў размешчаны па канцэнтрычных акружнасцях 2—4 рады цыліндрычных пальцаў (білаў). Матэрыял паступае ў цэнтр. ч. ротара, пры яго вярчэнні адкідваецца ад цэнтра і здрабняецца ўдарамі пальцаў.

2) Апарат для ачысткі прамысл. газаў ад узважаных цвёрдых (пыл) або вадкіх часціц. Выкарыстоўваецца пераважна ў доменных цэхах.

Дэзінтэгратар: 1 — загрузачны бункер; 2, 3 — ротары з пальцамі; 4 — вал; 5 — махавік.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙНІ́ЦА,

адтуліна ў сцяне абарончага збудавання для вядзення агню са стралковай зброі (закрытыя байніцы) або прасвет паміж зубцамі ў завяршэнні крапасных сцен, вежах і інш. (адкрытыя байніцы). З’явіліся ў стараж. свеце. Пашырыліся ў сярэднявеччы, калі пачалося буд-ва замкаў, крэпасцяў, умацаванняў гарадоў, з 14—15 ст. і ў палявых абарончых умацаваннях. На Беларусі існавалі са стараж. часоў у драўляных абарончых збудаваннях, з 13 ст. — у мураваных вежах (Камянецкая вежа). Асабліва пашырыліся ў 14 ст. (Лідскі, Крэўскі, Гродзенскі Стары замкі). Прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў. Мелі прамавугольную, трапецападобную або паўцыркульную форму. У 15—16 ст. набылі круглаватую форму, бо сталі шырока выкарыстоўвацца ручная агнястрэльная зброя (рушніцы, аркебузы, мушкеты) і лёгкія гарматы (гакаўніцы). У 17 ст. над байніцамі круглаватай формы з’явіліся прамавугольныя вертыкальныя прарэзы для прыцэльвання (Любчанскі замак, Камайскі касцёл, кляштар брыгітак у Гродне). На валах земляных умацаванняў адкрытымі байніцамі служылі прасветы паміж напоўненымі зямлёй лазовымі кашамі. Байніцы, прызначаныя для вядзення агню з гармат, наз. амбразурамі, для кідання камення — машыкулямі.

А.​А.​Трусаў.

Байніцы Лідскага (злева) і Гродзенскага Старога замкаў.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

гідраўлічная перадача, якая складаецца з лопасцевых колаў з агульнай поласцю, дзе круцільны момант перадаецца за кошт змены моманту колькасці руху рабочай вадкасці. Служыць для перадачы і бесступеньчатай змены круцільнага моманту ад рухавіка (вядучага вала) да прыводнай машыны (вядзёнага кола).

Лопасцевыя колы гідрадынамічнай перадачы (помпавае, злучанае з рухавіком, і турбіннае, злучанае з прыводнай машынай) размешчаны сувосева і збліжаны так, што ўтвараюць торападобную поласць, запоўненую рабочай вадкасцю. Помпавае кола прыводзіць у рух вадкасць, энергія якой перадаецца турбіннаму колу. Гідрадынамічная перадача з двума гэтымі коламі наз. гідрамуфтай. У яе аднолькавыя круцільныя моманты на вядучым і вядзёным валах. Выкарыстоўваецца ў прыводах буравых установак, сілкавальных помпаў і дымасосаў ЦЭС і інш. для аховы рухавікоў ад перагрузак. Гідрадынамічная перадача з трыма і болей коламі (помпавым, накіравальнага апарата — рэактара і турбінным) наз. гідратрансфарматарам. У ім вадкасць дадаткова праходзіць праз рэактар, які мяняе напрамак патоку і дазваляе бесступеньчата рэгуляваць круцільны момант і частату вярчэння вядзёнага (турбіннага) вала. Гідратрансфарматары выкарыстоўваюць у сілавых перадачах аўтамабіляў, цеплавозаў і інш.

Да арт. Гідрадынамічная перадача. а — гідрамуфта (1 — помпавае кола на вядучым вале; 2 — турбіннае кола на вядзёным вале); б — гідратрансфарматар (1 — помпавае кола на вядучым вале, 2 — накіравальны апарат, або рэактар, 3 — турбіннае кола на вядзёным вале).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУЦК (летапісны Дрютьск, Дрьтеск, Дрьютск),

старажытны горад Полацкай зямлі. Знаходзіўся каля сучаснай в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Узнік на высокім правым беразе р. Друць на адным з адгалінаванняў шляху «з варагаў у грэкі». Паводле сведчання Друцкага евангелля 14 ст., існаваў ужо ў канцы 10 ст. У летапісах упершыню ўпамінаецца пад 1092. З 1-й пал. 12 ст. цэнтр Друцкага княства, якім валодалі нашчадкі полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. У 1116 разбураны войскамі паўд.-рус. князёў. З 1180 уцягнуты ў барацьбу смаленскіх князёў з чарнігаўскімі. Найб. росквіту дасягнуў у 1230—40-я г. З 13 ст. ў складзе ВКЛ. З 14 ст. існаваў Друцкі замак.

Новы прамы шлях з Вільні ў Маскву праз Талачын паскорыў заняпад Д.

Дзядзінец стараж. Д. (пл. каля 1 га) быў умацаваны валам і ровам. З Пн да дзядзінца прымыкаў вакольны горад, умацаваны таксама валам і ровам. На абодвух валах знаходзіліся вежы з сістэмай двайных брам і сцены-гародні. За сценамі горада размяшчаўся неўмацаваны пасад. Археал. раскопкі Д. праводзілі ў 1930 А.​Дз.​Каваленя, у 1956—62, 1965, 1967 Л.​В.​Аляксееў.

Л.​В.​Аляксееў.

Знаходкі на дзядзінцы Друцка: 1 — бронзавы крыж-энкалпіён; 2 — сярэбраная падвеска; 3 — касцяная шахматная фігурка; 4 — капавушка; 5 — пісала; 6 — амулет; 7 — шыфернае прасліца з надпісам; 8 — грэбень.
Гарадзішча старажытнага Друцка.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)