РЫЗО́ІД (ад грэч. rhiza корань + eidos выгляд),
ніткападобнае коранепадобнае ўтварэнне ў імхоў, лішайнікаў, некат. водарасцей і грыбоў. Служыць для прымацавання да субстрату і паглынання з яго вады і пажыўных рэчываў. Па знешнім выглядзе нагадвае каранёвы валасок. У маршанцыевых імхоў Р. — мёртвыя клеткі, па якіх вада ідзе як па кноце.
т. 13, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГУ́ЧЫЯ КЛЕ́ТКІ, крапіўныя клеткі, нематацыты, кнідацыты,
клеткі ў покрыўным эпітэліі і ў энтадэрме большасці кішачнаполасцевых, якія выконваюць функцыі нападзення на здабычу, яе ўтрымання і абароны ад ворагаў. Складаюцца з танкасценнай капсулы (нематацысты, кнідацысты), у поласці якой знаходзіцца спіральна закручаная ніць з пераважна ядавітай вадкасцю. На вонкавай паверхні клеткі ёсць нерухомы адчувальны валасок — кнідацыль, дакрананне да якога выклікае раздражненне Ж.к. і выкідванне жыгучай ніці. Укол ніці паралізуе і выклікае гібель дробнай, зрэдку болевы ацёк буйной жывёлы. Пасля выкідвання ніці Ж.к. гінуць.
т. 6, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)