Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНЫ́ СУД,
ніжэйшы саслоўны сял. суд у Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Засн. ў 1861. На аснове мясц. звычаяў разглядаў найб. пашыраныя крымін. і цывільныя справы. Паводле «Часовых правіл аб валасным судзе» 1889 поўнасцю залежаў ад мясц. адміністрацыі, шырока ўжываў цялесныя пакаранні.
т. 3, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНЫ́ СХОД,
распарадчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзены ў 1797 для дзярж. сялян. У сувязі са скасаваннем валасцей на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. валасныя сходы тут не склікаліся. Пасля сялянскай рэформы 1861 уведзены ў еўрап. частцы імперыі для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. адноўлены для б. дзярж. сялян.
Складаўся са службовых асоб і сялян, выбраных на сельскіх сходах па 1 ад 10 двароў; у зах. губернях удзельнічалі і парабкі. Вырашаў адм.-гасп. справы воласці, выбіраў службовых асоб, валасное праўленне, у пач. 20 ст. — упаўнаважаных сялян на выбарах у Дзярж. думу і інш. 3.6.1917 скасаваны Часовым урадам у сувязі са стварэннем валасных земстваў.
т. 3, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВА́,
1) назва ваен. і адм. пасад у Расіі ў 16—17 ст. Ваен. пасады: соценны галава, стралецкі галава, казацкі галава, абозны галава і інш. На пасаду галавы звычайна прызначаліся дваране і дзеці баярскія. Адм.-фін. пасады: жытнічы галава, пісьмовы галава, саляны галава, мытны галава і інш. 2) Выбарныя гар. і саслоўныя пасады ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. (гарадскі галава, валасны галава, рамесны галава).
т. 4, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНО́Е ПРАЎЛЕ́ННЕ,
выканаўчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзена ў 1797 для дзярж. сялян. Пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. выбіралася валасным сходам на 3 гады. Валасное праўленне ўзначальваў валасны старшына (галава). На Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве валасныя праўленні перасталі існаваць у сувязі са скасаваннем тут валасцей паводле названай рэформы. Пасля сялянскай рэформы 1861 дзейнічалі на землях б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. — і б. дзярж. сялян. Выконвалі абмежаваныя функцыі. 3.6.1917 скасаваны разам з валаснымі сходамі Часовым урадам.
т. 3, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАСЦЬ,
1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.
2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст. адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр. абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст. старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст. валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.
3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж. адм. сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б. дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл. Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).
В.Л.Насевіч, В.П.Панюціч.
т. 4, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕВА,
вёска ў Беларусі, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобл., на р. Мярэя. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдУ ад Дуброўна, 120 км ад Віцебска, 30 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 297 ж., 98 двароў (1995).
Вядома з 16 ст. як сяло. З 1772 у Копыскім, з 1861 у Горацкім пав. Магілёўскай губ. У 1880 у мястэчку Баева каля 1000 ж., 98 дамоў, валасное праўленне, 2 школы, 2 правасл. царквы, вадзяны млын, багадзельня, 7 крам. З 1919 мястэчка ў Гомельскай, з 1922 валасны цэнтр у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у складзе БССР, цэнтр сельсавета ў Ляднянскім, з 1931 — у Дубровенскім р-нах. Напярэдадні Вял. Айч. вайны ў Баеве было 1095 ж., 220 двароў. За час акупацыі (ліп. 1941 — 30.9.1943) ням.-фаш. захопнікі загубілі 110 жыхароў, вёску спалілі.
У Баеве базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. Воінаў.
т. 2, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)