ВАЛАНЦЁР (франц. volontaire),
асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен. час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.
т. 3, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАНО́ВІЧ (сапр. Лявонаў) Леанід Кірэевіч
(н. 14.9.1938, в. Клеявічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). З 1963 працаваў у рэдакцыях газет, час. «Неман», «Полымя», у 1980—82 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання. З 1984 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Кнігі нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973) пра вёску. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), зб. публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987). Прататып аповесці «Валанцёр свабоды» (1983) Ф.Варанішча — удзельнік рэв. руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У цыкле раманаў-хронік пра пасляваен. вёску «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), «Дзікая ружа» (1993), «Сіняе лета» (1998) імкненне паказаць нар. душу, жыццястойкасць бел. нацыі, матывы дома і сям’і, працягу роду. Аўтар кн. «Вяртанне ў радыяцыю» (1997). Піша п’есы (аднаактоўка «Ці любіце вы грэчку?», 1972; драмы «Пасля разводу», нап. 1972; «Чабор», 1973, апубл. 1980; гераічная хроніка «Павел і Хуаніта», нап. 1974). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма «Дом майстроў» (1973) і інш.
Тв.:
Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста: Аповесць, п’есы. Мн., 1998.
Літ.:
Рагуля А. Святло знутры // Роднае слова. 1998. № 9;
Бугаёў Дз. Дасягнутае і страчанае // Полымя. 1999. № 1.
І.У.Саламевіч.
т. 9, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЁМКІН (Рыгор Аляксандравіч) (24.9.1739, б. в. Чыжова Духаўшчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 16.10.1791),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Граф (1774), святлейшы князь Таўрычаскі (1783), ген.-фельдмаршал (1784). Вучыўся ў гімназіі Маскоўскага ун-та (1756—60). Служыў у коннай гвардыі (1760—68). Удзельнік дварцовага перавароту, у выніку якога прастол заняла Кацярына II (1762). З 1769 удзельнік рас.-тур. вайны 1768—74 (валанцёр, ген.-маёр, ген.-паручнік), вызначыўся ў многіх бітвах. З 1774 фаварыт Кацярыны П. У тым жа годзе атрымаў тытул графа, званне ген.-аншэфа, пасады чл. Дзярж. савета і віцэ-прэзідэнта (з 1784 прэзідэнт) Ваен. калегіі. З 1776 ген.-губернатар Новарасійскай, Азоўскай і Астраханскай губ. У 1783 далучыў да Расіі Крым. Аддаваў вял. ўвагу каланізацыі стэпаў Паўн. Прычарнамор’я і буд-ву на Чорным м. рас. ваен. і гандл. флатоў, ініцыіраваў заснаванне гарадоў Екацярынаслаў, Херсон, Мікалаеў, Севастопаль. У рас.-тур. вайну 1787—91 камандаваў Екацярынаслаўскай арміяй, якая ў снеж. 1788 ўзяла тур. крэпасць Ачакаў, з 1789 — аб’яднанай Паўд. арміяй. У 1791 вёў у г. Ясы (сталіца Малдаўскага княства) мірныя перагаворы з туркамі (перапынены ў выніку смерці П.). Адзін з найбуйнейшых памешчыкаў Расіі. На Беларусі валодаў у 1774—83 мяст. Дуброўна, з 1776 — Крычаўскай воласцю, дзе былі заснаваны Крычаўская суднаверф і Крычаўскія мануфактуры. Па запрашэнні П. каля Крычава ў с. Задобра ў 1785—87 жыў англ. філосаф І.Бентам. У 1904—05 і 1917 імем П. наз. эскадраны браняносец (з 1907 лінейны карабель) рас. Чарнаморскага флоту, вядомы ўдзелам у рэвалюцыі 1905—07.
Літ.:
О приватной жизни князя Потемкина: Потемкинский праздник. М., 1991;
Лопатин В.С. Потемкин и Суворов. М., 1992;
Иоанн Грозный. Петр Великий. Меншиков. Потемкин. Демидовы: Биогр. очерки. Челябинск, 1994.
М.Г.Нікіцін.
т. 12, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)