Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКНІ́СТЫЯ РАСЛІ́НЫ,
група раслін, валокны прыродныя якіх ідуць на розныя вырабы (пражу, тканіны, вяроўкі, канаты, рыбалоўныя снасці і інш.). Да іх належаць некаторыя водарасці, мохападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя і асабліва пакрытанасенныя. Каля 2000 відаў, выкарыстоўваюцца і культывуюцца каля 600.
Найб. важныя сямействы: мальвавыя (абутылон, або канатнік, бавоўнік, кенаф), лёнавыя (лён), ліпавыя (джут, ліпа), каноплевыя (каноплі), крапіўныя (крапіва, рамі), агававыя (агава), бананавыя (тэкст. банан). Як валакністы матэрыял выкарыстоўваюцца лубяныя і драўняныя валокны, а таксама валаскі раслін, у залежнасці ад чаго валакністыя расліны падзяляюцца на валасковыя, драўняныя і лубяныя. На Беларусі з валакністых раслін культывуюцца каноплі і лён, таксама трапляюцца дзікарослыя з родаў асака, крапіва, ліпа, пажарніца, рагоз, трыснёг, хацьма і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Сасудзіста-валакністыя пучкі (у раслін) 9/369
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАПАЎНЯ́ЛЬНІКІ,
высокадысперсныя парашкападобныя і валакністыя рэчывы, якія ўводзяць у састаў сумесей пры вытв-сці гумы, пластычных мас, фарбаў, інш. матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцей, палягчэння перапрацоўкі і змяншэння кошту. Н., што паляпшаюць уласцівасці матэрыялаў, наз. ўмацавальнымі (актыўнымі), валакністыя і ліставыя наз. таксама арміравальнымі.
Пры вырабе гумы як Н. выкарыстоўваюць сажу, мел, тальк, слюду, дыаксід крэмнію і інш. рэчывы, што паляпшаюць якасць гумы, пры вырабе пластмасы — драўняную муку, азбест, шкловалакно, графіт і інш., для лакафарбавых матэрыялаў — барыт, гіпс, бетаніт, слюду і інш. Як Н. выкарыстоўваюць таксама тэхн. вуглярод, каалін, хім. валокны, монакрышталічныя валокны некаторых металаў («вусы»), тканіну, паперу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЫГАРСКІ́Т (назва ад Палыгорскага радовішча на Урале),
гліністы мінерал падкласа ланцуговых сілікатаў, водны сілікат магнію, Mg2Al2[Si8O20](OH)2∙8H2O. Мае пераменны хім. састаў. Крышталізуецца ў рамбічнай, радзей манакліннай і трыкліннай сінганіях. Утварае зблытана-валакністыя, зямлістыя, губкава-валакністыя, ліставатыя агрэгаты. Колер белы з жаўтавата-шараватымі адценнямі. Цв. 2—3. Шчыльн. 2—2,3 г/см³. Трапляецца ў корах выветрывання магнезіяльных парод, у выглядзе тонкіх налётаў і праслояў у трэшчынах, як дамешак мантмарыланітавых і інш. глін, мергеляў, вапнякоў. Выкарыстоўваецца для свідравальных раствораў, як цепла- і гукаізаляцыйны матэрыял, сарбент і каталізатар у нафтахіміі; у металургічнай, атамнай прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМІ́Н, гемімарфіт,
мінерал класа астраўных сілікатаў, водны гідраксілсілікат цынку, Zn4[Si2O7][OH]2xH2O. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя або прызматычныя. Агрэгаты валакністыя, радыяльна-прамянёвыя, зярністыя і інш. Колер белы, жоўты, карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв. 4—5. Крохкі. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Утвараецца ў зоне акіслення свінцова-цынкавых радовішчаў. Руда цынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНАЛІ́Т (ад актына... + ...літ),
мінерал класа сілікатаў, манаклінны амфібол, Ca2(Mg,Fe2+)5[Si4O11]2(OH,F)2. Крышталі ігольчастыя, ніткападобныя. Агрэгаты прамяністыя, валакністыя або масіўныя (нефрыт). Колер зялёны, розных адценняў. Бляск шкляны. Паўпразрысты, рэдка празрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,2—3,3 г/см³. Пародаўтваральны мінерал метамарфічных сланцаў і кантактных скарнаў. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці аўтапакрышак як напаўняльнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАБАРАЦЫ́Т (ад гідра... + позналац. borax буракс),
мінерал, водны барат кальцыю і магнію CaMg[B3O4(OH)2]2∙3H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі падоўжаныя, агрэгаты пласцінкава-валакністыя, шчыльныя і тонказярністыя масы. Бясколерны, белы. Бляск шкляны да шаўкавістага. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,167 г/см³. Пашыраны мінерал галагенна- і вулканагенна-асадкавых радовішчаў борных руд. Радовішчы ў Казахстане, Германіі і інш.