НАПАЎНЯ́ЛЬНІКІ,
высокадысперсныя парашкападобныя і валакністыя рэчывы, якія ўводзяць у састаў сумесей пры вытв-сці гумы, пластычных мас, фарбаў, інш. матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцей, палягчэння перапрацоўкі і змяншэння кошту. Н., што паляпшаюць уласцівасці матэрыялаў, наз. ўмацавальнымі (актыўнымі), валакністыя і ліставыя наз. таксама арміравальнымі.
Пры вырабе гумы як Н. выкарыстоўваюць сажу, мел, тальк, слюду, дыаксід крэмнію і інш. рэчывы, што паляпшаюць якасць гумы, пры вырабе пластмасы — драўняную муку, азбест, шкловалакно, графіт і інш., для лакафарбавых матэрыялаў — барыт, гіпс, бетаніт, слюду і інш. Як Н. выкарыстоўваюць таксама тэхн. вуглярод, каалін, хім. валокны, монакрышталічныя валокны некаторых металаў («вусы»), тканіну, паперу.
т. 11, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)