Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Вакуумная помпа 2/562, 563
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Вакуумная тэхніка 2/562—563; 6/617; 8/516; 11/104
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ТЭ́ХНІКА,
апаратура, прызначаная для стварэння, падтрымання, выкарыстання і вымярэння вакууму. Да вакуумнай тэхнікі адносяцца металічныя (часам шкляныя) вакуумныя ўстаноўкі (рабочыя камеры) з вакуумнымі помпамі; вакуумная арматура (клапаны, вентылі, краны, засаўкі, нацякальнікі і інш.); сродкі вымярэння ціску (вакуумметры), цечашукальнікі (заснаваныя на выяўленні пробных рэчываў).
Устаноўкі абсталёўваюць таксама вакуумнымі пячамі, вакуумфільтрамі, электрычнымі, электроннымі і інш. прыладамі. Вял. значэнне ў вакуумнай тэхніцы маюць вакуумна-шчыльныя злучэнні (раздымныя, паяныя, зварныя). Вакуумная тэхніка шырока выкарыстоўваецца ў электроніцы (напр., вакуумная напыляльная тэхніка), фізіцы цвёрдага цела і плазмы, ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, металургіі (гл.Вакуумная металургія), розных тэхнал. працэсах (пры вакуумаванні бетону, сталі і матэрыялаў, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, нанясенні на вырабы вакуумных пакрыццяў, зварцы і пайцы металаў, сушцы метадам сублімацыі тэрмаадчувальных рэчываў, атрыманні звышчыстых матэрыялаў і інш.). У вял. вакуумных камерах імітуюць умовы касм. прасторы.
Літ.:
Розанов Л.Н. Вакуумная техника. М., 1982;
Кузьмин В.В., Левина Л.Е., Творогов И.В. Вакуумметрическая аппаратура техники высокого вакуума и течеискания. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,металургія, у якой атрыманне металаў і сплаваў, наданне ім патрэбных уласцівасцяў заснавана на выкарыстанні вакууму. Пры выплаўцы і тэрмічнай апрацоўцы ў вакууме адсутнічае шкоднае ўзаемадзеянне металаў з газамі навакольнага асяроддзя, лепш праходзяць дэгазацыя, раскісленне і рафінаванне металаў, іншыя тэхнал. працэсы. Вакуумная металургія дае магчымасць атрымліваць высакаякасныя металы і сплавы, у т. л. рэакцыйна-актыўныя і тугаплаўкія, выплаўляць спец. сплавы. Метады вакуумнай металургіі выкарыстоўваюцца пры рафінаванні металаў, іх вакуумна-дугавым пераплаве, у працэсах вакуумавання сталі, вакуумнай плаўкі, вакуумнага ліцця, нанясення вакуумных пакрыццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ПЛА́ЎКА,
плаўка металаў і сплаваў у вакууме (звычайна пры 100—0,1 Па). Дае магчымасць ачысціць метал ад газаў, лятучых прымесяў, неметал. уключэнняў, таму гэты метад выкарыстоўваюць у вытв-сці металаў для асабліва адказных вырабаў. Ажыццяўляецца ў дугавых, індукцыйных, электронна-прамянёвых вакуумных пячах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ПЕЧ,
печ для апрацоўкі металу пад вакуумам. Бываюць награвальныя (для тэрмічнай апрацоўкі сталі) і плавільныя (для вытв-сці хім. актыўных і тугаплаўкіх металаў, высакаякасных сталяў, інш. сплаваў). Найб. пашыраны дугавыя і індукцыйныя вакуумныя печы. Для выплаўкі асабліва якасных сплаваў прымяняюць электронна-прамянёвыя печы і плазменна-дугавыя печы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ПО́МПА,
прыстасаванне для стварэння і падтрымання вакууму. Бываюць форвакуумныя (поршневыя, пласцініста-ротарныя, залатніковыя), бустэрныя (двухротарныя, параструменныя), высокавакуумныя (дыфузійныя, турбамалекулярныя), звышвысокавакуумныя (крыягенныя, магнітныя электраразрадныя). Асн. параметры вакуумнай помпы — гранічны астаткавы ціск (у паскалях) і хуткадзеянне (літы за секунду). Выкарыстоўваюцца пры вытв-сці асвятляльных лямпаў, кінескопаў, касм. апаратаў, пры нанясенні вакуумных пакрыццяў, у вакуумнай металургіі, харч. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ЗБРО́Я,
боепрыпасы з выбуховым рэчывам аб’ёмна-дэтанацыйнага дзеяння. Прызначана для паражэння цэляў са складкамі мясцовасці, у збудаваннях адкрытага тыпу, мінных палёў. Утварае газападобнае або дробнадысперснае аэразольнае воблака значных памераў. Асн. паражальны фактар — ударная хваля, якая ўтвараецца пры падрыванні гэтага воблака (ціск у цэнтры воблака прыкладна ўтрая перавышае нармальны атмасферны). За зонай лішкавага ціску ўтвараецца працяглая зона разрэджання (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЬЮ́АРА ПАСУ́ДЗІНЫ
(ад прозвішча Дж. Дзьюара),
пасудзіны з падвойнымі сценкамі, паміж якімі ствараецца высокі вакуум (з ціскам да 1,3 мПа). Служаць для цеплаізаляцыі рэчываў, што змяшчаюцца ў іх пры нізкай або высокай т-ры.
Невял. пасудзіны робяць з высокатрывалага шкла, значнага аб’ёму для прамысл. выкарыстання — з металу. З-за высокага вакууму паміж сценкамі практычна адсутнічае канвекцыйны цеплаабмен. Прамянёвы цеплаабмен памяншаюць паліраваннем і пакрыццём унутр. сценак тонкім слоем серабра, выкарыстаннем матэрыялаў з малым каэф. цеплаправоднасці. Пасудзіны для вадкага гелію і вадароду маюць экран, які ахаладжаецца вадкім азотам або паветрам. Дз.п. выкарыстоўваюць для захоўвання і перавозкі звадкаваных газаў, захоўвання рэчываў (тэрмасы), у крыягеннай тэхніцы (крыястаты), у электроніцы і навук. даследаваннях.
Дзьюара пасудзіны: а — шкляная лабараторная; б — металічная прамысловая для вадкага гелію або вадароду (1 — адсарбцыйная камера, 2 — вакуумная шматслойная ізаляцыя, 3 — вадкі азот для ахаладжэння, 4 — экран, 5 — вакуумная прастора).