Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Вакуумная помпа 2/562, 563
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Вакуумная тэхніка 2/562—563; 6/617; 8/516; 11/104
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ТЭ́ХНІКА,
апаратура, прызначаная для стварэння, падтрымання, выкарыстання і вымярэння вакууму. Да вакуумнай тэхнікі адносяцца металічныя (часам шкляныя) вакуумныя ўстаноўкі (рабочыя камеры) з вакуумнымі помпамі; вакуумная арматура (клапаны, вентылі, краны, засаўкі, нацякальнікі і інш.); сродкі вымярэння ціску (вакуумметры), цечашукальнікі (заснаваныя на выяўленні пробных рэчываў).
Устаноўкі абсталёўваюць таксама вакуумнымі пячамі, вакуумфільтрамі, электрычнымі, электроннымі і інш. прыладамі. Вял. значэнне ў вакуумнай тэхніцы маюць вакуумна-шчыльныя злучэнні (раздымныя, паяныя, зварныя). Вакуумная тэхніка шырока выкарыстоўваецца ў электроніцы (напр., вакуумная напыляльная тэхніка), фізіцы цвёрдага цела і плазмы, ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, металургіі (гл.Вакуумная металургія), розных тэхнал. працэсах (пры вакуумаванні бетону, сталі і матэрыялаў, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, нанясенні на вырабы вакуумных пакрыццяў, зварцы і пайцы металаў, сушцы метадам сублімацыі тэрмаадчувальных рэчываў, атрыманні звышчыстых матэрыялаў і інш.). У вял. вакуумных камерах імітуюць умовы касм. прасторы.
Літ.:
Розанов Л.Н. Вакуумная техника. М., 1982;
Кузьмин В.В., Левина Л.Е., Творогов И.В. Вакуумметрическая аппаратура техники высокого вакуума и течеискания. М., 1984.
У.М.Сацута.
Да арт. Вакуумная тэхніка. Вакуумныя помпы: а — эжэктарная (струменная); б — крыягенная з аўтаномным халадзільным прыстасаваннем.Да арт. Вакуумная тэхніка. Электронны іанізацыйны вакуумметр: 1 — калектар; 2 — анод; 3 — катод.Да арт. Вакуумная тэхніка. Вакуумна-шчыльныя злучэнні: а — раздымныя з эластычнай пракладкай (1 — пракладка, 2 — фланцы); б — паяныя (1, 3 — злучальныя дэталі; 2 — прыпой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,
металургія, у якой атрыманне металаў і сплаваў, наданне ім патрэбных уласцівасцяў заснавана на выкарыстанні вакууму. Пры выплаўцы і тэрмічнай апрацоўцы ў вакууме адсутнічае шкоднае ўзаемадзеянне металаў з газамі навакольнага асяроддзя, лепш праходзяць дэгазацыя, раскісленне і рафінаванне металаў, іншыя тэхнал. працэсы. Вакуумная металургія дае магчымасць атрымліваць высакаякасныя металы і сплавы, у т. л. рэакцыйна-актыўныя і тугаплаўкія, выплаўляць спец. сплавы. Метады вакуумнай металургіі выкарыстоўваюцца пры рафінаванні металаў, іх вакуумна-дугавым пераплаве, у працэсах вакуумавання сталі, вакуумнай плаўкі, вакуумнага ліцця, нанясення вакуумных пакрыццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ПЛА́ЎКА,
плаўка металаў і сплаваў у вакууме (звычайна пры 100—0,1 Па). Дае магчымасць ачысціць метал ад газаў, лятучых прымесяў, неметал. уключэнняў, таму гэты метад выкарыстоўваюць у вытв-сці металаў для асабліва адказных вырабаў. Ажыццяўляецца ў дугавых, індукцыйных, электронна-прамянёвых вакуумных пячах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ПЕЧ,
печ для апрацоўкі металу пад вакуумам. Бываюць награвальныя (для тэрмічнай апрацоўкі сталі) і плавільныя (для вытв-сці хім. актыўных і тугаплаўкіх металаў, высакаякасных сталяў, інш. сплаваў). Найб. пашыраны дугавыя і індукцыйныя вакуумныя печы. Для выплаўкі асабліва якасных сплаваў прымяняюць электронна-прамянёвыя печы і плазменна-дугавыя печы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ЗБРО́Я,
боепрыпасы з выбуховым рэчывам аб’ёмна-дэтанацыйнага дзеяння. Прызначана для паражэння цэляў са складкамі мясцовасці, у збудаваннях адкрытага тыпу, мінных палёў. Утварае газападобнае або дробнадысперснае аэразольнае воблака значных памераў. Асн. паражальны фактар — ударная хваля, якая ўтвараецца пры падрыванні гэтага воблака (ціск у цэнтры воблака прыкладна ўтрая перавышае нармальны атмасферны). За зонай лішкавага ціску ўтвараецца працяглая зона разрэджання (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ПО́МПА,
прыстасаванне для стварэння і падтрымання вакууму. Бываюць форвакуумныя (поршневыя, пласцініста-ротарныя, залатніковыя), бустэрныя (двухротарныя, параструменныя), высокавакуумныя (дыфузійныя, турбамалекулярныя), звышвысокавакуумныя (крыягенныя, магнітныя электраразрадныя). Асн. параметры вакуумнай помпы — гранічны астаткавы ціск (у паскалях) і хуткадзеянне (літы за секунду). Выкарыстоўваюцца пры вытв-сці асвятляльных лямпаў, кінескопаў, касм. апаратаў, пры нанясенні вакуумных пакрыццяў, у вакуумнай металургіі, харч. прам-сці і інш.
Механічныя вакуумныя помпы: а — вярчальная двухступенная пласцініста-ротарная; б — двухротарная.