ВА́КУУМНА-ДУГАВЫ́ ПЕРАПЛА́Ў,
паўторная плаўка (пераплаў) металу ў вакуумнай дугавой печы. Метал плавіцца цяплом эл. дугі і сцякае ў крышталізатар, які ахалоджваецца вадой. Вакуум ствараецца ў пячах з дапамогай вакуумных помпаў. Магутнасць эл. дугі ўстанаўліваюць такую, каб утварыць шчыльную бездэфектную макраструктуру. Пераплаўлены метал вызначаецца высокімі вязкасцю і пластычнасцю, павышанай стомленаснай трываласцю і інш. Вакуумна-дугавым спосабам пераплаўляюць сталь, сплавы на аснове нікелю, а таксама тытан, цырконій, малібдэн і інш. тугаплаўкія металы.
т. 3, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ МЕТАЛУРГІ́Я , металургія, у якой атрыманне металаў і сплаваў, наданне ім патрэбных уласцівасцяў заснавана на выкарыстанні вакууму. Пры выплаўцы і тэрмічнай апрацоўцы ў вакууме адсутнічае шкоднае ўзаемадзеянне металаў з газамі навакольнага асяроддзя, лепш праходзяць дэгазацыя, раскісленне і рафінаванне металаў, іншыя тэхнал. працэсы. Вакуумная металургія дае магчымасць атрымліваць высакаякасныя металы і сплавы, у т. л. рэакцыйна-актыўныя і тугаплаўкія, выплаўляць спец. сплавы. Метады вакуумнай металургіі выкарыстоўваюцца пры рафінаванні металаў, іх вакуумна-дугавым пераплаве, у працэсах вакуумавання сталі, вакуумнай плаўкі, вакуумнага ліцця, нанясення вакуумных пакрыццяў.
т. 3, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЕ ЛІЦЦЁ,
атрыманне адлівак ліццём вадкага металу ў ліцейную форму пад вакуумам (40—0,3 Па). Ажыццяўляецца вакуумным усмоктваннем металу ў форму, вакуумна-цэнтрабежнай заліўкай, ліццём у вакууме пад ціскам, заліўкай формы свабодна падаючым струменем у вакуумнай камеры і інш. Пры вакуумным ліцці з формы выдаляюцца газы, што дае магчымасць атрымаць шчыльныя, з гладкай паверхняй высакаякасныя адліўкі. Вакуумнае ліццё выкарыстоўваецца ў вытв-сці нікелю, тытану, цырконію, урану, берылію, іншых каляровых металаў і іх сплаваў. У спалучэнні з вакуумнай плаўкай пашыраны пры вырабе фасонных адлівак са спец. сплаваў і сталяў.
т. 3, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУУМАВА́ННЕ бетону, выдаленне (адсмоктванне) залішняй вады з укладзенай у апалубку бетоннай сумесі. Ажыццяўляецца з дапамогай шчытоў (маюць т.зв. вакуум-поласці), якімі ўкрываюць забетанаваную канструкцыю. У выніку разрэджвання, якое ствараецца ў вакуум-поласці вакуумнай помпай, шчыты прыціскаюцца да паверхні бетону і з яго адсмоктваецца вада. Павышае трываласць і марозаўстойлівасць бетону, зніжае патрэбу ў цэменце. Вакуумаванне сталі — апрацоўка сталі вакуумам перад разліўкай. Робіцца ў каўшах, спец. камерах, інш. прыстасаваннях у працэсе вакуумна-дугавога пераплаву, вакуумнай плаўкі і інш. Садзейнічае выдаленню са сталі шкодных газаў, лятучых прымесяў і неметал. уключэнняў, яе раскісленню, атрыманню высакаякасных сталяў. Вакуумаванне матэрыялаў (вадкіх і паўвадкіх) робіцца з мэтай выдалення газавых прымесяў, што паляпшае іх тэхнал. і эксплуатацыйныя ўласцівасці. Вакуумуюць керамічныя і ферытавыя шлікеры перад ліццём або прасаваннем з іх вырабаў, кампаўнды перад прапіткай, электраліты і інш. Вакуумаванне вядзецца ў герметычнай пасудзіне (баку), з перамешваннем матэрыялу, часам з падагрэвам. Вакуумаванне пашырана таксама ў тэхнал. працэсах хім., фармацэўтычнай і харч. прам-сці.
т. 3, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ТЭ́ХНІКА,
апаратура, прызначаная для стварэння, падтрымання, выкарыстання і вымярэння вакууму. Да вакуумнай тэхнікі адносяцца металічныя (часам шкляныя) вакуумныя ўстаноўкі (рабочыя камеры) з вакуумнымі помпамі; вакуумная арматура (клапаны, вентылі, краны, засаўкі, нацякальнікі і інш.); сродкі вымярэння ціску (вакуумметры), цечашукальнікі (заснаваныя на выяўленні пробных рэчываў).
Устаноўкі абсталёўваюць таксама вакуумнымі пячамі, вакуумфільтрамі, электрычнымі, электроннымі і інш. прыладамі. Вял. значэнне ў вакуумнай тэхніцы маюць вакуумна-шчыльныя злучэнні (раздымныя, паяныя, зварныя). Вакуумная тэхніка шырока выкарыстоўваецца ў электроніцы (напр., вакуумная напыляльная тэхніка), фізіцы цвёрдага цела і плазмы, ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, металургіі (гл. Вакуумная металургія), розных тэхнал. працэсах (пры вакуумаванні бетону, сталі і матэрыялаў, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, нанясенні на вырабы вакуумных пакрыццяў, зварцы і пайцы металаў, сушцы метадам сублімацыі тэрмаадчувальных рэчываў, атрыманні звышчыстых матэрыялаў і інш.). У вял. вакуумных камерах імітуюць умовы касм. прасторы.
Літ.:
Розанов Л.Н. Вакуумная техника. М., 1982;
Кузьмин В.В., Левина Л.Е., Творогов И.В. Вакуумметрическая аппаратура техники высокого вакуума и течеискания. М., 1984.
У.М.Сацута.
т. 3, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)