ВАКУО́ЛЯ

(франц. vacuole ад лац. vacuus пусты),

поласць у цытаплазме жывёльных і раслінных клетак, абмежаваная мембранай і запоўненая вадкасцю. У цытаплазме прасцейшых знаходзяцца стрававальныя вакуолі (маюць ферменты, якія раскладаюць рэчывы) і скарачальныя вакуолі (выконваюць функцыі асмарэгуляцыі і выдзялення). Для шматклетачных жывёл характэрны стрававальныя і аўтафагіруючыя вакуолі; яны ўваходзяць у групу другасных лізасом і маюць гідралітычныя ферменты. У раслін вакуолі — вытворныя эндаплазматычнай сеткі, акружаныя пранікальнай мембранай — танапластам. Функцыі вакуоляў: рэгуляцыя водна-салявога абмену, падтрыманне тургарнага ціску ў клетцы, назапашванне нізкамалекулярных водарастваральных метабалітаў, запасных рэчываў і выдаленне з абмену таксічных рэчываў.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЭ́РЫЯ

(Vaucheria),

род ніткаватых жоўта-зялёных водарасцей сям. вашэрыевых. Больш за 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. Жывуць у прэсных і марскіх вадаёмах, на вільготнай глебе ўтвараюць зялёныя аксамітныя дзернавінкі. На Беларусі ў азёрах і невял. вадаёмах трапляецца 1 таксанамічна не вызначаны від.

Ніткі тонкія, трубчастыя, слабаразгалінаваныя, зялёныя або жоўта-зялёныя, без перагародак (уяўляюць сабой адну вял. шмат’ядравую клетку), прымацаваныя да субстрату рызоідамі. У цэнтр. ч. вакуоля з клетачным сокам. Хларапласт дыскападобны, без пірэноіда. Запасное рэчыва — алей. Бясполае размнажэнне апланаспорамі, зааспорамі і цыстамі, палавое — аагамія. Палавыя органы — аагоніі і антэрыдыі (асн. сістэматычная прыкмета роду), утвараюцца на бакавых галінках. Вегетатыўнае размнажэнне бывае рэдка.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)