буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра. Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае яе праграмнасць (гл.Праграмная музыка), характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі адрозніваюцца большай цэласнасцю (значнай роляй скразнога сімф. развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш.). У некаторых з іх выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі, элементы сцэн. дзеяння. Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф.Ліста (гл.Сімфанічная паэма). У рус. музыцы 19—20 ст. вядомыя вак.-сімф. паэмы «Званы» С.Рахманінава, «Паэма памяці С.Ясеніна» Г.Свірыдава і інш. Пачатак бел.вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М.Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933), Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937). Да гэтага жанру ў бел. музыцы належаць «Буравеснік» Я.Цікоцкага (1944), «Попел» С.Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз.Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г.Вагнера, «Янка Купала» В.Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—90-х г. — «Радуйся, Францыск Скарына» Э.Наско, «Зямля» Э.Казачкова, «Памяці маці» У.Кур’яна, «Настальгія» Г.Ермачэнкава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,
эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш.бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕРАСЫ́»,
вакальна-інструментальны ансамбль. Створаны ў 1974, да 1996 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік нар. артыст Беларусі В.Раінчык. У рэпертуары песенная лірыка, творы бел. (у т. л. У.Будніка, Я.Глебава, Л.Захлеўнага, В.Іванова, І.Лучанка, Раінчыка, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Э.Ханка, І.Цвятковай) і зарубежных кампазітараў. З пач. 1980-х г. шырока выкарыстоўвае камп’ютэры і сінтэзатары, выконвае пераважна электронную музыку. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРЛЮ́ДЫЯ (ад лац. inter паміж + ludus ігра),
1) устаўная інструментальная ці вакальна-інструментальная п’еса паміж актамі драм. або муз. спектакля. Часцей наз.інтэрмедыяй.
2) Невял. п’еса, якая падзяляе або звязвае асн. часткі муз. твора. Сустракаецца ў муз.-сцэн. («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), цыклічных («Ludus tonalis» П.Хіндэміта) творах, як частка сюіты («Мадрыгал» для голасу з фп. М.Мяскоўскага), а таксама ў фугах, паміж строфамі харала. Тэрмін «І.» часам ужываюць у значэнні інтэрмецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БІ́ТЛЗ»
(англ. «The Beatles»),
англійскі вакальна-інстр. квартэт. Створаны ў 1956 у г. Ліверпул, выступаў да 1970. У склад «Бітлз» уваходзілі: П.Макартні, Дж.Ленан, Дж.Харысан (электрагітары), Рынга Стар (сапр. Рычард Старкі; ударныя). Набыў папулярнасць выкананнем песень у стылі «біг-біт» (спалучэнне элементаў негрыцянскага джаза і блюза; ранняя форма рок-музыкі). З сярэдзіны 1960-х г. кампазіцыйна-выканальніцкая манера стала больш самабытнай і складанай, аб’яднала сучасныя тэмбра-рытмічныя і акустычныя прыёмы з матывамі старадаўняга кельцкага муз. фальклору і англ. баладнага стылю 17—18 ст.
Літ.:
Дэвис Х. Битлз: Авторизованная биогр.: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІ́ШЫН (Юрый Васілевіч) (н. 23.2.1956, г.п. Валавец Закарпацкай вобл., Украіна),
бел. танцоўшчык, балетмайстар. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў культасветвучылішча ў г. Хуст Закарпацкай вобл. (1974). Працаваў на Украіне: у 1974—77 у Закарпацкім нар. хоры, у ансамблі Закарпацкай ваен. акругі, у 1978 саліст балета Укр.нар. хору імя Р.Вяроўкі. У 1977 у Дзярж. ансамблі танца Беларусі, ансамблі «Харошкі». З 1979 у Дзярж.акад.нар. хоры Рэсп. Беларусь імя Г.Цітовіча, з 1996 балетмайстар. Выканаў сольныя партыі танцаў «Лявоніха», «Вілейскія кавалеры», «Дзяўчына з Палесся», «Таўкачы», «Прысюды», вак.-харэагр. кампазіцыі «На зямлі беларускай». Творчая манера адметная віртуознасцю, вытанчанай пластычнасцю, высокай культурай выканання, шырокім выкарыстаннем складаных танц. элементаў. Паставіў вакальна-харэаграфічную кампазіцыю «Жніўная» (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧО́ВА (Ала Барысаўна) (н. 15.4.1949, Масква),
расійская эстрадная спявачка. Нар.арт. Расіі (1985). Нар.арт.СССР (1991). Скончыла Муз. вучылішча імя М.Іпалітава-Іванава ў Маскве (1969), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя А.Луначарскага (1981). З 1970 артыстка Ліпецкай філармоніі, салістка эстр.арк. пад кіраўніцтвам А.Лундстрэма, вакальна-інстр. ансамбля «Вясёлыя рабяты», Расканцэрта. З 1988 маст. кіраўнік т-ра-студыі «Тэатр песні». У рэпертуары песні рас. і замежных кампазітараў, шмат з якіх выканала ўпершыню, уласныя песні. Яе выкананне вылучаецца драматург. пабудаванасцю, рэжысёрскай прадуманасцю кампазіцый. «Гран-пры» на Міжнар. фестывалях эстраднай песні «Залаты Арфей» (1975, Балгарыя) і «Бурштынавы салавей» у Сопаце (1978, Польшча). Здымалася ў кіно («Жанчына, якая спявае», «Прыйшла і гавару» і інш.). Яе творчасці прысвечаны тэлефільмы «Тэатр Алы Пугачовай» (1978), «У Алы» (1979), «Маналогі спявачкі» (1981) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МУ́ЗЫКІ,
вышэйшая музычная навучальная ўстанова. Створана ў 1932 у Мінску як Бел.дзярж. кансерваторыя на аснове Бел.муз. тэхнікума (існаваў з 1924) і Беларускай студыі оперы і балета, з 1992 акадэмія. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: фартэпіянна-кампазітарска-музыказнаўчы, аркестравы, вакальна-харавы, нар. інструментаў, павышэння кваліфікацыі; кафедра харэаграфіі (з 1994). Сярод выкладчыкаў 3 дактары навук, 26 праф., 35 кандыдатаў навук, 69 дацэнтаў. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1963, асістэнтура-стажыроўка з 1970. З 1939 працуе Оперная студыя Беларускай акадэміі музыкі. У 1947 пры акадэміі створана Сярэдняя спец.муз. школа, у 1992 пераўтвораная ў Рэсп. ліцэй. Філіял акадэміі — пед. факультэт у Магілёве (з 1990). Рэктары: М.Казакоў (1932—37), М.Бергер (1937—41), М.Аладаў (1944—48), А.Багатыроў (1948—62), У.Алоўнікаў (1962—82), І.Лучанок (1982—85), М.Казінец (з 1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕСНЯРЫ́»,
бел.вакальна-інструментальны ансамбль. Створаны ў 1969 пры Бел. філармоніі, з 1985 Дзярж.бел. эстрадны ансамбль «П.» Маст. кіраўнік У.Г.Мулявін. Ансамбль вылучаецца экспрэсіўнасцю выканання, каларытнасцю гучання. Творчасці характэрны апора на нац. традыцыі, творчы пошук, падпарадкаванасць мелодыцы і паэт. сэнсу песеннага сказа, уменне перадаць фальклорныя песенныя інтанацыі сучаснымі сродкамі. У рэпертуары апрацоўкі бел.нар. песень («Ой, рана на Йвана», «Перапёлачка», «Касіў Ясь канюшыну», «Купалінка», «А ў полі вярба», «Рэчанька», «Хлопец пашаньку пахае», «Як я ехаў да яе», цыкл каляндарна-абрадавых), творы бел. кампазітараў («Спадчына», «Хатынь», «Алеся», «Вераніка», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», паэма-легенда «Гусляр» І.Лучанка, «Ты мне вясною прыснілася», «Явар і каліна» Ю.Семянякі, «Александрына», «Завушніцы», «Балада пра чатырох заложнікаў», муз. паэма «Песня пра долю», цыкл песень на вершы Я.Купалы, песенныя праграмы з муз. Мулявіна «Праз усю вайну», «Ва ўвесь голас», «Вянок» паводле твораў М.Багдановіча, «Голас душы» на нар. тэксты і інш.). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі засл. арт. Беларусі Л.Барткевіч, В.Дайнэка, А.Дзямешка, А.Кашапараў, У.Місевіч, І.Пеня, Л.Тышко. У 1990-я г. склад П. цалкам абноўлены. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. 1-я прэмія міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» у Лейпцыгу (1973), лаўрэат II фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978).