«МАШЫ́НА ЧА́СУ»,

расійская рок-група. Створана ў 1979 у Маскве (працавала з 1968). Арганізатар і кіраўнік А.Макарэвіч. Напачатку адчуваўся ўплыў вак. квартэта «Бітлз», пераважалі песні на англ. мове, пазней характар музыкі і прыёмы аранжыроўкі мяняліся ад хард-рока і белага блюза да джаз- і арт-рока, стылістыкі «новай хвалі»; з сярэдзіны 1970-х г. у рэпертуары пераважна рускамоўныя песні. У першым складзе «М.ч.» выступалі: Макарэвіч (гітара, вакал), І.Мазаеў і П.Рубен (бас-гітара), А.Дваноў (рытм-гітара), Ю.Барзоў (ударныя); пазней — А.Зайцаў, М.Капітаноўскі, А.Куцікаў, Я.Маргуліс, П.Падгарадзецкі, В.Яфрэмаў і інш. Сярод грампласцінак з запісамі «М.ч.»: «Паляўнічыя на ўдачу», «Рэкі і масты», «У добры час», «Праз 10 гадоў», «У крузе святла», «Песні пад гітару» (сольны альбом Макарэвіча), «Машыне часу» 20 гадоў»; аўдыёкасеты — «Сонечны востраў», «Чужыя сярод чужых», «Рыбка ў бляшанцы» і інш. Музыка ў выкананні «М.ч.» выкарыстана ў кінафільмах «Душа», «Пачні з пачатку», «Скорасць», «Прарыў», «Без мундзіра», «Рок і фартуна» і інш.

Літ.:

Житинский А Путешествие рок-дилетанта. Л., 1990.

В.С.Палякова.

т. 10, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУЖЫ́НА,

1) атрад воінаў, якія аб’ядноўваліся вакал племяннога правадыра ў перыяд разлажэння родавага ладу, пазней вакол князя (караля). У стараж. германцаў згадваецца ў гіст. крыніцах у 1 ст. да н.э. як часовая, а з 1 ст. н.э. як пастаянная.

2) У Стараж. Русі арганізаваныя паводле пэўных прынцыпаў прафес. вайсковыя атрады пры князю, якія ўдзельнічалі ў ваен. паходах, кіраванні княствам і асабістай гаспадаркай князя.

3) Войска цалкам.

4) Карпаратыўная арг-цыя раннефеад. знаці вакол асоб княжацкага паходжання ў 9—13 ст. або асобныя яе часткі. Складаная на чале з князем іерархія дружыннікаў розных рангаў і баяр («старэйшая» Д.), уласна дружыннікаў і т.зв. («малодшая» Д.). У земскай Д. месца князя займала абшчына ў асобе вечавых устаноў. Д. выконвала ўрадавыя, адм., суд. і паліцэйскія функцыі. У ваен. сэнсе — заўжды гатовы да дзеяння аддзел пры князю ці земскай абшчыне. Да 13 ст. прыйшла ў заняпад, саступіла месца інш. прынцыпам арганізацыі пануючага класа (у прыватнасці, двару, пачалося фарміраванне дваранства). Канчатковае знікненне Д. даследчыкі датуюць 12—14 ст. 5) Назва кампаній, арцелей іканапісцаў (14—15 ст.), манастырскай браціі (16 ст.).

Літ.:

Горский А.А. Древнерусская дружина. М., 1989;

Ласкавы Г.В. Да пытання аб арганізацыі і складзе ўзброеных сіл Полацкай зямлі ў канцы XI — пачатку XIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 2.

т. 6, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,

твор кіна-, тэле- і відэамастацтва, у якім музыка з’яўляецца вядучым фактарам драматургіі, выконвае важнейшыя сэнсавыя і кампазіцыйныя функцыі, вызначае жанравую і стылістычную прыналежнасць фільма.

Першыя М.ф. ўзніклі ў ЗША ў 1920—30-я г. з пачаткам гукавога кіно («Спявак джазу», 1927, рэж. А.Кросленд; «Мелодыі Брадвея», 1929, рэж. Г.Боман). Сярод асн. жанраў М.ф. муз. кінакамедыя, фільм-рэвю, муз.-біягр. фільм, кінаканцэрт, кінааперэта, кінабалет, кінаопера. Сярод найб. значных М.ф. сав. кіно: «Вясёлыя рабяты» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940; рэж. усіх Р.Аляксандраў, кампазітар 1.Дунаеўскі), «Багатая нявеста» (1938), «Кубанскія казакі» (1950, кампазітар абодвух Дунаеўскі), «Трактарысты» (1939, кампазітары браты Пакрас), «Свінарка і пастух» (1941, кампазітар Ц.Хрэннікаў; рэж. усіх І.Пыр’еў), а таксама фільмы І.Саўчанкі, А.Іваноўскага, Р.Рашаля, Э.Разанава і інш.

У бел. кіно створаны М.ф.: «Дзяўчына спяшаецца на спатканне», «Шукальнікі шчасця» (абодва 1936; рэж. адпаведна М.Вернер, У.Корш-Саблін), «Канцэрт Бетховена» (1937, рэж. М.Гаўронскі і У.Шмітгоф), «Маё каханне» (1940), «Новы дом» (1947, рэж. абодвух Корш-Саблін, кампазітар усіх І.Дунаеўскі, апошняга разам з І.Любанам), «Нашы суседзі» (1957, рэж. С.Сплашноў, кампазітар Б.Макравусаў), «Саша-Сашачка» (1967, рэж. В.Чацверыкоў, кампазітар Я.Глебаў), «Раскіданае гняздо» (паводле Я.Купалы, 1981), рэж. Б.Луцэнка, кампазітар С.Картэс), «Наш чалавек у Сан-Рэма» (1991, рэж. А.Яфрэмаў, кампазітар А.Несцераў), а таксама тэлевізійныя «Пасля кірмашу» (паводле «Паўлінкі» Я.Купалы), «Веснавая казка» (абодва 1972, рэж. Ю.Цвяткоў, кампазітар Глебаў) і інш., тэлеопера «Ранак» (паводле А.Куляшова, 1968, рэж. В.Карпілаў, кампазітар Г.Вагнер), тэлеэкранізацыі опер «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1982), «Сівая легенда» (1986) і «Францыск Скарына» (1990) Дз.Смольскага (рэж.-пастаноўшчык усіх Г.Нікалаеў), першай бел. дзіцячай оперы «Марынка» Р.Пукста (1983, рэж. А.Малчанаў). У жанры тэлемюзікла, які спалучае драматургію, музыку, вакал і харэаграфію, створаны фільмы-казкі рэж. Л.Нячаева — «Прыгода ў горадзе, якога няма» (1974, кампазітар Картэс), «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоны Капялюшык» (1977, кампазітар абодвух А.Рыбнікаў), «Прададзены смех» (1981, кампазітар М.Дунаеўскі), «Казка пра зорнага хлопчыка» (1983, кампазітар Рыбнікаў), «Рыжы, шчыры, закаханы» (1984), «Пітэр Пэн» (1987, кампазітар абодвух І.Яфрэмаў) і інш. З канца 1970-х г. паявіліся першыя відэафільмы: відэамюзікл «Гэты доўгі кароткі час» (рэж. У.Арлоў, муз. Глебава, В.Раінчыка), відэабалет «Тры пальмы» (абодва 1979; рэж. В.Шавялевіч, муз. А.Спендыярава, балетмайстар В.Дудкевіч). У 1990-я г. створаны шэраг экранізацый і відэаверсій пастановак нацыянальных акад. т-раў оперы і балета Беларусі, у т. л. опера «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1994), балет «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995; рэж. абодвух Шавялевіч). У дакумент. мастацтве развіваюцца жанры фільма-канцэрта (першы — «Жыві, родная Беларусь», 1944, рэж.

Корш-Саблін, М.Садковіч), муз.-біягр. фільма і фільма-партрэта: «Партытура жыцця» (пра Я.Цікоцкага, 1968, рэж. П.Аліфярэнка), «Кампазітар Яўген Глебаў» (1978, рэж. С.Лук’янчыкаў), «Успаміны пра Мікалая Равенскага» (1993), «На кожны гук ёсць рэха на зямлі» (пра У.Перліна, 1995; рэж: абодвух М.Жданоўскі), «Душа мая, Элізіум ценяў» (пра А.Багатырова, 1998, рэж. С.Галавецкі), «На шляху да танцуючай зоркі» (пра Г.Праваторава, 1998, рэж. М.Князеў) і інш. Асаблівае’ месца займаюць этнамуз. фільмы сцэнарыста-этнамузыколага З.Мажэйка: «Пранясі, божа, хмару» (1990, рэж.-аператар А.Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. Ю.Лысятаў, С.Гайдук, аператар М.Сідорчанка) і інш.

Літ.:

Кудинова Т. От водевиля до мюзикла. М., 1982;

Ханиш М. О песнях под дождем: Пер. с нем. М., 1984;

Шилова И.М. Музыкальный фильм. М., 1984.

А.А.Карпілава.

т. 11, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)