АНАНА́С

(Ananas),

род шматгадовых травяністых раслін сям. брамеліевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў трапічнай Амерыцы. Культывуюць ананас буйначубковы (A. comosus). Найбольшыя плантацыі на Гавайскіх і Філіпінскіх а-вах, у Малайзіі, Мексіцы, Бразіліі, на Кубе. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.

Лісце скурыстае, амаль лінейнае (даўж. да 90 см), па краях калючазубчастае, утварае прыкаранёвую разетку. Кветкі сабраны ў густое суквецце. Цвіце на 2—3-і год. Шышкападобнае залаціста-жоўтае суплоддзе складаецца з многіх ягад (пладоў), важыць 3—5, радзей каля 16 кг. Плады сакаўныя і духмяныя, багатыя цукрам, арган. солямі і вітамінамі, ядомыя. З лісця некаторых ананасаў атрымліваюць валакно. Размнажаюць вегетатыўна — атожылкамі або верхавінкавымі чаранкамі.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАЛІ́ЧНАСЦЬ,

даданы член сказа, які паясняе словы са значэннем дзеяння або прыкметы, паказваючы на час, месца, прычыну, умову, мэту, спосаб дзеяння, характар выяўлення, інтэнсіўнасць прыкметы. У бел. мове акалічнасці сінтаксічна звязваюцца з гал. словамі пры дапамозе прымыкання і кіравання. Ролю акалічнасці выконваюць прыслоўе («вельмі здольны»), дзеепрыслоўе («разглядаць не спяшаючыся»), інфінітыў («зайсці развітацца»), назоўнік з прыназоўнікам ці без яго («ехаць лесам», «зрабіць насуперак жаданню»), лічэбнік («уваходзіць па аднаму»), а таксама свабодныя словазлучэнні розных тыпаў («важыць тры тоны», «чытаць з ранку да вечара», «апрацаваны з дапамогай новага прыстасавання») і фразеалагізмы («жыць абы дзень да вечара»). У залежнасці ад сінтаксічнага значэння падзяляюцца на разрады — акалічнасці часу, прычыны, умовы, мэты, спосабу дзеяння і інш.

А.Я.Міхневіч.

т. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)