ВАЕ́ЙКАЎ (Аляксандр Іванавіч) (20.5.1842, Масква — 9.2.1916),

расійскі кліматолаг і географ; заснавальнік кліматалогіі ў Расіі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910). Чл. Рус. геагр. т-ва (1866). Падарожнічаў па еўрап. ч. Расіі, Бел. Палессі (1891), Каўказе, Крыме, Сярэдняй Азіі, Зах. Еўропе, многіх краінах Азіі, Амерыкі. У навук. працы «Кліматы зямнога шара, асабліва Расіі» (1884) раскрыў фіз. сутнасць і разгледзеў структуру кліматычных працэсаў, ролю асобных кліматаўтваральных фактараў, узаемасувязь клімату з інш. кампанентамі прыроды. Распрацаваў класіфікацыю рэк паводле гідралагічнага рэжыму. Даследаваў пытанні геаграфіі насельніцтва, агракліматалогіі. Заклаў асновы палеакліматалогіі, с.-г. метэаралогіі і феналогіі. Імем Ваейкава названы праліў паміж астравамі ў Курыльскай градзе, ледавік на Паўн. Урале, Гал. геафіз. абсерваторыя ў С.-Пецярбургу.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—4. М.; Л., 1948—57.

А.І.Ваейкаў.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ваейкаў А. І. 1/78, 79, 158; 2/214, 389, 545; 3/408, 470, 522; 6/24; 9/252; 10/577; 12/490, 517

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЯЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. glacies лёд + ...логія),

навука, якая вывучае гляцыясферу: прыродныя льды на паверхні Зямлі, у атмасферы, гідрасферы і літасферы, рэжым і дынаміку іх развіцця, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем, месца лёду ў эвалюцыі Зямлі. Разам з геакрыялогіяй аб’ядноўваецца ў крыялогію Зямлі.

Як самаст. галіна навукі пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Вял. ўклад зрабілі рус. вучоныя П.​А.​Крапоткін, У.​І.​Вярнадскі, А.​І.​Ваейкаў, С.​В.​Калеснік, М.​У.​Тронаў, П.​А.​Шумскі і інш. Падзяляецца на некалькі раздзелаў, аб’ектамі вывучэння якіх з’яўляюцца ледавікі, снег, лавіны, ільды вадаёмаў і вадацёкаў і інш. Вызначае ролю льдоў і снегавога покрыва ў эвалюцыі прыроднага асяроддзя, ацэнцы і рэгуляванні водных рэсурсаў, распрацоўвае шляхі штучнага ўздзеяння на снегавое покрыва і розныя віды льдоў.

А.​К.​Карабанаў.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТАЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,

галіна навукі, якая вывучае ўплыў клімату і надвор’я на арганізм чалавека і метады выкарыстання іх у лек. і прафілакт. мэтах; аснова клімататэрапіі і курарталогіі. Вывучае фіз. і хім. паходжанне гідраметэаралагічных і ландшафтных раздражняльнікаў, характар і механізмы фізіял. і паталаг. працэсаў у арганізме чалавека ў розных кліматах, геагр. пашырэнне хвароб (гл. Геаграфія медыцынская).

Першыя звесткі па К.м. у працах Гіпакрата, Галена. Навук. асновы заклалі Парацэльс, англ. вучоны Т.​Сідэнхем. У сярэдзіне 19 ст. выдадзены спец. працы па К.м. (франц. вучоны Г.​Ламбар і інш.). У Расіі ў 1893 А.​І.​Ваейкаў абагульніў тагачасныя дасягненні па К.м. у працы «Даследаванне кліматаў з мэтамі кліматычнага лячэння і гігіены».

На Беларусі даследаванні па К.м. пачаў А.​Меер у 2-й пал. 18 ст. Мінскае т-ва ўрачоў у пач. 20 ст. даследавала стан насельніцтва Беларусі ў залежнасці ад пражывання ў розных прыродных, у т. л. кліматычных, умовах. Навук. даследаванні па К.м. вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі і інш. Вывучаюцца кліматычныя і прыродныя фактары, механізмы ўздзеяння іх на жыццёвую ёмістасць лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, сілу і рухомасць нерв. працэсаў, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, скуру і г.д.

т. 8, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад клімат + ...логія),

навука аб кліматах зямнога шара, іх тыпах, фактарах фарміравання, заканамернасцях геагр. пашырэння і змянення ў часе. Уваходзіць у сістэму геагр. навук і адначасова з’яўляецца раздзелам фіз. навукі метэаралогіі. Падзяляецца на агульную, або фізічную (вывучае генезіс клімату і яго фіз. абумоўленасці), і кліматаграфію. Клімат высокіх слаёў атмасферы вывучае аэракліматалогія, прыземнага слоя паветра — мікракліматалогія, мінулых эпох — палеакліматалогія; дынамічная К. разглядае кліматы і іх фарміраванне ў залежнасці ад агульнай цыркуляцыі атмасферы. Уплыў клімату на раслінны і жывёльны свет, на розныя бакі гасп. дзейнасці чалавека даследуюць біякліматалогія, агракліматалогія, медыцынская, тэхн. і трансп., лясная, марская К. і інш.

Першыя звесткі пра клімат былі ў апісаннях ант. вучоных (Герадот, Страбон і інш.). У 17—18 ст. англ. вучоныя Э.​Галей, Дж.​Хэдлі і рас. вучоны М.​В.​Ламаносаў выказалі меркаванні пра ўплыў атм. цыркуляцыі на клімат. Як самаст. галіна навукі К. сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. (рас. вучоны А.​І.​Ваейкаў, ням. А.​Тумбальт, У.​П.​Кепен і інш.). Вял. значэнне для развіцця К. ў 20 ст. мелі працы рас. вучоных А.​А.​Камінскага, Я.​С.​Рубінштэйн, Л.​С.​Берга, амер. Г.​Ландсберга, Д.​Мілера, аўстр. Ф.​Штайнгаўзера і інш.

На Беларусі навук. даследаванні ў галіне К. праводзіліся з пач. 20 ст. ў сістэме гідраметэаслужбы (А.​І.​Кайгарадаў склаў кліматычны атлас Беларусі). Развіццё К. звязана з імёнамі Г.​В.​Валабуевай, М.​А.​Гольберга, А.​І.​Савікоўскага (Гідраметэаслужба), А.​Х.​Шкляра (БДУ), М.​А.​Гольчанкі (БСГА), М.​І.​Касцюкевіча (Бел. тэхнал. ун-т).

П.​А.​Каўрыга.

т. 8, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)