лішкавае назапашванне вадкасці ў серозных поласцях і тканках арганізма, якое праяўляецца павелічэннем аб’ёму органа ці памяншэннем ёмістасці серознай поласці. Бывае вадзянка абалонкі яечка (гідрацэле), вадзянка цяжарных, вадзянка сустава перамежная (гідраартроз).
Вадзянка абалонкі яечка — хвароба органаў машонкі, пры якой адбываецца назапашванне серознай вадкасці паміж вонкавым і ўнутр. лістком уласнай абалонкі яечка. Адрозніваюць прыроджаную (найчасцей у дзяцей) і набытую (пераважна ў дарослых) формы хваробы, паводле цячэння — вострую (да 2 сут), вадзянку, якая хутка развіваецца (да 1 мес), і хранічную. Прычыны развіцця ў дарослых — запаленчыя працэсы, траўмы яечка і прыдатка абалонак. Фізіял.вадзянка лячэння не патрабуе, пры вострай вадзянцы робяць пункцыю, іншыя формы вадзянкі лечаць хірургічна. Вадзянка цяжарных — адна з формаў таксікозу ў 2-й пал. цяжарнасці. Праяўляецца ацёкам і лішняй вагой у выніку парушэння водна-салявога абмену і кровазвароту. Лячэнне: разгрузка арганізма ад вадкасці, абмежаванае ўжыванне кухоннай солі, тэрапеўтычнае. Прычыны ўзнікнення і лячэнне вадзянкі суставаў, як і пры інш.артрозах, залежаць ад ступені цяжкасці пашкоджання іх функцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАМАНО́З,
краснуха карпаў, інфекцыйная вадзянка, веснавая вірэмія карпаў, інфекцыйная хвароба карпавых рыб, радзей судака і вугра, якая выклікаецца бактэрыямі з роду Aeromonas. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем скуры, унутр. органаў, асцытам і агульнай вадзянкай. Вострая форма хваробы адзначаецца вясной і характарызуецца парушэннем функцыі выдзялення. У хворых лускаватых рыб луска тапырыцца, у голых утвараюцца скурныя пухіры, вочы лупатыя. Хранічная форма адзначаецца летам і восенню, суправаджаецца ўтварэннем паверхневых язваў цёмна-чырвонага колеру з блакітна-шэрым абадком на хвасце і баках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЦЭФА́ЛІЯ (ад гідра... + грэч. kephalē галава),
вадзянка галаўнога мозга, празмернае назапашванне спінна-мазгавой вадкасці (ліквору) у поласці чэрапа. Бывае прыроджаная, набытая (хваробы ці траўмы галаўнога мозга і яго абалонкі), знешняя (пры атрафіі мозга), унутр. (назапашванне ліквору ў жалудачках мозга), агульная (назапашванне ліквору ў шляхах, якія яго ўтрымліваюць), адкрытая (свабодная праходнасць лікворных шляхоў) і закрытая (закупорка на ўзроўні жалудачкавай сістэмы). Назіраюцца змешаныя ці спалучаныя формы гідрацэфаліі. Прыкметы прыроджанай гідрацэфаліі: павелічэнне акружнасці чэрапа, расшырэнне чарапных швоў і цемечка. Пры развіцці хваробы і пры закрытай гідрацэфаліі ўзнікаюць неўралгічныя (галаўны боль, ірвота, зніжэнне зроку, пашкоджанне чарапных нерваў, эпілептычныя прыпадкі, парэзы, паралічы) і псіхічныя расстройствы (затрымка ў разумовым развіцці да алігафрэніі з разумовай адсталасцю). Пры гідрацэфаліі дзяцей старэйшага ўзросту і ў дарослых бываюць агульнамазгавыя парушэнні: галаўны боль, моташнасць, ірвота і інш. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́Н ДЗЮ ГАР ((Martin du Gard) Ражэ) (23.3.1881, г. Нёі-сюр-Сен, Францыя — 22.8.1958),
французскі пісьменнік. Скончыў Эколь дэ Шарт (1905). У раманах «Станаўленне» (1909), «Жан Баруа» (1913) праблемы станаўлення чалавека, пошукі сэнсу жыцця. Асн. твор — раман-хроніка «Сям’я Цібо» (т. 1—8, 1922—40), у якім адлюстравана франц. рэчаіснасць пач. 20 ст. Аўтар фарсаў «Завяшчанне дзядзечкі Лелё» (1920), «Вадзянка» (1928), псіхал. драмы «Маўклівы» (1932), аповесцей «Афрыканскае прызнанне» (1931), «Старая Францыя» (1933). Яго творам уласцівы характэрныя рысы франц. класічнай л-ры: панарамнасць, нар. этычны пафас, высокі напал пачуццяў, выразнасць думкі. Напісаў «Нататкі пра Андрэ Жыда» (1951), «Аўтабіяграфічныя і літаратурныя ўспаміны» (1955). Нобелеўская прэмія 1937.
Тв.:
Рус.пер. — Жан Баруа. М., 1958;
Семья Тибо. Т. 1—2. М., 1972—87.
Літ.:
Наркирьер Ф.С. Роже Мартен дю Гар: Критико-биогр. очерк. М., 1963.