Вадаспад 2/543

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСПА́Д,

падзенне вады ў рацэ з аднаго або некалькіх уступаў. Характэрны адрыў воднага патоку ад рэчышча. Уступы ўзнікаюць у месцах, дзе рака перасякае сучляненне ўстойлівых і падатлівых да размыву горных парод. Сіла падаючай вады павольна разбурае ўступ, асабліва каля падэшвы, ён абрушваецца, і вадаспад пастаянна адступае ўверх па цячэнні. Найб. вядомы Ніягарскі вадаспад у Паўн. Амерыцы штогод адступае на 0,7—0,9 м. Пры значным разбурэнні ўступу на месцы вадаспадаў могуць утварыцца парогі. Вадаспады найчасцей трапляюцца на горных рэках, але бываюць і на раўнінных. Самы высокі ў свеце вадаспад Анхель на р. Чурун у Паўд. Амерыцы (1054 м), самы шырокі — Вікторыя на р. Замбезі (шыр. 1800 м, выш. 120 м), найб. каскад вадаспадаў на р. Тугела (933 м) у Афрыцы. Вадаспады перашкаджаюць суднаходству і сплаву лесу. Выкарыстоўваюцца для буд-ва ГЭС (напр., вадаспад Ківач на р. Суна ў Карэліі). Штучныя вадаспады ствараюцца плацінамі і інш. гідратэхн. збудаваннямі.

Да арт. Вадаспад. Схематычны профіль Ніягарскага вадаспада.
Вадаспад у гарах Паўночнага Каўказа.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЯГА́РСКІ ВАДАСПА́Д (англ. Niagara Falls, верагодна, ад іракезскага вялікі шум),

вадаспад у Паўн. Амерыцы, на р. Ніягара. Падзяляецца Казіным в-вам на левую частку (належыць Канадзе; шыр. 792 м, выш. 51 м), праз якую праходзіць каля 85% усяго расходу вады, і правую (належыць ЗША; шыр. 305 м, выш. 54 м). У абход Н.в. з канадскага боку пабудаваны суднаходны канал Уэленд. Турызм.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НХЕЛЬ (Ángel),

Чурун-Мерун (Churún-Merún), вадаспад у Венесуэле, у вярхоўях р. Чурун (сістэма р. Карані), на Гвіянскім пласкагор’і. Самы высокі ў свеце: выш. падзення вады 1054 м (свабоднае падзенне 979 м). Адкрыты ў 1935 венесуэльскім лётчыкам Д.​Анхелем.

Вадаспад Анхель.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРСО́ПА,

вадаспад у Зах. Гатах, на р. Шараваты, у Індыі. Сістэма з 4 каскадаў (агульная выш. 252 м). ГЭС.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎГРА́БІС (Aughrabies),

вадаспад у ПАР, на р. Аранжавая, за 500 км ад вусця. Вышыня свабоднага падзення вады 146 м, агульная — 190 м.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ ХАНДО́ (псеўд. Тан Вон, Тан Гу, Са Нын, Камін, Каса Сахо, Кадза; 1760, Карэя — 1820),

карэйскі жывапісец. Рабіў партрэты, пейзажы і жанравыя кампазіцыі на тэмы нар. жыцця ў традыцыях нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі, выкарыстоўваў вопыт еўрап. мастацтва. Творам уласцівы лінейна-графічная манера, вастрыня жыццёвых назіранняў: «Вадаспад дзевяці драконаў», «Скалы ў моры», «Вяртанне кітайскага навукоўца Му-і», «Месяц над кустамі», «Хлопчык іграе на флейце», 2 альбомы «Пейзажы, ажыўленыя персанажамі, жывёламі і птушкамі», аўтапартрэт, васьмістворкавая шырма «Групавая выява бессмяротных» і інш.

Кім Хандо. Вадаспад дзевяці драконаў. Канец 18 ст.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́Ф’ЕЎ (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 16.2.1936, г. Пскоў, Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча імя В.​І.​Мухінай (1964). З 1964 мастак на Барысаўскім хрусталёвым з-дзе. Працуе ў галіне маст. шкла. Сярод работ сталовы набор «Сталічны» (1965), выставачныя наборы «Агеньчык» (1970), «Кара́лі» (1972), дэкар. вазы «Мінск» (1968), «Полымя» (1969), «Урадлівасць» (1978), «Вадаспад» (1981), «Перамога» (1982), «Белы колер» (1987), «Курган славы» (1995), дэкар блюды «Святочны арнамент» (1988), «Беларусь» (1994) і інш. Творы вызначаюцца выразнасцю сілуэтаў, выдатным валоданнем матэрыялу, разнастайнасцю тэхнік выканання.

У.Пракоф’еў. Дэкаратыўныя вазы «Вадаспад». 1981.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́МБА (Kalambo Falis),

вадаспад ва Усх. Афрыцы, на мяжы Замбіі і Танзаніі, на р. Каламба (упадае ў воз. Танганьіка на Пд). Выш. 427 м. Турызм.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКЕНА́Н (Cuquenán),

вадаспад у Венесуэле, на р. Кукенан (прыток р. Карані) на Гвіянскім пласкагор’і. Выш. падзення вады 610 м (другі па вышыні ў Паўд. Амерыцы пасля вадаспада Анхель).

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)