Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАНО́СНЫ ГАРЫЗО́НТ,
слой або некалькі слаёў водапранікальных горных парод, поры, трэшчыны і інш., пустоты ў якіх запоўнены вадой. Фарміруецца на водатрывалым слоі. Першы ад паверхні ваданосны гарызонт безнапорны, у ім утвараюцца грунтавыя воды. Напорныя гарызонты падземных вод абмежаваны водатрывалымі гарызонтамі (гл.Артэзіянскія воды). Некалькі гідраўлічна звязаных ваданосных гарызонтаў утвараюць ваданосны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАНО́СНЫ КО́МПЛЕКС,
некалькі ваданосных гарызонтаў, якія маюць гідраўлічную сувязь і агульны напорны ўзровень. Прымеркаваны да горных парод пэўнага ўзросту. Характарызуецца своеасаблівымі гідрадынамічнымі і гідрахім. ўмовамі. Некалькі ваданосных комплексаў звычайна ўваходзяць у гідрагеалагічны басейн (масіў). Называецца паводле ўзросту ваданосных парод, напр. верхнепратэразойскі, верхнерыфейска-вендскі, сярэдне-дэвонскі ваданосны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,
на ПдЗ Беларусі. Прымеркаваны да Падляска-Брэсцкай упадзіны. Усх.ч. Мазавецка-Люблінскага супербасейна падземных вод. Уключае меза-кайназойскі ваданосны комплекс, кембрыйска-ардовікскі ваданосны гарызонт і верхнерыфейска-вендскі ваданосны комплекс, якія падзелены тоўшчамі слабапранікальных і водатрывалых парод сілуру і венду — ніжняга кембрыю. Воды напорныя, зрэдку самавыліваюцца, п’езаметрычныя ўзроўні на глыб. 0,5—45 м. Рэсурсы 6,8 млн.м³/сут. Дэбіт свідравін 0,06—25 л/с. Вылучаюцца 2 гідрадынамічныя зоны. У зоне свабоднага водаабмену воды прэсныя, пераважна гідракарбанатна-кальцыевага саставу, мінералізацыя 0,1—0,6 г/л, нярэдка з павышанай колькасцю жалеза. Зона запаволенага водаабмену мае саланаватыя (мінералізаваныя) воды, мінералізацыя 2,9—18,5 г/л, хларыдна-натрыевая і кальцыева-натрыевыя. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэння і аздараўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАТРЫВА́ЛЫ ГАРЫЗО́НТ,
тоўшча воданепранікальных ці адносна воданепранікальных горных парод, якая перакрывае або падсцілае ваданосны гарызонт. Адрозніваюць водатрывалыя гарызонты рэгіянальныя, мясц. і лакальныя. Рэгіянальныя звычайна падзяляюць буйныя ваданосныя комплексы, мясцовыя — ваданосныя гарызонты, лакальныя пашыраны пераважна ў зоне аэрацыі, дзе спрыяюць утварэнню верхаводкі. Гл. таксама Водапранікальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН (ад Artesium — лац. назвы франц. правінцыі Артуа),
басейн напорных падземных водаў (гл.Артэзіянскія воды), прымеркаваны да адмоўных геал. структур. Адрозніваюць платформавыя артэзіянскія басейны (у сінеклізах, мульдах і інш.) і міжгорныя артэзіянскія басейны (у міжгорных прагінах). Утвараюцца пластавымі водамі платформавага чахла і трэшчынава-жыльнымі водамі крышт. фундамента. У артэзіянскім басейне вылучаюць вобласці жыўлення, напору і разгрузкі падземных водаў. Пл. ад дзесяткаў да мільёнаў квадратных кіламетраў. Самыя вял. артэзіянскія басейны: Заходне-Сібірскі, Маскоўскі (зах.ч. на тэр. Беларусі), Прыбалтыйскі, В. Аўстралійскі, Парыжскі і інш.
Схема будовы артэзіянскага басейна: 1 — ваданосны гарызонт; 2 — водатрывалыя слаі; 3 — узровень грунтавых водаў; 4 — свідравіны (а — без фантанавання, б — з фантанаваннем); аб і вг — вобласці жыўлення; бв — вобласць распаўсюджвання напорных водаў.
размешчаны пераважна на тэр. Алжыра, ахоплівае таксама паўд. палову Туніса і часткова Лівію. Пл. каля 600 тыс.км². На Пн абмежаваны Сахарскім Атласам, на З — Угарцкімі ланцугамі, на Пд — масівам Ахагар, усх. мяжа басейна дакладна не вызначана. Прыўрочаны да апускання Сахарскай пліты з дакембрыйскім фундаментам. Гал.ваданосны комплекс звязаны з ніжнемелавымі пясчана-гліністымі адкладамі. Глыбіня 100—1300 м. Дэбіт свідравін да 300 л/с самавыліваннем, сярэдні ўдзельны дэбіт 1—3 л/с. Воды нярэдка тэрмальныя (60 °C і болей), прэсныя або маламінералізаваныя (0,3—2,4 г/л). Асн. вобласць жыўлення басейна на схілах гор, а таксама кандэнсацыйная вільгаць у раёнах буйных пясчаных масіваў (эргаў). Воды выкарыстоўваюцца для прам-сці, арашэння і абваднення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,
на ПнУ Беларусі, прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зах. частка Маскоўскага гідрагеалагічнага мегабасейна. Зона актыўнага водаабмену (150—300 м) ахоплівае ваданосныя комплексы ў адкладах антрапагену, мелу, юры і верхняга дэвону. Воды прэсныя, гідракарбанатныя, мінералізацыя 0,1—0,4 г/л, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў. Рэсурсы складаюць 16,6 млн.м³/сут. Дэбіт свідравін 0,5—20,0 л/с, максімальны больш за 50 л/с. У зону запаволенага водаабмену ўваходзяць сярэднедэвонскі (пярнуска-нараўскі) і верхнепратэразойскі ваданосныя комплексы. Пярнуска-нараўскі мае мінер. воды (мінералізацыя 2—20 г/л) сульфатнага, сульфатна-хларыднага і хларыднага саставу. Глыбей у верхнепратэразойскіх адкладах (верхнепратэразойскі ваданосны комплекс) воды расольныя і расолы хларыдна-натрыевага саставу з макс. канцэнтрацыяй соляў 100—175 г/л. У гэтых водах значная колькасць брому, ёду, фтору і інш. Дэбіт свідравін у межах 0,2—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца на гасп. водазабеспячэнне, мінер. і расолы — як бальнеалагічныя ў санаторыях («Лётцы», «Прыдняпроўскі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫЗО́НТ [ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],
1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.
2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.
3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.
Да арт.Гарызонт. Расшырэнне бачнага гарызонту з павышэннем пункта назірання.