у грэчаскай міфалогіі сын траянскага цара Троса. За незвычайную прыгажосць яго выкраў Зеўс (паслаў за ім арла ці быў сам у абліччы арла). На Алімпе Ганімед стаў каханкам Зеўса і віначэрпам багоў. Паводле інш. міфаў, Ганімед узнесены на неба ў выглядзе задыякальнага сузор’я Вадалей. Міф пра Ганімеда — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. роспісы, малюнак Мікеланджэла, скульптуры Леахара, Б.Торвальдсена, карціны Карэджа, П.П.Рубенса, Рэмбранта і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ Іван Іванавіч
(26.7.1918, в. Закружка Мінскага р-на — 2.7.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1939). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1935. У першай аповесці «Чужы грунт» (1939) выкрываў прыстасавальніцтва і падхалімства. У зб-ках апавяданняў «Шырокія азёры» (1951), «Рына-Марына» (1958), «Як вясну рабілі» (1985), аповесцях «На крутой гары» (пач. назва «Да ясных вышыняў», 1950—51) і «Сям’я Вішнёвых» (пач. назва «Далі сабе слова», 1968—70) і інш.асн. тэмы — вайна, пасляваен. аднаўленне, сяброўства, каханне, праблемы горада і вёскі. Апавяданні Грамовіча для дзяцей сваёй рамантычнай прыўзнятасцю, арнаментальным стылем нагадваюць вершы ў прозе (кн. «Першага верасня», 1949; «Сонца скрозь воблакі», 1964). У сатыр. і гумарыстычных творах (зб-кі «Нарасць», 1961; «Вадалей—гэтакдалей», 1975; «Залатая бранзалетка», 1977) асуджаў мяшчанства і бескультур’е. Аўтар успамінаў пра дзеячаў культуры і л-ры «У сховах памяці і сэрца» (1983), нарысаў, публіцыст. артыкулаў, сцэнарыяў фільмаў. Пераклаў на бел. мову асобныя творы У.Кочатава, М.Носава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУРО́К
(Cucumis),
род аднагадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Вядома каля 30 відаў, гал.ч. у Афрыцы, некалькі відаў у Азіі. Найб. Пашыраны агурок пасяўны (C. sativus). Радзіма — Індыя, дзе агурок вядомы за 3 тыс.г. да н.э. Вырошчваецца ў многіх краінах свету, пераважна ў зоне ўмеранага клімату. Адна з пашыраных харч. культур.
Сцябло паўзучае, даўж. да 1,5 м, з простымі вусікамі, шорсткаапушанае. Лісце чаргаванае, 5-лопасцевае, радзей суцэльнае. Кветкі ў пазухах, аднаполыя, мужчынскія, адзіночныя або ў шчытках, жан. адзіночныя. Плод — гарбузіна, розная па форме і велічыні (даўж. 5—70 см); ёсць партэнакарпічныя (безнасенныя) формы. Святло- і вільгацелюбівая расліна кароткага дня, скараспелая, патрабавальная да цяпла і ўрадлівасці глебы. Вырошчваецца ў адкрытым грунце і ў цяпліцах з насення або расады. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 90—105 сут. Добра расце на супясчаных і лёгкіх сугліністых глебах, багатых перагноем. Ураджайнасць у адкрытым грунце 12—46 т/га, у цяпліцах 15—25 кг з 1 м². Плады маюць у сабе ваду (95—96%), цукры, бялковыя рэчывы, клятчатку, мінер. элементы, вітаміны, арган. к-ты і інш. рэчывы. Найб. папулярныя сарты на Беларусі Доўжык, Зграбны, Нежынскі мясцовы, Нерасімы 40; перспектыўныя — Беларускі, Вадалей, Дэкан, Канкурэнт, Куставы і інш.Асн. шкоднікі агурка: парасткавая муха, тля, павуцінны клешчык; хваробы: перанаспароз, мучністая раса, аліўкавая плямістасць.
Літ.:
Огурцы. 2 изд. Мн., 1987;
Ерохин И.Е., Стрельцов С.Д. Огурцы и томаты: на грядке, в теплице, в комнате. 2 изд. Донецк, 1991.