Вагавы аналіз 1/314; 2/537—538; 6/57

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д «УДА́РНІК».

Засн ў 1927 у Мінску як ф-ка «Адраджэнне» па выпуску металавырабаў, дзіцячых цацак і інш. З 1930 вагавы з-д «Ударнік». У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1948—67 адноўлены на новай пляцоўцы. З 1975 у складзе Мінскага НВА «Дармаш», з 1991 — адкрытага акц. т-ва «Амкадор», з 1996 — прадпрыемства «Завод «Ударнік» ААТ «Амкадор». Асн. прадукцыя (1999): пагрузчыкі франтальныя аднакаўшовыя, пагрузчыкі-экскаватары, пагрузчыкі бесперапыннага дзеяння (для снегу і сыпучых матэрыялаў), шнэкаротарныя снегаачышчальнікі, навясное абсталяванне рознага прызначэння і інш.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРО́МЕТР (ад гігра... + ...метр),

прылада для вымярэння вільготнасці паветра. Бывае вагавы (абсалютны), валасяны, плёначны, электралітычны, керамічны, кандэнсацыйны і інш.; выкарыстоўваюць таксама псіхрометр. З дапамогай вагавага гігрометра вызначаюць абс. вільготнасць па павелічэнні вагі гіграскапічнага рэчыва пасля паглынання вадзяной пары з вільготнага паветра. Адносную вільготнасць паветра вымяраюць з дапамогай розных тыпаў гігрометраў, з іх найб. пашыраны валасяны (выкарыстоўваюць абястлушчаны чалавечы волас, даўжыня якога большае пры павелічэнні вільготнасці) і плёначны (у якасці адчувальнага элемента выкарыстоўваюць арган. плёнку, якая расцягваецца ў вільготным і сціскаецца ў сухім паветры). Электралітычны гігрометр заснаваны на ўласцівасці гіграскапічнага слоя электраліту (хлорыстага літыю) мяняць эл. супраціўленне ў залежнасці ад вільготнасці паветра. У керамічным гігрометры выкарыстана залежнасць эл. супраціўлення керамікі (сумесі гліны, крэменю, кааліну і інш.) ад вільготнасці паветра. Кандэнсацыйным гігрометрам вызначаюць пункт расы па т-ры, пры якой на метал. люстэрку кандэнсуецца вільгаць.

Валасяны гігрометр.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛАДАБУДАВА́ННЕ,

комплекс галін прам-сці па вытв-сці сродкаў вымярэнняў, аналізу, апрацоўкі і прадастаўлення інфармацыі, прылад і прыстасаванняў кантролю і рэгулявання тэхнал. працэсаў, сродкаў аўтаматызацыі вытворчасці, сістэм кіравання і навук. даследаванняў. У залежнасці ад тэхнал. асаблівасцей адрозніваюць П. дакладнай механікі і электрамеханікі, аптычнае, оптаэлектроннае і лазернае, электроннае. Найб. пашыраны прылады вымярэння мех. (вуглавых і лінейных памераў і перамяшчэнняў, масы, сілы, вібрацыі, цвёрдасці, дэфармацыі, трываласці), эл. і магн. (напружання, току, магутнасці, частаты, супраціўлення, ёмістасці), цеплаэнергет. (т-ры, ціску, расходу рэчыва, узроўню), аптычных, радыяцыйных і інш. велічынь. Сродкі вымяральнай тэхнікі ў спалучэнні з рэгулюючымі, вылічальнымі і выканаўчымі прыстасаваннямі складаюць тэхн. базу аўтаматызаваных сістэм кіравання тэхнал. працэсамі.

Значнае месца ў П. займаюць: прылады і прыстасаванні вылічальнай тэхнікі, што выкарыстоўваюцца для механізацыі і аўтаматызацыі працэсаў вылічэнняў і апрацоўкі інфармацыі пры рашэнні інж. і навук. задач; аналітычныя прылады для вызначэння саставу і канцэнтрацыі рэчываў у розных асяроддзях, матэрыялах і прадуктах (электрахім., ультрагукавыя, аптычныя, ядзерныя і інш. аналізатары); сродкі тэлемеханікі для перадачы інфармацыйных сігналаў і кіроўных імпульсаў на вял. адлегласці; прылады і прыстасаванні выпрабавальнай тэхнікі, аргтэхнікі. Стварэнню кампактных надзейных прылад, вымяральных, вылічальных і інш. сродкаў тэлемеханікі і аўтаматыкі садзейнічала развіццё мікраэлектронікі. оптаэлектронікі, мікрамеханікі і г.д., выкарыстанне матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі (плёнак, вадкіх крышталёў, магн. вадкасцей і да т.п.), новых тэхналогій.

Прадукцыя П. шырока выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і быту.

У 19 ст. ў Расіі было некалькі невял. прадпрыемстваў, якія выпускалі тэрмометры, вагі. манометры, вадамеры і інш. найпрасцейшыя прылады. У СССР прамысл. вытв-сць прадукцыі П. пачалася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. З 1965 існавала Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання. Найбольшыя спецыялізаваныя прадпрыемствы пабудаваны ў Маскве, Ленінградзе, на Украіне, Беларусі, у рэспубліках Прыбалтыкі.

На Беларусі ў 1789—93 дзейнічала Беражанская гадзіннікавая мануфактура, з канца 19 ст.ф-ка ў Віцебску, якая вырабляла акуляры, фіз., аптэкарскія і хірург. інструменты, і некалькі майстэрняў па рамонце нескладаных прылад. У 1920-я г. адзін з цэхаў мінскага з-да «Энергія» вырабляў вагі. У 1930 створаны вагавы з-д «Ударнік». У пач. 1950-х г. пачата вытв-сць больш складаных і дакладных прылад. Як асобная галіна П. сфарміравалася ў 1950—60-я г. з уводам у дзеянне Гомельскага завода вымяральных прылад і інш. Разнастайныя прылады прамысл., энергет. і быт. прызначэння выпускаюць Брэсцкі электрамеханічны завод, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскі прыладабудаўнічы завод, Гродзенскі завод «Радыёпрылада», Магілёўскі завод «Электрарухавік», Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі прыборабудаўнічы завод і інш. Н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў галіне П. вядуцца ў Мінскім навукова-даследчым прыборабудаўнічым інстытуце.

У.​І.​Шамкаловіч.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)