БІЁТА
(ад грэч. biote жыццё),
сукупнасць жывых арганізмаў, што склалася гістарычна і аб’яднана агульнай вобласцю пашырэння. У адрозненне ад біяцэнозу ў біёту ўваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязяў паміж сабой (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстрал. фауны). Арганізмы біёты — біёнты. Тэрмін прапанаваў рум. біёлаг Э.Ракавіцэ (1907); выкарыстоўваецца, калі размова ідзе пра большыя тэрыторыі, чым у біёме.
т. 3, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁМ
(англ. biome),
сукупнасць відаў раслін, жывёл і асяроддзя іх пражывання ў пэўнай ландшафтна-геагр. зоне. У склад біёму ўваходзяць біягеацэнозы, якія цесна ўзаемазвязаны патокамі энергіі і рэчываў. Для кожнага біёму (стэп, тайга, тундра, пустыня, горы, лясы і інш.) характэрна пэўная форма кліматычнай расліннасці. Тэрмін ужываецца пераважна ў замежнай л-ры. У прыродаахоўнай л-ры біём — сінонім паняцця «біятычная супольнасць». Блізкі да тэрміна біёта.
т. 3, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНОТАБІЁТЫ
(ад грэч. gnōtos вядомы + біёта),
жывёлы, вырашчаныя ва ўмовах поўнай стэрыльнасці, свабодныя ад мікраарганізмаў, вірусаў і макрапаразітаў. Ідэю пра магчымасць жыцця без мікробаў выказаў Л.Пастэр (1885). У канцы 1940-х г. амер. і яп. вучоныя распрацавалі дыеты і апаратуру, стварылі штучныя ўмовы для развіцця і размнажэння безмікробных жывёл. Выкарыстанне гнотабіётаў (марскіх свінак, мышэй, трусоў, парасят, цялят, авечак і інш.) у розных галінах эксперым. біялогіі і медыцыны прывяло да фарміравання ў 1960-я г. самаст. навук. кірунку — гнатабіялогіі.
т. 5, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае Аўстралію і прылеглыя а-вы (Тасманія, Кенгуру і інш.). Размешчана ў трапічным і ўмераным паясах Паўд. паўшар’я. Мае своеасаблівы склад флоры і фауны, абумоўлены аддзяленнем у мезазойскую эру ад стараж. мацерыка Гандвана. Сувязь з Антарктыдай і Паўд. Амерыкай перарвалася значна пазней, адсюль некаторае падабенства флоры і фауны.
У флоры 12 эндэмічных сям і больш за 80% эндэмічных відаў: з іх папараці 115 родаў (у тым ліку дрэвападобныя), аднадольныя 320 родаў і двухдольныя 1000 родаў, на Тасманіі — хваёвыя 11 родаў. Шэраг агульных сям. з флорай Паўд. Амерыкі і Палеатропікі. Характэрныя прадстаўнікі — эўкаліпты (каля 400 відаў), акацыі, «травяное дрэва» і інш. Эндэмізм фауны на відавым узроўні блізкі да 100%. Адметная асаблівасць — наяўнасць эндэмічнага падкласа млекакормячых — аднапраходных (качканос і яхідна) і субэндэмічнага атр. сумчатых [каля 200 відаў: кенгуру, каала (сумчаты мядзведзь), сумчаты д’ябал, сумчаты крот, вамбат і інш.) Сярод птушак эндэмічныя сям. аўстралійскіх страусаў (эму) і лірахвостаў. Шмат папугаяў (какаду, лоры, хвалісты папугайчык і інш.), зімародкі, медасмокі, рэптыліі (змяінагаловыя чарапахі, молах, тайпан) і амфібіі (свістуны, аўстралійскія рапухі). Ёсць дваякадыхаючыя рыбы (рагазуб); з беспазваночных найб. адметныя дажджавыя чэрві даўж. да 2,5 м. Сукупнасць арганізмаў (біёта) вобласці вельмі змянілася ў выніку каланізацыі Аўстраліі еўрапейцамі: завезена і акліматызавана шмат еўрап. відаў (дзікі трус, пацукі, рудэральныя расліны), знішчаны многія мясц. віды (напр., сумчаты воўк).
т. 2, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)