Біягенез 3/410

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕНЕ́З (ад бія... + ...генез),

утварэнне арган. злучэнняў жывымі арганізмамі. У шырокім сэнсе біягенез — эмпірычнае абагульненне, якое сцвярджае, што ўсё жывое ўзнікае толькі ад жывога ў арган. эвалюцыі Зямлі. У аснове біягенезу проціпастаўленне жывога нежывому і адхіленая навукай ідэя вечнасці жыцця. У 18—19 ст. тэорыя біягенезу проціпастаўлялася поглядам аб самазараджэнні арганізмаў (працы франц. вучонага Л.​Пастэра па мікрабіялогіі). Прыхільнікі біягенезу (ням. вучоны Г.​Рыхтэр, 1865, швед. С.​Арэніус, 1895) меркавалі, што зародкі жывых істот у стане анабіёзу былі занесены на Зямлю з іншых, больш стараж. нябесных целаў (гіпотэза пансперміі). Лічыцца, што верагодных доказаў магчымасці касм. пераносу формаў пераджыцця няма. Самаст. ўзнікненне жыцця на Зямлі больш верагоднае, што пацверджана эксперыментальна абіягенным сінтэзам бялковападобных і інш. злучэнняў, якія аднаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Абіягенез, Паходжанне жыцця.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІЯГЕНЕ́З (ад а... + біягенез),

утварэнне арган. злучэнняў, пашыраных у жывой прыродзе, па-за арганізмам і без удзелу ферментаў. У шырокім сэнсе абіягенез — узнікненне жывога з нежывога, зыходная гіпотэза сучаснай тэорыі паходжання жыцця на Зямлі абіягенным шляхам (належыць А.​І.​Апарыну і Дж.​Холдэйну). Магчымасць абіягенезу ўпершыню даказана ў 19 ст. штучным сінтэзам мачавіны. У сярэдзіне 20 ст. эксперыментальна ажыццёўлены абіягенны сінтэз бялковападобных і інш. арган. рэчываў ва ўмовах, якія ўзнаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Біягенез.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНСПЕРМІ́Я (ад пан... + сперма),

гіпотэза пераносу жывых істот у касм. прасторы з аднаго цела на другое (напр., на Зямлю з космасу). Прапанавана ням. вучоным Г.​Рыхтэрам (1865). Паводле гіпотэзы, жывыя зародкі занесены на Зямлю метэарытамі, касм. пылам або пад уздзеяннем ціску святла. Гіпотэза абапіраецца на звесткі пра высокую ўстойлівасць некат. мікраарганізмаў і іх спор да радыяцыі, глыбокага вакууму і інш. уздзеянняў. Аднак няма дакладных фактаў, якія б пацвярджалі пазаземнае паходжанне мікраарганізмаў, знойдзеных у метэарытах. Гл. таксама Абіягенез, Біягенез, Экзабіялогія.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ФОТАБІЯЛО́ГП Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1973 у Мінску на базе Лабараторыі біяфізікі і ізатопаў АН Беларусі (з 1957). Лабараторыі (1998): біяфізікі і біяхіміі фотасінтэтычнага апарату, фізіялогіі фотасінтэтычнага апарату, фотарэгуляцыі клетачных працэсаў, біяфізікі і фотабіялогіі мембран, фізіка-хіміі біял. мембран, фатонікі бялкоў. Аспірантура (з 1957).

Асн. кірункі даследаванняў: малекулярна-мембранная біяхімія і біяфізіка фотабіял. і рэгулятарных працэсаў у жывёльных і раслінных сістэмах (будова, функцыянаванне і біягенез фотасінтэтычнага апарату, фізіялогія і генетыка фотасінтэзу, фотарэцэптарныя працэсы ў раслінных і жывёльных сістэмах, структурная дынаміка і напружаныя метастабільныя станы бялкоў і біял. мембран у рэакцыях экспрэс-рэгуляцыі, адаптацыі і клетачнага імунітэту, малекулярная паталогія біял. мембран, свабоднарадыкальныя працэсы ў мембранах і фотапашкоджванні клетак). Вынікі даследаванняў: атрыманы фундаментальныя даныя пра будову і функцыянаванне сістэмы фотасінтэзу хларафілу, фарміраванне фотасінтэтычнага апарату на розных узроўнях арганізацыі і малекулярна-мембранных механізмаў фотарэгулятарных працэсаў у раслінах, пра структурную лабільнасць біял. мембран і іх ролю ў працэсах трансфармацыі энергіі і рэгуляцыі іоннага транспарту ў клетках; раскрыта прырода люмінесцэнцыі бялкоў і створаны люмінесцэнтныя метады аналізу (Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992); распрацаваны шэраг экспрэс-метаду фотадыягностыкі захворванняў. У ін-це працавалі акад. АН Беларусі Ц.М.Годнеў, чл.-кар. М.Ц.Чайка, А.А.Шлык, працуюць акад Нац. АН Беларусі І.​Дз.Валатоўскі (дырэктар з 1985), С.В.Конеў, 8 дактароў навук.

Л.​Ф.​Кабашнікава.

т. 7, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)