будаўнічыя матэрыялы, з якіх робяць дахі будынкаў і збудаванняў. Характарызуюцца воданепранікальнасцю, мароза-, вогне- і вільгацеўстойлівасцю, трываласцю, лёгкасцю.
Адрозніваюць Д.м.: цвёрдыя (штучныя — лісты, пліткі), гнуткія (рулонныя, найб. пашыраны) і пластычныя (масцікавыя); сілікатныя (азбестацэментныя хвалепадобныя лісты і пліткі, гл.Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі; чарапіца, шыфер); арганічныя (драўняныя — гонта, драніцы, дошкі; бітумныя і дзёгцевыя — пергамін, руберойд, таль, палімерныя на аснове пластмас — плоскія і хвалепадобныя пліты з шклапластыкаў і інш.); металічныя (лісты дахавай сталі, алюмінію, цынку). Пластычныя Д.м. — бітумныя, бітумна-палімерныя і дзёгцевыя масцікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФАЛЬТАБЕТОНАЎКЛА́ДЧЫК,
машына для ўкладкі асфальтабетону і інш.бітумна-мінеральных сумесяў на аснову пры буд-ве і рамонце дарожных і аэрадромных пакрыццяў. Бываюць асфальтаўкладчыкі гусенічныя, калёсныя, камбінаваныя; цяжкія (прадукцыйнасць да 100 т/гадз) і лёгкія (25—50 т/гадз). Сумесь з бункера асфальтаўкладчыка падаецца да шнэкаў, якія размяркоўваюць яе па шырыні паласы ўкладкі. Разраўноўванне і прафіляванне пакрыцця робяцца з папярэднім яго ўшчыльненнем. Сучасныя асфальтаўкладчыкі аснашчаюцца аўтам. сістэмамі кіравання. Буйнейшыя вытворцы асфальтаўкладчыкаў у ЗША, Германіі, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЛО́ННЫХ ДА́ХАВЫХ І ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці па вытворчасці ўсіх відаў мяккіх дахавых (руберойду, пергаміну, толю і інш.) і гідраізаляцыйных матэрыялаў.
На Беларусі руберойд і пергамін пачалі вырабляць з 1961 на Мінскім камбінаце буд. матэрыялаў (з 1994 адкрытае акц.т-ва«Керамін»), дзе пабудаваны спец. цэх на адну тэхнал. лінію магутнасцю 21 млн.м² за год. У 1973 завершана буд-ваАсіповіцкага кардонна-руберойдавага завода (з 1994 акц.т-ва «Дах») магутнасцю 50 тыс.т дахавага кардону і 125 млн.м² мяккага крыцця за год. Тэхнал. абсталяванне для вырабу кардону пастаўлена фірмай «Фампа» (Польшча), усё астатняе абсталяванне — айч. прам-сцю. Для вырабу кардону выкарыстоўваюць рыззё, макулатуру, драўніну. Адкрытае акц.т-ва «Дах» — прадпрыемства з поўным закончаным тэхнал. цыклам вытв-сці мяккіх дахавых матэрыялаў. На ім асвоены выпуск новых відаў дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў на аснове бітумнага і бітумна-палімернага кампанентаў (біпалікрын і бікрын) з палепшанымі трываласнымі і эксплуатацыйнымі паказчыкамі. У якасці асновы гэтых матэрыялаў выкарыстоўваюць новыя імпартныя і айч. поліэфірныя і шкляныя палотны, тканіны. Вытв-сць гідрашклоізолу ў Рэспубліцы Беларусь наладжана ў адкрытым акц. т-ве «Гідрашклоізол» (пас. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.). У 1994 уведзена тэхнал. лінія магутнасцю 3 млн.м² за год. Выпушчана 1,45 млн.м² гідрашклоізолу (1998).