ГО́МЕЛЬСКАЕ АДКРЫ́ТАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «СПАРТА́К».

Засн. ў 1924 як кандытарскае прадпрыемства «Прасвет» па выпуску карамелі, цукерак, ірысу, мармеладу, з 1925 і халвы. У 1930—31 на яго аснове пабудаваны кандытарскі камбінат «Спартак». У Вял. Айч. вайну разбураны. У крас. 1944 аднавіў дзейнасць. У 1970—72 рэканструяваны. З 1993 сучасная назва. Асн. цэхі: карамельны, цукерачна-шакаладны, вафельны, бісквітны, патачны. У 1996 выпушчана 17 313 т кандытарскіх вырабаў. Супрацоўнічае з фірмамі Ізраіля, Ірландыі, Эстоніі, Украіны.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЫ́ТАРСКАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці па выпуску кандытарскіх вырабаў на спецыялізаваных прадпрыемствах. Вырабляе цукеркі, шакалад, дражэ, ірыс, карамель, халву, тарты, пячэнне і інш. Сыравіна: цукар, мёд, патака, садавіна і ягады, мука, малако, яйкі, масла, тлушч, крухмал, какава, арэхі, харч. кіслоты і дабаўкі і інш. Кандытарскія вырабы падзяляюцца на цукрыстыя (іх вырабляюць на кандытарскіх ф-ках) і мучныя (пераважна на прадпрыемствах хлебапякарнай прамысловасці).

К.л. развіта ў Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Чэхіі, Францыі, Германіі і інш. еўрап. краінах. Вытв-сць цукрыстых кандытарскіх вырабаў, а таксама розных мучных кандытарскіх вырабаў (бісквітаў, кексаў, крэкераў і інш.) найб. развіта ў ЗША і Вялікабрытаніі.

На Беларусі ў пач. 20 ст. кандытарскія вырабы выпускалі пераважна саматужнікі і невял. прадпрыемствы. Найб. вядомы былі кандытарскія ф-кі «Саламбо» ў Мінску і «Прасвет» у Гомелі. Падобная фабрыка дзейнічала ў 1913—15 у маёнтку Хорвата (у 1920 адноўлена ў г. Нароўля). У 1926—27 у БССР дзейнічалі 37 кандытарскіх прадпрыемстваў, найб. з іх ф-ка «Прагрэс» у Мінску (з 1929 — «Камунарка»). У 1930 пабудаваны кандытарская ф-ка ў Бабруйску і бісквітны цэх (з 1936 бісквітная ф-ка) у Мінску. У 1927—31 гомельская ф-ка «Прасвет» рэарганізавана ў кандытарскі камбінат «Спартак».

У 1940 на Беларусі выпускалася да 41,2 тыс. т кандытарскіх вырабаў, у 1990—154,4 тыс. т, у 1995—72,6 тыс. т вырабаў (без уліку грамадскага харчавання), у т. л. 39,2 тыс. т цукрыстых. Буйнейшыя прадпрыемствы: Мінская кандытарская фабрыка «Камунарка», Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак», Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны Мазыранін», а таксама ў Івянцы і Маладзечне. Амаль усю сыравіну (акрамя цукру) і тэхнал. абсталяванне галіна ўвозіць з-за мяжы.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 581

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)