«БІРУ́ЛЬКІ»,

бел. нар. гульня. З кучкі дробных прадметаў неабходна выбраць кручком усе прадметы адзін за адным, не пасунуўшы пры гэтым астатніх.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛІЯ,

рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.

А.В.Лоў.

Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДАЎ (Анатоль Канстанцінавіч) (11.5. 1855, С.-Пецярбург — 28.8.1914),

рускі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1878, клас М.Рымскага-Корсакава), з 1878 выкладаў у ёй (з 1886 праф.). Прадстаўнік «Новай рус. муз. школы», чл. Бяляеўскага гуртка (з пач. 1880-х г.). Выступаў як дырыжор у «Рускіх сімфанічных канцэртах» і інш. Яго яскрава нац. ў сваёй аснове музыка роднасная музыцы М.Глінкі, А.Барадзіна, Рымскага-Корсакава. Асн. жанр творчасці — мініяцюра (сімфанічная, фп., вакальная). У фп. творах арганічна пераўтвораны некаторыя рысы музыкі Ф.Шапэна, Р.Шумана, у сімф. творах з характэрным багаццем тэмбравага каларыту вызначыўся прынцып камернага сімфанізму. Аўтар апрацовак (больш за 200) і складальнік зборнікаў рус. нар. песень. Сярод твораў: для аркестра — «Баба Яга» (1904), «Восем рускіх народных песень» (1906), «Чароўнае возера», «Пачвара» (абедзве 1909), «Танец амазонкі» (1910), «Журботная песня» (1914); камерна-інстр. ансамблі; для фп. — «Бірулькі» (14 п’ес, 1876), «Арабескі» (1878), «Пра даўніну» (1889), «Баркарола» (1898); хары, рамансы, 18 дзіцячых песень на нар. словы (1887—90).

Літ.:

Михайлов М. А.К.Лядов: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1985.

А.К.Лядаў.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)