Бяссонніца 2/318, 533, 566
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССО́ННІЦА інсамія, агрыпнія, парушэнне начнога сну. Выяўляецца цяжкім засынаннем, частым на працягу ночы або раннім абуджэннем ці поўным знікненнем глыбокага сну. Прычыны бяссоніцы: няўстойлівасць сну з дзяцінства (спадчынная, ад некаторых перанесеных у дзяцінстве хвароб), парушэнні ўмоў і дынамічнага стэрэатыпу сну (начная работа, дзённае фіз. і псіхічнае ператамленне, познія заняткі, нязвыклае месца для сну і інш.), хваробы нерв. сістэмы, траўмы галаўнога мозга, змены біялагічных рытмаў і фізіял. працэсаў у арганізме пры пераходзе ў сталы і старэчы ўзрост. Бяссонніца — абавязковы сімптом некаторых хвароб, напр. алкагалізму, цяжкіх неўрозаў і псіхозаў. Лячэнне: правільны рэжым працы і адпачынку, заняткі фізкультурай, водныя працэдуры, заспакаяльныя і снатворныя сродкі.
т. 3, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНГІВІ́Т
(ад лац. gingiva дзясна + ...іт),
запаленне дзясны. Бывае лакальны, генералізаваны, востры, хранічны або як вынік агульных захворванняў стрававальнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Найчасцей сустракаецца гінгівіт катаральны (кроватачывасць дзясен пры ядзе і чыстцы зубоў). Гіпертрафічны гінгівіт праяўляецца як разрастанне дзясны вакол верхніх і ніжніх франтальных зубоў. Язвавы гінгівіт (дзясна ўкрываецца болькамі светла-шэрага ці жаўтаватага колеру) рэзка балючы. Пры генералізаваным гінгівіце пагаршаецца агульны стан хворага, павышаецца т-ра цела, узнікаюць галаўны боль, слабасць, бяссонніца, парушэнне апетыту, гніласны пах з рота і інш. Лячэнне накіравана на ліквідацыю асн. захворвання.
т. 5, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ ГАРА́ЧКА,
алкагольны дэлірый, найбольш частая форма вострых алкагольных псіхозаў. Узнікае пасля чарговага запою або калі раптоўна спыняюць прыём алкаголю. Пачынаецца з таго, што хворы дрэнна спіць, бачыць пакутлівыя сны, палахлівы. Пазней з’яўляюцца бяссонніца, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі. Хворым бачацца пачвары, чэрці, насякомыя, пацукі, мышы. Парушаецца свядомасць. Такія хворыя небяспечныя для сябе і тых, хто іх акружае. Іншы раз павышаюцца т-ра і крывяны ціск, дрыжаць рукі. Стан пагаршаецца пад вечар. Хвароба цягнецца 3—9 дзён, пасля чаго хворы звычайна ачуньвае. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
т. 3, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУШНЫ́ ТЫФ,
вострая інфекц. хвароба чалавека з групы кішачных. Суправаджаецца пашкоджаннем лімфатычнага апарату і тонкага кішэчніка, бактэрыяльнай інтаксікацыяй, ліхаманкай, высыпкай. Узбуджальнік (палачка брушнога тыфу) трапляе ў арганізм з ежай, вадой, кантактна-быт. шляхам. Пасля інкубацыйнага перыяду (10—14 дзён) з’яўляюцца слабасць, дрыжыкі, страта апетыту, галаўны боль, бяссонніца, высокая т-ра, трызненне (тыфозны стан), затрымліваецца стул. На 8—9-ы дзень на скуры з’яўляецца высыпка — дробныя ружовыя кропкі, павялічваецца печань і селязёнка, назіраюцца парушэнні дзейнасці цэнтр. нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, кішэчніка, органаў дыхання. Ускладненні: кішачны крывацёк, прарыў сценкі кішэчніка, перытаніт. Пасля хваробы выпрацоўваецца ўстойлівы імунітэт. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 3, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫ-БЕ́РЫ
(ад сінгальскага beri слабасць),
авітаміноз B1, полінеўрыт аліментарны, хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем перыферычных нерваў, сардэчна-сасудзістай сістэмы і ацёкамі ад недастатковага паступлення ў арганізм вітаміну B1 (тыяміну) ці парушэння яго абмену. Першасны B1-авітаміноз сустракаецца ў краінах Паўд. і Усх. Азіі, дзе насельніцтва харчуецца ў асн. паліраваным рысам, у якім мала тыяміну і інш. вітамінаў групы B. Другасны B1-авітаміноз бывае ад парушэння ўсмоктвання, засваення і абмену тыяміну пры хранічных хваробах тонкай кішкі (калі выключаны з ежы грубыя сарты хлеба, крупы, боб і інш.), пры паскораным разбурэнні ці павышаным выкарыстанні вітамінаў групы B (пры тырэатаксікозе, алкагалізме, цяжарнасці і кармленні грудзьмі, цяжкай фіз. працы, рабоце пры нізкай або высокай тэмпературы).
Адрозніваюць 3 формы хваробы. Сухая (атрафічная) форма з пераважным пашкоджаннем перыферычных нерваў (слабасць і парушэнні адчувальнасці пераважна ніжніх канечнасцяў, атрафія мышцаў), вострая (вільготная) з пераважным пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы (агульная слабасць, бяссонніца, галаўны боль, перабоі сэрца, ацёкі і інш.), дзіцячая (у асн. груднога ўзросту), калі маці хварэюць на гэтую хваробу і ў малацэ адсутнічае тыямін (адмаўленне дзіцяці ад грудзей, страта ў масе, агульны неспакой, цяжкае дыханне, асіпласць голасу). Лячэнне: вял. дозы тыяміну ўнутр і ў выглядзе ін’екцый.
Г.Г.Шанько.
т. 3, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЦЭЛЁЗ
(ад прозвішча англ. ўрача Д.Бруса, які адкрыў бруцэлы),
інфекцыйна-алергічная хвароба чалавека і жывёл. Суправаджаецца ліхаманкай, пашкоджаннем рэтыкула-эпітэліяльнай, сасудзістай, нерв. і інш. сістэм, найчасцей — апорна-рухальнага апарату. Адносіцца да заанозных інфекцый, гал. крыніца якіх дробная і буйн. раг. жывёла, свінні, а таксама коні, вярблюды, сабакі, кошкі і інш. Чалавек можа заразіцца ад хворай жывёлы, ад інфіцыраваных прадуктаў (сырых малочных, мясных і інш.). У арганізм бруцэлы (узбуджальнікі бруцэлёзу) трапляюць праз слізістыя абалонкі стрававальнага тракту і дыхальных шляхоў, пашкоджаную скуру.
Інкубацыйны перыяд бруцэлёзу 2—3 тыдні. Тэмпература цела павышаецца да 39—40 °C, бывае і субфебрыльная. Першыя прыкметы хваробы — дыфузнае павелічэнне лімфатычных вузлоў і патлівасць, страта апетыту, сухасць у роце, абложаны язык, запоры, змены ў печані і селязёнцы. Пры пашкоджанні палавых органаў у мужчын узнікаюць архіты і эпідыдыміты, у жанчын — парушэнне менструальнага цыкла, выкідышы. Пры пашкоджанні нерв. сістэмы з’яўляюцца ўзрушанасць, эйфарыя, бяссонніца. У перыяд рэмісіі захоўваецца слабасць у мышцах, адынамія, цягнучы боль у канечнасцях, дыфузны разліты боль у мышцах, касцях, суставах. Пры хранічным бруцэлёзе дамінуюць ачаговыя пашкоджанні ўнутр. органаў і нерв. сістэмы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, сан.-курортнае.
У арганізм жывёлы ўзбуджальнік найчасцей трапляе з кормам і вадой, а таксама праз слізістыя абалонкі і скуру. Свінні і авечкі найчасцей заражаюцца палавым шляхам. Інфекцыя можа распаўсюдзіцца ад чалавека, які даглядае жывёлу.
П.Л.Новікаў.
т. 3, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)