МНАГАКРА́ТНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, якая паўтараецца ў вершы 5 і больш разоў запар. Асабліва характэрна для ўсх. паэзіі. Трапляецца і ў бел. паэзіі, для спалучэння тых радкоў твора, у якіх разгорнута адна вобразная думка:

І мне наканаваны бой З другімі і самім сабой
Бой з тупасцю. як пень, тупой,
Бой з чэрствасцю, як час, скупой.
Бой з крывадушнасцю любой.
Бяскроўны, ды смяротны бой.
Бой нерваў, сэрца перабой,
Калі нібы перад табой
Такі, як ты, ды не такі,
А пустазвоны-мастакі.
(А.​Лойка. «...І мне наканаваны бой»).

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭРЫЯ́ЛЬНЫ ЦІСК,

ціск крыві ўнутры аорты і буйных артэрый. Узнікае ад нагнятальнай дзейнасці сэрца, супраціўлення сасудаў і абумоўлены гідрастатычнымі сіламі. Найб. супраціўленне цёку крыві ў аорце і артэрыях. Артэрыяльны ціск у перыяд скарачэння (сісталы) жалудачкаў сэрца наз. сісталічным, у час расслаблення (дыясталы) — дыясталічным. Вымяраецца ў мм рт. сл. Макс. ўзроўню (верхні) дасягае ў перыяд скарачэння (сісталы), мінім. (ніжні) — у час расслаблення (дыясталы). Велічыня артэрыяльнага ціску залежыць ад віду жывёл, стану сэрца і сасудаў, колькасці крыві, узросту, індывід. асаблівасцяў арганізма і інш. У буйных артэрыях чалавека сісталічны ціск у норме складае 110—130, а дыясталічны — 60—80 мм рт. сл. З узростам артэрыяльны ціск крыху павышаецца. Існуюць 2 метады вымярэння артэрыяльнага ціску: прамы (крывавы) і ўскосны (бяскроўны) з дапамогай спец. прыладаў.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна ведаў, якая вывучае геаграфію гіст. мінулага асобных краін або тэрыторый. Мае непасрэдныя сувязі з гісторыяй, археалогіяй, тапанімікай, з’яўляецца навук. базай картаграфіі гістарычнай. У фізічнай геаграфіі вывучае прыродныя ўмовы, іх змены і ўплыў на гіст. працэс; у эканамічнай — асваенне чалавекам розных тэрыторый, станаўленне і развіццё гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін; у палітычнай — фарміраванне тэрыторыі дзяржаў, адм.-тэр. падзелу, месцазнаходжанне стараж. населеных пунктаў, месцы гіст. падзей, маршруты ваен. паходаў і інш.; у раздзеле насельніцтва — міграцыі, размяшчэнне народаў, колькасны і нац. склад.

Метад спалучэння геаграфіі з гісторыяй вядомы з далёкай старажытнасці (Герадот, Страбон, Пталамей), пазней — у араб. географаў і гісторыкаў, у стараж. летапісах і хроніках Усх. Еўропы. У Расіі геаграфія гістарычная звязана з імем В. М.Тацішчава. У 19 — пач. 20 ст. ў гэтай галіне працавалі М.​П.​Барсаў, Я.​Я.​Замыслоўскі, М.К.Любаўскі (для гісторыі Беларусі) і інш. Пра бел. землі ў сярэдневякоўі пісалі С.​Старавольскі і М.​Цойлер, у эпоху асветніцтва — Т.​Вага і А.​Бюшынг. Спец. працы з сістэматызаваным падыходам да пытанняў геаграфіі гістарычнай ВКЛ і Рэчы Паспалітай стваралі ў 19 ст. М.Балінскі, Я.Тышкевіч, І.Лялевель, З.Глогер. Гэты перыяд завяршыў фундаментальны шматтомны «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» (1880—90). У СССР гал. кірункі паліт. геаграфіі распрацоўваў В.К.Яцунскі. Яго ідэі развівалі Л.​Р.​Бяскроўны, Л.​А.​Гольдэнберг, Ф.​А.​Шыбанаў, І.​П.​Шастольскі, В.​С.​Жэкулін. Асобныя моманты геаграфіі гістарычнай Беларусі раскрыты ў працах Я.Ф.Карскага, У.І.Пічэты, У.М.Ігнатоўскага і інш. Бел. вучоныя распрацоўваюць таксама пытанні этнічнай гісторыі насельніцтва Беларусі, гіст.-геагр. метады даследавання ў археалогіі і тапаніміцы (В.​В.​Сядоў, В.​А.​Жучкевіч). Курс геаграфіі гістарычнай выкладаюць на гіст. факультэтах ун-таў і пед. ін-таў; пры аддзеле спец. гіст. навук Ін-та гісторыі АН Беларусі ў 1992 створана група па геаграфіі гістарычнай і картаграфіі.

Літ.:

Яцунский В.К. Историческая география: История ее возникновения и развития в XIV—XVIII вв. М., 1955;

Жучкевич В.А. Дорога и водные пути Белоруссии: Ист.-геогр. очерки. Мн., 1977;

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991;

Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 5, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)