Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К, губа авечая,
хрушч (Albatrellus ovinus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду альбатрэлус сям. скутыгеравых. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі трапляецца ў хвойных лясах (пераважна ў старых ельніках). Расце групамі, зросткамі і адзіночна.
Шапка дыям. 5—10 см, пукатая, потым пляскатая, гладкая або слабатрэшчынаваталускаватая, белая, часта са светла-жоўтымі плямамі. Мякаць шчыльная, сырападобная, белая або крыху жаўтаватая, з грыбным пахам і смакам, пры высыханні жаўцее. Ножка даўж. 3—4 см, аднаго колеру з шапкай. У маладым узросце ядомы грыб (спажываецца свежы, сушаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — чэрв. 1794),
вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.—ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА́ЯЦ-БЯЛЯ́К»
(«Schneehase»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш.акупац. улад супраць партызан і насельніцтва Расонска-Асвейскай партыз. зоны Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 28.1—13.2.1943 сіламі 4 палкоў 201-й ахоўнай дывізіі, паліцэйскага палка і шэрагу мясц. гарнізонаў пры падтрымцы 281-й ахоўнай і 391-й вучэбна-палявой дывізій з мэтай прыціснуць партызан да чыг. Полацк—Ідрыца (праходзіла праз Расоны, цяпер не існуе) і знішчыць сустрэчным ударам з боку воз. Асвейскае. Ім процістаялі 1, 3, 5-я Калінінскія і Дрысенская брыгады, З атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партыз. і інш. атрады брыгад Асвейскай, Расонскай і «Спартак». Пасля працяглых баёў партызаны 11 лют. перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лют. выбілі ворага з тэр. Расонскага р-на. У ходзе аперацыі «З.-б.» карнікі загубілі 877 чал. (па няпоўных звестках) мясц. насельніцтва, у т. л. разам з жыхарамі знішчылі вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўё, Плігаўкі, Ражнова (не аднавіліся) і інш. Як рэванш за няўдачу, гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі — «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙЦЫ́ (Lepus),
род млекакормячых сям. зайцавых атр. зайцападобных. Каля 23 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Афрыцы. Найб. вядомыя З.: бяляк (L. timidus), русак (L. europaeus), талай (L. tolai). На Беларусі 2 віды: бяляк і русак.
Даўж. да 75 см, маса да 7 кг. Заднія канечнасці звычайна значна даўжэйшыя за пярэднія. Вушы доўгія, хвост кароткі. Размнажаюцца да 5 разоў за год. Дзіцяняты (2—8) нараджаюцца відушчыя, укрытыя поўсцю, здольныя адразу бегаць. Кормяцца травяністай расліннасцю, карой, пупышкамі, галінкамі дрэў і кустоў, сенам і інш. Аб’екты палявання.
Зайцы: 1 — бяляк, 2 — русак, 3 — талай (а — летам; б — зімой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРА́НКА,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму рэк Нёман і Уша. Пл. 3107 га.
Асн. ч. займае тарфяное радовішча Воўчае балота. На астатняй тэрыторыі рэльеф спадзісты, на краявых участках сярэднеўзвышаны, месцамі перасечаны рэкамі, лагчынамі, ярамі. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя. Ельнікі, беразнякі, чорнаалешнікі; участкі дубу, клёну. Травяністыя расліны купальнік горны, кураслеп лясны, лінея паўночная, сон лугавы, валжанка двухдомная, шалфей лугавы занесены ў Чырв. кнігу. У фауне: лось, алень, казуля, дзік, заяц русак і бяляк, куніца, ліс, андатра, норка, выдра, глушэц, цецярук; барсук, сіпуха, пустальга звычайная, бусел чорны і чайка малая занесены ў Чырв. кнігу.