Бялградскі універсітэт 1/32

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1793 БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1739. Падпісаны 29 вер. ў Бялградзе паміж Расіяй і Турцыяй, завяршыў руска-турэцкую вайну 1735—39. Паводле дагавора за Расіяй замацавана права на Азоў, Запарожжа, землі паміж Паўд. Бугам і Северскім Данцом. За Турцыяй засталіся Сербія і Малая Валахія. Вялікая і Малая Кабарда прызнаваліся нейтральнымі. Расіі забаранялася трымаць флот на Азоўскім і Чорным морах, гандаль на Чорным м. яна магла весці толькі на тур. караблях. Умовы міру не адпавядалі поспехам рус. войск і не вырашалі гал. задачы рус. дыпламатыі — атрыманне выхаду да Чорнага м. Ануляваны Кючук-Кайнарджыйскім мірам 1774.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛО́ШАВІЧ (Слабадан) (н. 20.8.1941, г. Пажаравац, Сербія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Скончыў Бялградскі ун-т (1964). З 1966 у гар. адміністрацыі Бялграда, прам-сці і сістэме фінансаў, у т. л. старшыня Аб’яднанага банка Бялграда. З 1984 старшыня Бялградскага к-та Саюза камуністаў Югаславіі, з 1986 — чл. ЦК, Прэзідыума ЦК СКЮ, старшыня Прэзідыума ЦК Саюза камуністаў Сербіі. Заснавальнік і лідэр (з 1990) Сацыяліст. партыі Сербіі. Старшыня Прэзідыума (1989—90), прэзідэнт Сербіі (1990—95). Прэзідэнт Югаславіі (з 1996). Праводзіць палітыку ўмацавання дзярж. адзінства Югаславіі, узначальваў барацьбу супраць агрэсіі НАТО і бамбардзіровак Югаславіі (сак.чэрв. 1999).

І.​А.​Чарота.

С.Мілошавіч.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮЧУ́К-КАЙНАРДЖЫ́ЙСКІ МІР 1774.

Заключаны паміж Расіяй і Турцыяй 21.7.1774 у в. Кючук-Кайнарджа (каля г. Сілістра, Балгарыя). Завяршыў рус.-тур. вайну 1768—74. Ануляваў Бялградскі мірны дагавор 1739. Устанавіў граніцу Расіі на Паўн.-Зах. Каўказе па р. Кубань, прызнаў незалежнасць Крымскага ханства ад Асманскай імперыі, права рас. гандл. караблёў бесперашкодна плаваць па Чорным м. і праходзіць праз пралівы Басфор і Дарданелы, далучэнне да Рас. імперыі чарнаморскага ўзбярэжжа з крэпасцямі Керч, Енікале (побач з Керчу), Кінбурн, захаванне ў складзе Расіі Вял. і Малой Кабарды, аўтаномію княстваў Малдовы і Валахіі і пераход іх пад апеку Расіі. Паводле сакрэтнага дадатку да дагавора Турцыя абавязалася выплаціць Расіі 4,5 млн. руб. кантрыбуцыі.

т. 9, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ (Ілья Мікалаевіч) (25.4.1904, с. Наталіна Пензенскай вобл., Расія — 24.4.1969),

рускі літаратуразнавец і перакладчык. Скончыў Бялградскі ун-т (1925). З 1920 у эміграцыі. З 1955 у СССР, працаваў у Ін-це сусв. л-ры імя А.​М.​Горкага АН СССР. Пісаў вершы, перакладаў з лац., франц., італьян., сербскахарвацкай моў. Даследаваў творчасць Дантэ, узаемасувязі еўрап. л-р, сербскі эпас, гісторыю і тэорыю вершаскладання. У манаграфіі «Італьянскае Адраджэнне і славянскія літаратуры XV—XVI ст.» (1963) паказаў вял. ўклад слав. народаў у гуманіст. культуру еўрап. Адраджэння. У працы «Гуманізм ва ўсходніх славян (Украіна і Беларусь)» (1963) сцвердзіў думку аб важнай ролі Беларусі і Украіны ў агульнаеўрап. культурных узаемасувязях эпохі Адраджэння і барока.

Тв.:

Славянские литературы. М., 1973.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ІЧКАВІЧ (Стэван) (н. 5.7.1928, Нерасніца, Сербія),

сербскі пісьменнік, перакладчык. Правадз. чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1981). Скончыў Бялградскі ун-т (1952). Працаваў на радыё, у 1959—81 у выд-ве «Асвета». Друкуецца з 1945. Найб. вядомы як паэт-лірык (зб-кі «Дзяцінствы», 1950, «Песня цішыні», 1952, «Балада пра адвячорак», 1955, «Каменная калыханка», 1963, «Запісы пра чорнага Уладзіміра», 1971, «Кола для катавання», 1981 і інш.). Аўтар паэмы «Выпадковыя мемуары» (1978), кніг эсэ «Нататкі пра паэзію» (1978), «Інтымныя карты» (1985). Піша для дзяцей, перакладае на сербскахарвацкую мову бел., англ., італьян., рус., укр. паэтаў. Укладальнік анталогіі «Славянскія рыфмы» (1976), у якой змешчаны ў яго перакладзе 5 вершаў Я.​Купалы. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў Н.​Гілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Па камянях, як па зорах: Выбр. старонкі сучаснай югасл. паэзіі. Мн., 1981;

У кн.: Гілевіч Н. Роднасць: Выбр. пер. са слав. паэтаў. Мн., 1983;

У кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;

Рус. пер. — Стихи. М., 1979.

І.​А.​Чарота.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАВІЧ (Дзесанка) (16.5.1898, Рабравіца, каля г. Валева, Сербія — 11.2.1993),

сербская пісьменніца. Акад. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1965). Скончыла Бялградскі ун-т (1924). Дэбютавала ў 1920. Ранняй лірыцы (зб-кі «Вершы», 1924; «Зялёны віцязь», 1930; «Баль на лузе», 1932) уласціва цэльнасць светаадчування, увасобленая праз глыбокія і шчырыя пачуцці і выказаная тонка, натуральна і проста. У паэзіі пазней шага часу (зб-кі «Паэт і родны край», 1946; «Водар зямлі», 1955; «Прашу памілавання», 1964, «Не маю больш часу», 1973; «Слова пра любоў», 1984; «Бузіновая дудка», 1993) узмацніліся грамадз. матывы; асн. тэмы твораў — гіст. лёс народа і Айчыны. Аўтар раманаў «Адчыненае акно» (1954), «Не забыцца» (1969), зб-каў апавяданняў, кніг для дзяцей, перакладаў. На бел. мову асобныя яе вершы перакладалі Э.​Агняцвет, Н.​Гілевіч, Я.​Сіпакоў, І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Па камянях, як па зорах: Выбр. старонкі сучаснай югасл. паэзіі. Мн., 1981;

У кн.: Ідзе Кастрычнік па зямлі. Мн., 1987;

У кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1971;

Избранное. М., 1977;

Слово о любви. М., 1988.

І.​А.​Чарота.

т. 9, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 16—18 ст.,

войны паміж аўстрыйскімі Габсбургамі і Асманскай імперыяй гал. ч. за паўн. частку Балканскага п-ва і тэр. Венгерскага каралеўства. Паводле мірнага дагавору 1533, якім завяршылася вайна 1532—33, да Аўстрыі адышлі землі на З і ПнЗ Венг. каралеўства. У выніку вайны 1540—47 Венг. каралеўства было расчлянёна на некалькі частак: зах. і паўн. — пад уладай Габсбургаў, цэнтр. — пад кіраўніцтвам намеснікаў султана і ўсх., дзе правіцелямі былі тур. васалы. Войны 1551—62 і 1566—68 з-за Трансільваніі не прывялі да істотных тэр. змен. Вайна 1592—1606 вызваліла Аўстрыю ад штогадовай даніны тур. султану. Пасля вайны 1660—64 тур. войскі выведзены з Трансільваніі, але ўлада султана захавалася. У войнах 1683—99 і 1716—18 Асманская імперыя пацярпела паражэнне ад антытурэцкай кааліцыі (Аўстрыя, Польшча, Венецыя, з 1686 і Расія), панесла буйныя тэр. страты (гл. ў арт. Карлавіцкі кангрэс 1698—99, Пажаравацкія мірныя дагаворы 1718). У выніку вайны 1737—39 Аўстрыя вярнула Турцыі землі ў Сербіі і Валахіі (Бялградскі мір 1.9.1739), пасля вайны 1788—90 (сепаратны Сістаўскі дагавор 1791) усе занятыя Аўстрыяй тэрыторыі, за выключэннем крэпасці Хоцін з акругай, вернуты Турцыі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́ШЫЧ (Браніслаў) (сапр. Нуша Алкібіяд; 8.10.1864, г. Смедарава, Сербія — 19.1.1938),

сербскі пісьменнік, драматург. Правадз. чл. Сербскай АН і мастацтваў (з 1933). Скончыў Бялградскі ун-т. Дырэктар т-раў у гарадах Нові-Сад, Скоп’е, Сараева. Літ. дзейнасць пачаў у 1883 камедыяй «Народны дэпутат» (паст. 1896). Найб. вядомыя камедыі: «Падазроная асоба» (нап. 1887, паст. 1923), «Звычайны чалавек» (паст. 1899), «Пані міністэрша» (нап. і паст. 1929), «Д-р» (1936), «Нябожчык» (1937). Аўтар гумарыстычнага рамана «Дзіця абшчыны» (1902), зб. апавяд. «Рамазанскія вечары» (1898), аповесці «Аўтабіяграфія» (1924), нарысаў, успамінаў. На бел. сцэне паводле камедый Н. пастаўлены спектаклі «Пані міністэрша» (1956, Бел. т-р імя Я.​Купалы), «Доктар» (1956, Дзярж. рус. драм. т-р і Гродзенскі абл. драм. т-р), «Доктар філасофіі» (1956, Гомельскі абл. драм. т-р; 1972, Бел. т-р імя Я.​Коласа), «Звычайны чалавек» (1966, Брэсцкі абл. драм. т-р). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Астрэйка, А.​Грэцкі, Л.​Самасейка, І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — Аўтабіяграфія. Мн., 1985;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Комедии. М., 1956;

Ослиная скамья: Фельетоны, рассказы. М.; Л., 1964;

Автобиография. М., 1972;

Дитя общины: Избранное. М., 1975.

Літ.:

Жуков Д.А. Бранислав Нушич. М., 1972;

Бранислав Нушич: Биобиблиогр. указ. М., 1965.

І.​А.​Чарота, Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВІЧ (Міларад) (н. 15.10.1929, Бялград),

сербскі пісьменнік, гісторык л-ры. Акад. Сербскай АН і мастацтваў (з 1989). Д-р філал. н. (1966). Скончыў Бялградскі ун-т (1957). Ў 1967—89 праф. Нові-Садскага і Бялградскага ун-таў. Пачынаў як паэт (зб-кі «Палімпсесты», 1967; «Месяцаў камень», 1971), потым выступіў як празаік-навеліст з нетрадыц. тэматыкай (кнігі апавяд. «Коні святога Марка», 1976; «Душы купаюцца апошні раз», 1982; аўтабіягр. кн. «Шкляны смоўж», 1998). Сусв. вядомасць прынёс неардынарны па змесце і форме раман «Хазарскі слоўнік» (1984). Аўтар «Невялікага начнога рамана» (1981), іранічнага рамана-прытчы «Пейзаж, напісаны чаем» (1988), гіст.-парадыйнага «Унутраны бок ветру» (1991), літ.-знаўчых даследаванняў, у т. л. «Гісторыя сербскай літаратуры перыяду барока, XVII і XVIII ст.» (1970), «Моўная памяць і паэтычная форма: Агляды» (1976), «Нараджэнне новай сербскай літаратуры» (1983), «Гісторыя, саслоўе і стыль» (1985) і інш. На бел. мову асобныя вершы П. пераклаў І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;

Рус. пер. — Пароль. Тайная вечеря // Набросок сценария со счастливым концом. М., 1984;

Сны недолгой ночи: (Хиландарская повесть) // Современная югославская повесть, 80-е гг. М., 1989;

Шляпа из рыбьей чешуи // Иностр. лит. 1997. № 1;

Последняя любовь в Константинополс // Там жа. № 7;

Хазарский словарь: Роман-лексикон в 100 000 слов: Мужская версия. СПб., 1999;

Внутренняя сторона ветра: Роман о Геро и Леандре. СПб., 1999.

І.​А.​Чарота.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)