БЭ́ЛЗА Ігар Фёдаравіч

(8.2.1904, г. Кельцы, Польшча — 5.1.1994),

музыказнавец, кампазітар, літаратуразнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1954). Засл. дз. маст. Расіі (1974). Ганаровы д-р філасофіі Пражскага ун-та (1967), варшаўскай Муз. акадэміі (1986). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1925, клас Б.Ляташынскага), выкладаў у ёй (з 1936 праф.) і ў Маскоўскай кансерваторыі. Музыказнавец-славіст, даследаваў пераважна польск. і чэш. музыку. Аўтар больш як 350 навук. прац, у т. л. кн. пра М.Шыманоўскую, Ф.Шапэна, М.К.Агінскага, А.Скрабіна, А.Пушкіна, А.Міцкевіча. Сярод муз. твораў: 4 сімфоніі; аркестравыя, камерныя і фп. п’есы; рамансы; хары; музыка да кінафільмаў і інш.

Тв.:

История польской музыкальной культуры. Т. 1—3. М., 1954—72;

История чешской музыкальной культуры. Т. 1—2. М., 73;

О славянской музыке: Избр. работы. М., 1963;

О музыкантах XX в.: Избр. очерки. М., 1979;

Исторические судьбы романтизма и музыка;

Очерки. М., 1985;

Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бэлза И. Ф. 1/72; 4/176; 5/444; 7/523; 8/512; 9/612; 11/275, 294

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЭ́Р Рэйнгольд Морыцавіч

(11.1.1875, Кіеў — 23.6.1956),

савецкі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900). З 1913 праф. (з 1914 дырэктар) Кіеўскай, з 1920 Маскоўскай кансерваторый. У сваёй творчасці прадаўжаў традыцыі рус. муз. класікі (лініі эпічнага сімфанізму). Аўтар 5 опер, якія мелі вял. значэнне для развіцця муз. культуры Азербайджана і Узбекістана (у т. л. «Шахсенем», 1927; «Лейлі і Меджнун», 1940, і «Гюльсара», 1949, абедзве з Т.Садыкавым). З 7 яго балетаў асабліва значныя «Чырвоны мак» (паст. 1927, пазней «Чырвоная кветка»; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паст. 1933 і 1950), «Медны коннік» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Тарас Бульба» (1952), «Дачка Кастыліі» (1955). Аўтар праграмных сімф. твораў, у т. л. 3-я сімфонія «Ілья Мурамец» (1911), сімф. карціна «Запарожцы» (1921), паэма «Запавет» (1929), канцэртаў, у т. л. для арфы (1938) і каларатурнага сапрана (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) з аркестрам, інстр. ансамбляў (за 4-ы квартэт Дзярж. прэмія СССР 1948), п’еса для фп., скрыпкі, віяланчэлі з фп., рамансаў і песень, музыкі да драм. спектакляў. Старшыня Усерас. т-ва драматургаў і кампазітараў (1924—30).

Літ.:

Бэлза И. Р.М.Глиэр. М., 1962;

Р.М.Глиэр: Статьи. Воспоминания. Материалы. Т. 1—2. М.; Л., 1965—67;

Гулинская З.К. Р.М.Глиэр. М., 1986.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ Міхал Клеафас

(7.10.1765, Гузаў каля Варшавы — 15.10.1833),

дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. З роду Агінскіх. З 1789 надзвычайны пасол у Галандыі, выконваў дыпламат. місію ў Лондане. У 1791 у Магілёве прысягнуў Кацярыне II, чым захаваў маёнткі ва ўсх. Беларусі. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 эмігрыраваў у Прусію, яго маёнткі былі канфіскаваны; вяртанне на радзіму і зварот маёмасці былі абумоўлены яго ўступленнем у канфедэрацыю. Дэпутат Чатырохгадовага (1788—92) і Гродзенскага (1793) соймаў. У 1793—94 падскарбі вял. літоўскі. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літ. рады. Сфарміраваў на свае сродкі батальён стралкоў і камандаваў ім у некалькіх бітвах. У жн. 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс). Змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля задушэння паўстання жыў у Вене, Венецыі, Парыжы. У 1802 вярнуўся ў свой маёнтак Залессе каля Смаргоні. У 1810 атрымаў званне сенатара. Прапанаваў імператару Аляксандру І праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі (гл. Агінскага план 1811). Пасля адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1823 жыў у Італіі. Вядомы як кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў Ю.Казлоўскага, на скрыпцы — у Дж.Б.Віёці. Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 1790-я г. стварэннем маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794. Аўтар папулярных паланэзаў, у т. л. паланэза ля-мінор «Развітанне з Радзімай», фп. п’ес, рамансаў, адметных лірызмам, меладычнасцю, нар.-песеннымі традыцыямі, а таксама аднаактовай оперы «Зеліс і Валькур, або Банапарт у Каіры» на ўласнае лібрэта (1799). Агінскаму належаць трактат «Лісты пра музыку» (1828, выд. на польск. мове ў 1956), «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (т. 1—4, 1826—27, на франц. мове).

Літ.:

Бэлза И. Михал Клеофас Огиньский. 2 изд. М., 1974.

А.А.Саламаха.

Міхал Клеафас Агінскі.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВО́РЖАК (Dvořák) Антанін

(8.9.1841, в. Нелагазевес, каля Прагі — 1.5.1904),

чэшскі кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік (разам з Б.Сметанам) чэш. муз. класікі, стваральнік нац. сімфоніі. Чл. Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1890). Вучыўся ў Пражскай школе арганістаў (1857—59). У 1862—73 альтыст у аркестры Часовага т-ра, у 1873—77 царк. арганіст у Празе. Выступаў як дырыжор з выкананнем уласных твораў у Вялікабрытаніі, Расіі. З 1891 праф. Пражскай кансерваторыі (з 1901 яе кіраўнік). У 1892—95 у ЗША, праф. і дырэктар кансерваторыі ў Нью-Йорку, дзе перабудаваў сістэму муз. навучання. Амер. ўражанні адлюстраваў у сімфоніі «3 Новага Свету» (1893) і інш. творах, у якіх на аснове своеасаблівага індывід. стылю ўзнавіў характар і некат. інтанацыйныя асаблівасці негрыцянскага і індзейскага муз. фальклору. Д. развіваў нац. традыцыі і зацвердзіў сусв. значэнне чэш. музыкі. Яго творы адметныя меладычным багаццем, разнастайнасцю рытму і гармоніі, маляўнічасцю інструментоўкі, стройнасцю формы. Жанравыя і рытмаінтанацыйныя асаблівасці чэш. і мараўскага муз. фальклору найб. выявіліся ў камічнай оперы «Кароль і вугальшчык» (1871), патрыятычным гімне «Нашчадкі Белай Гары» (1872), вак. «Мараўскіх дуэтах» (1875—81), асабліва ў «Славянскіх танцах» (1878—87) і «Славянскіх рапсодыях» (1878).

Гіст. мінуламу Чэхіі і нац.-вызв. імкненням народа прысвечаны араторыя «Святая Людміла» (1886), «Гусіцкая уверцюра» (1883), музыка да драм. спектакляў. Яго оперы складаюць аснову нац. муз.-тэатр. рэпертуару: «Ванда» (1876), «Чорт і Кача» (1899), «Русалка» (1901) і інш. Найб. каштоўны ўклад у сусв. муз. культуру — яго 9 сімфоній (1865—93), якія заклалі фундамент нац. сімфанізму, канцэрты для скрыпкі (1880) і для віяланчэлі (2-і, 1895) з аркестрам. З інш. твораў: сімф. паэмы «Вадзяны», «Паўдзённіца» (абедзве 1896), камерна-інстр., у т.л. 12 стр. квартэтаў, 3 квінтэты, фп. трыо «Думкі» (1891), фп. мініяцюры; для хору з арк. «Stabat Mater», Псалм 149, Імша, Рэквіем, Te Deum і інш. Сярод вучняў Д.: І.Сук, О.Недбал, В.Новак.

Літ.:

Бэлза И. Антонин Дворжак М.; Л., 1949;

Антонин Дворжак: Сб. ст. М., 1967;

Гулинская З.К. Антонин Дворжак. М., 1973;

Егорова В.Н. Симфонии Дворжака. М., 1979;

Burghauser J. A. Dvořák. Praha, 1985.

А.Дворжак.

т. 6, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)