КАСМАЧО́Ў (Канстанцін Міхайлавіч) (7.5.1911, в. Мікуліна Руднянскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 4.8.1992),

бел. жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). У 1948—57 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у гіст. жанры і пейзажы: «Першая зелень», «Бэзавы май», «Раўбічы ў кастрычніку», «На Вячы», «Вясна прыйшла», «Бацькоўскі дом. Мікуліна», «Мікулінскія ўзгоркі», «Белавежская пушча», «Верасень», «Рабіны» (усе 1966—76). Аўтар твораў, прысвечаных помнікам стараж. архітэктуры Беларусі («Нясвіж. Замак», «Мірскі замак», «Слуцкая брама», усе 1967; «Ускраіна Лагойска», 1968; «Белая вежа. Сакавік», 1974) і Расіі («Пскоў. Грымучая вежа», «Масква. Крэмль», «Загорск. Троіцкі сабор», усе 1968). Сярод графічных работ аўтапартрэт, партрэты маці (усе 1969), дзяўчыны (1981), Я.Коласа (1983) і інш.

Літ.:

Ганчароў М.І. Касмачоў К.М. Мн., 1970;

Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979.

К.Касмачоў. Белая вежа. Сакавік. 1974.

т. 8, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ШАК (Vicia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 11 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя гарошкі: валасісты — V. hirsuta, вузкалісты — V. angustifolia, кашубскі — V. cassubica, мышыны — V. cracca, зараснікавы — V. dumetorum, гарохападобны — V. pisiformis, плотавы — V. sepium, лясны — V. sylvatica, танкалісты — V. tenuifolia, чатырохнасенны — V. tetrasperma і 4 інтрадукаваныя (гарошак буйнакветны — V. grandiflora, нарбонскі — V. narbonensis, панонскі — V. pannonica, пацеркападобны, або франц. сачавіца, — V. ervilla) віды. Дзікарослыя віды трапляюцца ў лясах, на лугах, у хмызняках, уздоўж дарог, на пустках, у населеных мясцінах і як пустазелле; інтрадукаваныя вырошчваюць ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі і на доследных дзялянках. Да культ. відаў гарошку адносіцца і віка. Да роду гарошку іншы раз адносяць боб.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны са слабым узыходным, ляжачым, зрэдку прамастойным галінастым сцяблом Лісце парнаперыстаскладанае, з прылісткамі, вусікамі ці шчацінкамі. Кветкі адзіночныя або па 2—3 у пазухах лісця ці ў гронкападобных суквеццях. Вяночак рознага колеру (найчасцей сіні, фіялетавы, блакітны, пурпурны, бэзавы). Плод — струк на ножцы, лінейны ці падоўжаны, шматнасенны. Каштоўныя кармавыя, зернефуражныя, лек. меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды – пустазелле.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́Ч (Iris),

род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 250 відаў і 30 тыс. сартоў, якія ўзніклі ў выніку скрыжавання шэрагу відаў, аб’яднаных пад назвай К. гібрыднага садовага (I. hybrida hort). Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. Трапляюцца ў стэпах, утвараюць касачовыя стэпы. На Беларусі 3 дзікарослыя віды К.: бязлісты (I. aphylla); сібірскі (I. sibirica, нар. назвы дзікія агуркі, калацец), абодва занесены ў Чырв. кнігу; жоўты (I. pseudacorus, нар. назвы косіца, кошыц, касарыкі, вужачкі). Трапляюцца па хмызняках у рачной пойме, на заліўных лугах, ускрайках балот. Сарты К. гібрыднага садовага: Крысмес Тайм (белы), Блю Сапфаер (блакітны), Уан Дэзайр (ружовы), Віта Файр (чырв.), Лаймлайт (жоўты), Аметыст Флейм (бэзавы), Вебеш (двухколерны) і інш.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з адзіночнымі або некалькімі сцёбламі-кветаносамі выш. 30—150 см. Лісце лінейна- ці ланцэтна-мечападобнае, часта па 5—10 (12) лістоў у веерападобным прыкаранёвым пучку. Кветкі буйныя, правільныя, з доўгай трубкай і 6-раздзельным вяночкападобным яркаафарбаваным адгінам. Для К. характэрна пратэрандрыя. Плод — 3-гранная каробачка. Фарбавальная і лек. расліна. З карэнішчаў некат. К. атрымліваюць духмянае рэчыва ірон для парфумерыі. Адзін з найб. папулярных дэкар. мнагалетнікаў, вядомы ў культуры з пач. 17 ст.

Касачы.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)