ГУКАПЕРАЙМА́ННЕ, анаматапея,
1) у мовазнаўстве ўмоўная імітацыя тых ці іншых гукаў рэчаіснасці фанет. сродкамі пэўнай мовы (напр.: «ква-ква», «мяў», «цік-так»). Умоўнасць выяўляецца ў тым, што адно і тое ж гучанне ў кожнай мове перадаецца па-свойму: па-беларуску певень крычыць «кукарэку», па-англійску cock-a-doodle-doo. Карэнныя гукапераймальнікі-выклічнікі з’яўляюцца асновай ўтварэння шматлікіх слоў у мове, у першую чаргу дзеясловаў: «кукарэку < кукарэкаць < кукарэканне», «бух < бухаць < буханне < выбух < выбухны» і г.д. 2) У паэзіі імітацыя з дапамогай гукаў мовы тых ці іншых прыродных гукаў. Дасягаецца і назапашваннем гукапераймальных слоў, і падборам слоў з аднароднымі, блізкімі гукамі. Інструментоўка на асобныя (перш за ўсё зычныя) гукі можа асацыятыўна ўзнаўляць свіст, грукат грому, шум і рокат вадаспаду: «У горных жорнах перацёрты, // Па схіле, як па латаку, // Паток ссыпаўся, распасцёрты, // І ніцма падаў у раку» (М.Лужанін).
А.І.Падлужны (у мовазнаўстве).
т. 5, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРУ́ЦКІЯ І САЛДА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
адзін з відаў нар. пазаабрадавай сацыяльна-быт. лірыкі. Узніклі ў 18—19 ст. пасля ўвядзення рэкруцкай павіннасці (у 1705 у Расіі, на Беларусі — пасля далучэння яе да Расіі ў канцы 18 ст.). Больш цесна, чым інш. віды і жанры бел. нар. лірыкі, звязаны з рэчаіснасцю і адлюстроўваюць рэальныя гіст. падзеі і з’явы. У іх адлюстраваны ўсе этапы набору ў рэкруты і служба ў царскім войску: развітанне з бацькамі, жонкай, нявестай, горкая доля навабранца, муштра ў царскай арміі, цяжкія паходы і трагічны лёс рэкрута. Ёсць у іх і пратэст супраць прымусовай службы і войнаў, сац. няроўнасці і несправядлівасці пры наборы. Найб. поўна бел. Р. і с.п. сабраў М.Федароўскі.
Р. і с.п. багатыя сімволікай і псіхал. паралелізмам: многія песні пачынаюцца з апісання змрочных малюнкаў прыроды, прасякнутых прадчуваннем бяды, трагічнага лёсу героя; маці рэкрута ў вобразе зязюлі прылятае на месца прыёму і жаласна просіць забраць усё, але вярнуць дадому сына, якога чакае «салдацкімі слязьмі злітая» дарога. Смуткам прасякнуты песні пра расстанне жонкі або нявесты з каханым, асабліва тыя, дзе расказваецца пра смерць салдата. Для Р. і с.п. характэрны выразныя эпітэты («конь вараны», «воран чорны»), метафары («наступіла цёмна хмара», «зямліца стагнала»), антытэзы («лепей дома цэпам бухаць, чым у войску муштры слухаць», «лепей дома хлеб аўсяны, чым на вайне пытляваны») і інш. маст. сродкі. Як і казацкія песні, Р. і с.п. ў асноўным харавыя, шматгалосыя мужчынскія. Мелодыі і характар выканання іх вельмі разнастайны (паходныя і страявыя песні пераважна маршавыя).
Публ.: Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Лірычныя песні. Мн., 1976; Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 4 выд. Мн., 1996.
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;
Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982;
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968.
Г.А.Пятроўская.
т. 13, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)