БУ́ФЕРНАЯ БАТАРЭ́Я,

акумулятарная батарэя, што ўключаецца ў ланцуг паралельна інш. крыніцы (генератар, выпрамляльнік) пастаяннага току для супольнага сілкавання нагрузкі (у т. л. як рэзервовая крыніца). Прызначана для кампенсацыі змен напружання і сілы току асн. крыніцы сілкавання ў час найб. нагрузак і перапынкаў у рабоце. Выкарыстоўваецца на аўта- і чыг. транспарце, сістэмах сувязі і інш.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФЕРНАЯ ЗО́НА,

прыродная тэрыторыя, прылеглая да асабліва ахоўнай (запаведнік, нац. парк і інш.) тэрыторыі, на якой часткова абмяжоўваецца гасп. дзейнасць. Ствараецца з мэтаю лепшай аховы ці падтрымання больш устойлівай экалагічнай раўнавагі на асн. ахоўнай тэр., для змяншэння ўздзеяння на запаведны рэжым антрапагенных фактараў (эксплуатацыя прыродных рэсурсаў, прамысл. і жыллёвага буд-ва, строга рэгламентуюцца паляванне і рыбная лоўля). Асаблівае значэнне мае прадухіленне ўздзеяння на асн. ахоўныя тэр. гідрамеліярацыйных і гідратэхн. работ, што вядуцца ў верхніх участках басейнаў рэк, якія цякуць праз запаведнікі ці закранаюць рэжым падземных вод на іх тэрыторыі.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,

асабліва ахоўны ўчастак біясферы, амаль не зменены ці слаба зменены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Выкарыстоўваецца як фонавы запаведна-эталонны аб’ект для вывучэння агульнабіясферных, рэгіянальных і лакальных прыродных працэсаў (уключаючы назіранні за іх антрапагеннымі зменамі). Уваходзіць у сістэму глабальнага маніторынгу. Ствараюцца паводле навук. міжнар. праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» для даследавання эвалюцыі экасістэм. У свеце каля 300 біясферных запаведнікаў (1995), якія размешчаны ў найб. характэрных экасістэмах розных біягеаграфічных правінцый.

Прынцыповая схема біясфернага запаведніка складаецца з абсалютна ахоўнай тэр. — ядра, вакол якога вылучаюцца буферная зона, потым зона звычайнага, але строга рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі. Тэарэтычна біясферныя запаведнікі павінны існаваць як прыродныя самарэгулёўныя сістэмы, таму звычайна займаюць вял. плошчы (дзесяткі тысяч квадратных кіламетраў) і экалагічна адасоблены ад суседніх экасістэм. Для геагр. зоны, да якой належыць Беларусь, дапушчальныя плошчы біясферных запаведнікаў 50—100 тыс. га, ідэальная — да 250 тыс. га. З 1978 існуе Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Я.В.Малашэвіч.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)