Опера-буфа 5/126, 178

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЦЭ́ЦІ (Donizetti) Гаэтана

(29.11.1797, г. Бергама, Італія — 8.4.1848),

італьянскі кампазітар. У 1815—17 вучыўся ў Балонскім муз. ліцэі. У 1839—40 і пазней працаваў у Парыжы, дзе пастаўлены многія з яго опер, у 1840-я г. таксама ў Аўстрыі (з 1842 аўстр. прыдворны кампазітар). У 1834—39 праф. кансерваторыі ў Неапалі (з 1837 дырэктар). Асн. частку творчай спадчыны Д., майстра стылю бельканта, складаюць усе жанравыя разнавіднасці італьян. оперы (опера-буфа, опера-камік, лірыка-драм. і рамант. оперы, сац.-псіхал. меладрамы і інш.), яны насычаны выразнымі, лёгка запамінальнымі мелодыямі, эфектнымі арыямі, вылучаюцца яркай тэатральнасцю. Сярод найб. папулярных опер «Любоўны напітак» (1832) і «Дон Паскуале» (1843), адзін з лепшых узораў оперы-буфа, адзначаны невычарпальным дасціпным гумарам, жыццярадаснасцю, мяккім лірызмам.

Сярод інш. твораў: оперы «Пётр Вялікі, цар рускі, або Лівонскі цясляр» (1819), «Дон Грэгорыо» (1824), «Ганна Балейн» (1830), «Лукрэцыя Борджа» (1833), «Лючыя ды Ламермур» (1835), «Паліеўкт» (1838), «Марыя ды Роган» (1843), араторыі, кантаты, 16 сімфоній, камерна-інстр., вак. творы.

Літ.:

Донати-Петтени Дж. Гаэтано Доницетти: Пер. с итал. Л., 1980.

Помнік Г.Данідэці ў касцёле Санта-Марыя ў Бергама.

т. 6, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ДЭ́ШНЕР,

першы пастаянны тэатр у Гродне. Існаваў у 1802—09. Арганізатар і антрэпрэнёр польская актрыса С.Дэшнер. Напачатку кіравала т-рам на парытэтных асновах з артыстам і антрэпрэнёрам Я.Шыманскім, іх трупы ігралі папераменна, у 1803 аб’ядналіся. У 1806 (пасля смерці Дэшнер) т-р узначаліў Шыманскі. У рэпертуары былі франц. камічныя оперы і італьян. опера-буфа, муз.-сцэнічныя пастаноўкі польскіх кампазітараў, драм. творы.

Літ.:

Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 252—255;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 229—230, 237.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́ПІ (Galuppi; празваны Буранела; Buranello) Бальдасарэ

(18.10.1706, в-аў Бурана, каля г. Венецыя, Італія — 3.1.1785),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі «Інкурабілі» ў Венецыі. У 1761—85 яе дырэктар і капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. У 1765—68 прыдворны капельмайстар у Пецярбургу. Адзін з буйнейшых майстроў опер-буфа, у т. л. на лібрэта К.Гальдоні «Святло месяца» (1750), «Вясковы філосаф» (1754). Аўтар опер-серыя, у т. л. «Пакінутая Дыдона» (1741), «Кароль-пастух» (1758), для Пецярбургскай сцэны — «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1768) з акрэсленымі рэфарматарскімі тэндэнцыямі. Сярод інш. твораў: араторыі, кантаты, царк. музыка, інстр. творы, у т. л. клавірныя санаты з рысамі раннекласічнай санатнай формы.

Літ.:

Крунтяева Т. Бальтассаре Галуппи // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в. Л., 1981.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДН (Haydn) Франц Іозеф

(31.3.1732, Рораў, цяпер г. Брук-ан-дэр-Лайта, Аўстрыя — 31.5.1809),

аўстрыйскі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1791), чл. Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1798), ганаровы чл. Філарманічнага т-ва ў Пецярбургу (1808). Пач. муз. адукацыю атрымаў у І.М.Франка ў г. Гайнбург. У 1740—49 спяваў у хоры сабора св. Стэфана ў Вене, удасканальваў ігру на клавіры, скрыпцы, аргане. У 1753—56 акампаніятар у італьян. кампазітара Н.Порпары, вывучаў кампазіцыю. У 1761—90 капельмайстар князёў Эстэрхазі. У 1792 вучыўся ў Л.Бетховена ў Вене. У 1791—92 і 1794—95 у Лондане. У творчасці Гайдна сфарміраваліся класічныя жанры (сімфонія, саната, канцэрт для інструментаў з арк., квартэт), формы (у т. л. санатная форма і санатна-сімф. цыкл), прынцыпы тэматычнага развіцця, класічны склад аркестра (т.зв. двайны). Яго музыцы ўласцівы аптыміст. тонус, шматграннасць зместу, кампазіцыйная стройнасць, шырыня фалькл. сувязей (аўстр., ням., венг., слав. ўплывы). Раннія квартэты і сімфоніі блізкія да бытавых сюітных жанраў. У творах пач. 1770-х г. прасочваюцца лірыка-драм. тэндэнцыі («Жалобная сімфонія», «Развітальная сімфонія», абедзве 1772; квартэты 1771—72 і інш.). Пераломныя ў яго творчасці т.зв. «Рускія квартэты» (1781), дзе аформіўся класічны інстр. стыль, які дасягнуў росквіту ў 6 «Парыжскіх» (1785—86) і 12 «Лонданскіх» (1791—95) сімфоніях. У канцы 1790 — пач. 1800-х г. стварыў лепшыя вак.-сімф. творы, у т. л. араторыі «Стварэнне свету» (1798) і «Поры года» (1801). Сярод інш. твораў: 24 оперы, у т. л. зінгшпіль «Крывы д’ябал» (1753), оперы-серыя «Ацыс і Галатэя» (1763), «Арміда» (1784), оперы-буфа «Аптэкар» (1768), «Святло месяца» (1777), «Сапраўднае пастаянства» (1779), героіка-камічная «Раланд-паладзін» (1782); араторыі, у т. л. «Сем слоў збавіцеля на крыжы» (1796) і інш.; 14 мес («Нельсан-меса», 1798, «Меса Тэрэзія», 1799, «Harmoniemesse», 1802); кантаты; 2 «Те Deum»; «Stabat mater» і інш. духоўныя творы; 104 сімфоніі; уверцюры, танцы, маршы; больш за 30 канцэртаў для інструментаў з арк.; дывертысменты, струнныя квартэты, у т. л. 6 «Сонечных» (1772), 6 «Рускіх» (1781), 6 «Прускіх» (1787); трыо, дуэты; творы для фп., для голасу з фп. і інш.

Літ.:

Кремлев Ю.А. Йосеф Гайдн: Очерк жизни и творчества. М., 1972;

Seeger Н. J.Haydn. Leipzig, 1961;

Geiringer К. Haydn: a creative life in music. 3 ed. Berkeley, 1982;

J.Haydn: Berichte über den Internationalen Kongress. München, 1986.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)